ДА́ЛЬТАНА ЗАКО́НЫ,

1) адзін з асноўных газавых законаў, паводле якога ціск сумесі газаў, якія хімічна не ўзаемадзейнічаюць паміж сабой, роўны суме парцыяльных ціскаў. Строга выконваецца для ідэальных газаў, набліжана — для рэальных газаў пры значэннях т-р і ціскаў, далёкіх ад крытычных.

2) Закон растваральнасці газаў у вадкасцях, паводле якога пры пастаяннай т-ры растваральнасць кожнага з кампанентаў газавай сумесі над вадкасцю прапарцыянальная яго парцыяльнаму ціску. Кожны газ раствараецца так, як быццам астатніх кампанентаў няма. Набліжана прыдатны для рэальных газаў пры ўмове невял. канцэнтрацыі газу ў растворы. Д.з. адкрыты Дж.Дальтанам у 1801 і 1803.

т. 6, с. 22

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПАРЦЫЯ́ЛЬНЫ ЦІСК,

ціск газу, які ўваходзіць у склад газавай сумесі, пры ўмове, што ён адзін займае ўвесь аб’ём сумесі і мае т-ру сумесі. Выкарыстоўваецца для разлікаў параметраў сумесей ідэальных газаў (гл. Дальтана законы).

т. 12, с. 148

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДА́ЛЬТАН, Долтан (Dalton) Джон (6.9.1766, Іглсфілд, каля г. Уэркінгтан, Вялікабрытанія — 27.7.1844), англійскі хімік і фізік, стваральнік хім. атамістыкі. Чл. Лонданскага каралеўскага т-ва (1822). Адукацыю атрымаў самастойна. У 1781—93 выкладаў матэматыку ў школе ў Кендалі, з 1793 — фізіку і матэматыку ў Новым каледжы ў Манчэстэры. Адкрыў кратных адносін закон (1803), газавыя законы, названыя яго імем (гл. Дальтана законы). Прапанаваў і абгрунтаваў тэорыю атамнай будовы. ці хім. атамістыку, якая тлумачыла эмпірычны закон пастаянства саставу. Аўтар працы «Новая сістэма хімічнай філасофіі» (т. 1—2, 1808—27). Апісаў дэфект зроку, што атрымаў назву дальтанізм.

Літ.:

Крицман В.А. Роберт Бойль, Джон Дальтон, Амедео Авогадро. Создатели атомно-молекулярного учения в химии. М., 1976.

т. 6, с. 22

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)