ДАМА́ЧАВА,

гарадскі пасёлак у Брэсцкім р-не. За 52 км ад г. Брэст, 3 км ад чыг. ст. Дамачава. 1,2 тыс. ж. (1997).

У 19 ст. мястэчка, цэнтр воласці Брэсцкага пав. У 1897 — 1163 ж. У 1921—39 у Польшчы. З 1939 у БССР, з 1940 гар. пасёлак, цэнтр Дамачаўскага раёна. З 22.6.1941 да 23.7.1944 акупіравана ням.-фаш. захопнікамі, якія загубілі ў Д. і раёне каля 20 тыс. чал. У канцы 1941 фашысты стварылі ў Д. гета і знішчылі больш за 2700 яго вязняў. 23.9.1943 гітлераўцы расстралялі каля в. Ляплёўка 54 дзіцяці дашкольнага і малодшага школьнага ўзросту Дамачаўскага дзіцячага дома разам з іх выхавацельніцай. У ходзе Дамачаўскіх баёў 1943 партызаны разграмілі ў Д. варожы гарнізон. У 1956 Д. ў Брэсцкім р-не.

Прадпрыемствы харч. і мясц. прам-сці. Сярэдняя і муз. школы, Дом культуры, б-ка, бальніца, аптэка, паліклініка, камбінат быт. абслугоўвання, аддз. сувязі. Брацкая магіла сав. воінаў і партызан, магіла ахвяр фашызму. Помнік архітэктуры — царква Святога Лукі (пач. 20 ст.).

т. 6, с. 26

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДАМА́ЧАЎСКІЯ БАІ́ 1943 Адбыліся паміж партызанамі атрадаў імя Варашылава, імя Жукава, брыгады імя Сталіна Брэсцкай вобл. і ням.-фаш. захопнікамі на чыг. ст. і ў г.п. Дамачава Брэсцкага р-на ў Вял. Айч. вайну. У ноч на 23 кастр. партызаны на таварнай станцыі ўзарвалі ўмацаванні гітлераўцаў, разбурылі станцыйнае абсталяванне, спалілі падрыхтаваны для адпраўкі ў Германію эшалон са збожжам і бульбай. 22 ліст. для разгрому варожага гарнізона партызаны перакрылі шашу Брэст—Уладава і дарогі ў суседнія вёскі, агнём паралізавалі праціўніка ў будынку школы і паліцэйскім участку Дамачава, знішчылі памяшканні, захапілі зброю, абмундзіраванне, 200 галоў буйн. раг. жывёлы і харчаванне, нарабаваныя ў насельніцтва.

т. 6, с. 27

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДАМА́ЧАЎСКІ РАЁН,

адм.-тэр. адзінка ў БССР у 1940—56. Утвораны 15.1.1940 у Брэсцкай вобл. Цэнтр — г.п. Дамачава. Пл. 0,5 тыс. га км². 12.10.1940 падзелены на 7 сельсаветаў. Скасаваны 17.12.1956, тэр. перададзена ў Брэсцкі раён.

т. 6, с. 26

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДАМА́ЧАЎСКІ СТРОЙ,

традыцыйны комплекс бел. нар. адзення ў Зах. Палессі. Быў пашыраны ў ваколіцах г.п. Дамачава, паўд.-зах. частцы Брэсцкага і Маларыцкага р-наў (уздоўж р. Буг), на тэр. Польшчы (ваколіцы г. Уладава) і ў паўн.-зах. раёнах Валынскай вобл. Украіны.

