адм.-тэр. адзінка ў БССР у 1940—56. Утвораны 15.1.1940 у Брэсцкай вобл. Цэнтр — г.п.Дамачава. Пл. 0,5 тыс.га. 12.10.1940 падзелены на 7 сельсаветаў. Скасаваны 17.12.1956, тэр. перададзена ў Брэсцкі раён.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДАМА́ЧАЎСКІ СТРОЙ,
традыцыйны комплекс бел.нар. адзення ў Зах. Палессі. Быў пашыраны ў ваколіцах г.п. Дамачава, паўд.-зах. частцы Брэсцкага і Маларыцкага р-наў (уздоўж р. Буг), на тэр. Польшчы (ваколіцы г. Уладава) і ў паўн.-зах. раёнах Валынскай вобл. Украіны.
Жаночы касцюм складаўся з кашулі, спадніцы-рабака, фартуха, гарсэта, галаўнога ўбору. Кашуля мела шырокі адкладны каўнер, вышыты па краях. Аздаблялася малінавым з украпаннямі чорнага арнаментам гладкіх і пункцірных палос на плечавой устаўцы, верхняй і ніжняй частцы рукава. Ніжні ўзорысты шляк рукава дамінаваў над верхнімі палосамі арнаментам зорак, крыжыкаў, зігзагаў і інш. Спадніца і фартух (1-полкавы) шыліся з аднолькавай па якасці і каларыстычна-арнаментальным вырашэнні даматканай паўшарсцяной ці льняной тканіны, прасаваліся ў буйныя складкі. Усё поле спадніцы запаўнялі чырвоныя, зялёныя, белыя, блакітныя, чорныя падоўжныя ці папярочныя палосы. Неад’емнай часткай касцюма дзяцей, дзяўчат і падлеткаў быў гарсэт (гарсэт-безрукаўка і гарсэт з рукавамі — кабат). Жаночыя гарсэты шылі з блакітнай тонкай шэрсці фабрычнага вырабу, спераду багата аздаблялі рознакаляровымі тасёмкамі, стужкамі, гузікамі, дэкар. строчкай. Прасцей былі гарсэты з валенага (лямцаванага) даматканага сукна цёмна-карычневага колеру. Галаўным уборам замужніх жанчын быў чырвоны каптур (з бакавымі вушкамі і зубцом над ілбом), бачны край якога аздабляўся карункамі, залацістай тасьмой. Паверх каптура накладалі згорнутую ў валік накрухмаленую пярэстую крамную хустку. Мужчыны насілі белую кашулю з стаяча-адкладным каўняром, падперазаную вузкім тканым поясам, карычнева-шэрыя нагавіцы і гарсэт з рукавамі ці без рукавоў (аздабляўся вітым і плеценым коскай рознакаляровым шнурам і тасьмой). На галаву надзявалі саламяныя капелюшы з чорнай стужкай.
М.Ф.Раманюк.
Дамачаўскі строй. Святочныя ўборы дзяўчат і маладых жанчын. 1910-я г. Вёска Чэрск Брэсцкага раёна.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГАРСЭ́Т,
жаночая безрукаўка, састаўная частка бел.нар. касцюма. Лакальныя назвы кабат, шнуроўка, станік. Апраналі паверх кашулі да святочнага ўбору. Шылі гарсэт на падшэўцы (у 19 — пач. 20 ст.спец. краўцы) з даматканых і фабрычных тканін (сацін, шарсцянка, танныя гатункі парчы, аксаміт, тонкае сукно) чорнага, малінавага, фіялетавага, сіняга колераў. Спераду зашпільвалі на гузікі ці гаплікі або зашнуроўвалі. Паводле крою падзяляліся на кароткія (не дасягалі таліі), прамыя, якія нагадвалі ліф (турава-мазырскі, капыльска-клецкі строі); доўгія, прышытыя да спадніцы (краснапольскі, давыд-гарадоцка-тураўскі строі); прыталеныя з адразной баскай у кліны ці фальбоны (дамачаўскі, калінкавіцкі, навагрудскі, ляхавіцкі строі). Упрыгожвалі гарсэт стракатымі пампонамі і мохрыкамі, гузікамі, нашыўкамі і аблямоўкамі з каляровай тасьмы, тканін, скуры, галуна, вышыўкай, узорыстым натыканнем.