Жаночы касцюм складаўся з кашулі, спадніцы-рабака, фартуха, гарсэта, галаўнога ўбору. Кашуля мела шырокі адкладны каўнер, вышыты па краях. Аздаблялася малінавым з украпаннямі чорнага арнаментам гладкіх і пункцірных палос на плечавой устаўцы, верхняй і ніжняй частцы рукава. Ніжні ўзорысты шляк рукава дамінаваў над верхнімі палосамі арнаментам зорак, крыжыкаў, зігзагаў і інш. Спадніца і фартух (1-полкавы) шыліся з аднолькавай па якасці і каларыстычна-арнаментальным вырашэнні даматканай паўшарсцяной ці льняной тканіны, прасаваліся ў буйныя складкі. Усё поле спадніцы запаўнялі чырвоныя, зялёныя, белыя, блакітныя, чорныя падоўжныя ці папярочныя палосы. Неад’емнай часткай касцюма дзяцей, дзяўчат і падлеткаў быў гарсэт (гарсэт-безрукаўка і гарсэт з рукавамі — кабат). Жаночыя гарсэты шылі з блакітнай тонкай шэрсці фабрычнага вырабу, спераду багата аздаблялі рознакаляровымі тасёмкамі, стужкамі, гузікамі, дэкар. строчкай. Прасцей былі гарсэты з валенага (лямцаванага) даматканага сукна цёмна-карычневага колеру. Галаўным уборам замужніх жанчын быў чырвоны каптур (з бакавымі вушкамі і зубцом над ілбом), бачны край якога аздабляўся карункамі, залацістай тасьмой. Паверх каптура накладалі згорнутую ў валік накрухмаленую пярэстую крамную хустку. Мужчыны насілі белую кашулю з стаяча-адкладным каўняром, падперазаную вузкім тканым поясам, карычнева-шэрыя нагавіцы і гарсэт з рукавамі ці без рукавоў (аздабляўся вітым і плеценым коскай рознакаляровым шнурам і тасьмой). На галаву надзявалі саламяныя капелюшы з чорнай стужкай.

М.​Ф.​Раманюк.

Дамачаўскі строй. Святочныя ўборы дзяўчат і маладых жанчын. 1910-я г. Вёска Чэрск Брэсцкага раёна.

т. 6, с. 26

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛЮ́БЛІН-БРЭ́СЦКАЯ АПЕРА́ЦЫЯ 1944,

наступальная аперацыя войск 1-га Бел. фронту (Маршал Сав. Саюза К.​К.​Ракасоўскі) 18 ліп. — 2 жн. ў Вял. Айч. вайну; састаўная частка стратэг. Беларускай аперацыі 1944. Удзельнічалі арміі 8-я гвардз., 28, 47, 48, 61, 65, 69, 70, 1-я Войска Польскага, 6-я і 16-я паветр., 2-я танкавая і некалькі карпусоў. Мэта аперацыі: ударамі левага крыла фронту ў абыход Брэсцкага ўмацаванага раёна з Пд і Пн разграміць люблінскую і брэсцкую групоўкі праціўніка і выйсці шырокім фронтам да р. Вісла. Сав. войскам процістаялі асн. сілы ням. 2-й палявой, частка сіл 4-й танк. армій, 9-я палявая армія. У выніку перагрупоўкі войск на напрамку гал. ўдару была дасягнута перавага сав. сіл над праціўнікам: па асабовым складзе ў 3 разы, па артылерыі і танках у 5 разоў, было больш самалётаў. Ужо ў першы дзень аперацыі вызвалена Жабінка, 20 ліп. — Кобрын і Маларыта, 22 ліп. — Камянец, 23 ліп.Дамачава, 24 ліп. — Люблін, 28 ліп. — Брэст і Высокае. Поспеху Л.-Б.а. садзейнічала наступальная Львоўска-Сандамірская аперацыя 1944 1-га Укр. фронту, якая пачалася 13 ліп., а таксама ўдзел у баях партыз. падраздзяленняў, у т. л. брыгады імя Леніна. 31 ліп. сав. танкі выйшлі да Прагі — прадмесця Варшавы на правым беразе Віслы. З 28 ліп. да 2 жн. 8-я гвардз. і 69-я сав. арміі фарсіравалі на Пд ад Варшавы Віслу і захапілі плацдармы на яе зах. беразе ў раёнах Мангушава і Пулавы. У выніку аперацыі войскі 1-га Бел. фронту завяршылі вызваленне Беларусі ад акупантаў, выйшлі на тэр. Польшчы і стварылі ўмовы для наступлення на варшаўска-берлінскім напрамку. 47 вайск. злучэнням і часцям прысвоены ганаровыя найменні «Брэсцкіх», 12 — «Кобрынскіх», 16 — «Люблінскіх», 9 — «Ковельскіх». У гонар войск 1-га Бел. фронту ў Брэсце пастаўлены помнік.

т. 9, с. 397

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БРЭ́СЦКІ РАЁН,

на ПдЗ Брэсцкай вобл. Беларусі. Утвораны 15.1.1940 (у сучасных межах з 1950). Пл. 1,6 тыс. км². Нас. 41,5 тыс. чал. (1996), гарадскога 31,1%. Сярэдняя шчыльн. 26 чал/км². Цэнтр — г. Брэст; г.п. Дамачава, 148 сельскіх нас. пунктаў. Падзяляецца на 11 сельсаветаў: Гершонскі, Знаменскі, Клейнікаўскі, Лышчыцкі, Матыкальскі, Мухавецкі, Радваніцкі, Тамашоўскі, Тэльмінскі, Чарнаўчыцкі, Чэрнінскі.

Большая частка тэр. раёна ў межах Брэсцкага Палесся, невял. паўн. частка — на Прыбугскай раўніне. Пераважаюць выш. 130—150 м, найвыш. пункт 186,1 м (каля в. Заполле). Карысныя выкапні: торф, гліна, буд. пяскі, мел. Сярэдняя т-ра студз. -4,4 °C, ліп. 18,8 °C. Ападкаў 548 мм за год. Вегетац. перыяд 208 сут. Найб. рака — Зах. Буг з прытокамі Лясная, Мухавец, Спанаўка, Серадовая Рэчка, Капаёўка. Мухавец уваходзіць у сістэму Дняпроўка-Бугскага воднага шляху. Значныя азёры: Селяхоўскае, Рагазнянскае, Белае, Мяднянскае, Сажалка Таварная. Пераважаюць дзярнова-падзолістыя, дзярнова-падзолістыя забалочаныя, поймавыя (алювіяльныя), дзярновыя і дзярнова-карбанатныя забалочаныя глебы. Пад лясамі 36,5% тэр. раёна, у асн. лясы хваёвыя, чорнаальховыя, бярозавыя (буйныя масівы — Тэльмінскі, Мухавецкі, Белаазерскі і інш.); пад балотамі 3,1% пл. раёна. Біялагічны заказнік Селяхі. Помнікі прыроды — Мяднянскія ельнікі, Лютаўскія букі.

Агульная плошча с.-г. угоддзяў 73,5 тыс. га, з іх асушана 23,9 тыс. га. На 1.1.1995 у раёне 12 калгасаў, 8 саўгасаў, птушкафабрыка. Асн. галіны сельскай гаспадаркі — малочна-мясная жывёлагадоўля (буйн. раг. жывёла, свінагадоўля, авечкагадоўля, конегадоўля), буракаводства. Вырошчваюць збожжавыя, кармавыя культуры, бульбу, агародніну. Прадпрыемствы харч. і буд. матэрыялаў прам-сці. Па тэр. раёна праходзяць чыгункі на Беласток (Польшча), Ковель (Украіна), а таксама на Баранавічы, Лунінец і Тамашоўку, аўтамаб. дарогі на Баранавічы, Пінск, Камянец, Маларыту. На 1995 у раёне 15 сярэдніх, 14 базавых і 3 пач. школы, школа-інтэрнат, 18 дашкольных устаноў, 3 школы-сады, 30 клубаў, 42 б-кі, 6 бальніц, 6 амбулаторый, 22 фельч.-ак. пункты. Помнікі архітэктуры: царква Ушэсця (1899) у в. Велямовічы, Крыжаўзвіжанская царква 19 ст. ў в. Вістычы, крапасны форт № 5 (1878—88) у в. Гершоны, Ільінская царква канца 18 — пач. 19 ст. ў в. Дубок, царква Параскевы Пятніцы і званіца (1610) у в. Збірагі, сядзіба (1875) у в. Малыя Зводы, Пакроўская царква (1742) у в. Шчытнікі Малыя, Пакроўская царква (1739) у в. Покры, сядзіба Нямцэвічаў 2-й пал. 18 ст. ў в. Скокі, сядзібны дом канца 19 — пач. 20 ст. і царква 2-й пал. 19 ст. ў в. Сычы, Троіцкі касцёл (1583) і царква Параскевы Пятніцы (1733) у в. Церабунь, Міхайлаўская царква і званіца (1701) у в. Чэрск, Праабражэнская царква (1609) у в. Шумакі, Прачысценская царква (1793) у в. Шэбрын. Музей касманаўтыкі (з раздзеламі пра ўраджэнца раёна лётчыка-касманаўта П.​І.​Клімука) у в. Тамашоўка. Выдаецца газ. «Заря над Бугом».

т. 3, с. 299

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)