Дальва (в.) 11/39, 613

Беларуская Савецкая Энцыклапедыя (1969—76, паказальнікі; правапіс да 2008 г., часткова)

ДА́ЛЬВА,

мемарыяльны комплекс на ўшанаванне памяці жыхароў колішняй в. Дальва (Лагойскі р-н), якіх ням.-фаш. захопнікі сагналі ў хату аднаго з жыхароў вёскі В.Кухаронка і спалілі. Створаны ў 1973 (скульпт. У.Церабун, Прэмія Ленінскага камсамола Беларусі 1974). Размешчаны на адкрытай паляне сярод лесу. Каля дарогі камень-валун, на якім высечаны надпіс: «Да 19 чэрвеня 1944 г. тут была в. Дальва. За 10 дзён да вызвалення гітлераўцы жывымі спалілі яе жыхароў». Кампазіцыйным цэнтрам комплексу з’яўляецца пастаўлены на месцы спаленай хаты помнік: фігура маці і хлопчыка на фоне 3 сімвалічных абгарэлых бэлек. Каля помніка бетон ная сцяна з пералікам 44 прозвішчаў тых, хто загінуў. Побач у памяць аб ахвярах пасаджаны 44 бярозкі.

Мемарыяльны комплекс Дальва.

т. 6, с. 21

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

Дальва (мемарыяльны комплекс) 8/514; 11/613

Беларуская Савецкая Энцыклапедыя (1969—76, паказальнікі; правапіс да 2008 г., часткова)

ЛАНДША́ФТНАЯ АРХІТЭ́КТУРА,

мастацтва гарманічна спалучаць прыродныя і створаныя чалавекам элементы ландшафту; галіна архітэктуры і горадабудаўніцтва. Уключае садова-паркавае мастацтва і азеляненне. Задачы Л.а.: вырашэнне ландшафтных пытанняў буйнога тэр. маштабу ў праектах і схемах раённай планіроўкі, фарміраванне водна-зялёных сістэм населеных месцаў, арг-цыя здаровага і прыгожага асяроддзя, жылых вытв. і рэкрэацыйных утварэнняў, эстэт. распрацоўка арх. элементаў ландшафту. Л.а. займаецца таксама стварэннем паркаў, садоў, бульвараў. Задачы яе вырашаюцца метадамі ландшафтнага планавання і ландшафтнага дызайну. Найб. важны прынцып сучаснай Л.а. — узаемазвязанае вырашэнне пытанняў аховы і рацыянальнага пераўтварэння прыродных ландшафтаў.

На Беларусі Л.а. як асобная галіна арх. навукі і практыкі вылучылася ў 1960-я г. Распрацаваны схемы асабліва ахоўных ландшафтаў, развіцця і размяшчэння курортаў, месцаў адпачынку, інструкцыя па аднаўленні старадаўніх паркаў — помнікаў садова-паркавага мастацтва, рэкамендацыі па праектаванні рэкрэацыйных сістэм ва ўмовах Беларусі, аднаўленні садова-паркавых комплексаў і інш. Сродкамі Л.а. створаны мемар. (Хатынь, Дальва, Курган Славы ў Смалявіцкім р-не, Зыслаў, урочышча Гай каля г. Баранавічы і інш.) і рэкрэацыйныя (воз. Нарач, Заслаўскае вадасх. і інш.) комплексы, водна-зялёныя сістэмы гарадоў (Мінска, Брэста, Віцебска, Гомеля, Гродна), аўтамаб. дарогі (Мінск—Хатынь, Мінск—Віцебск, Ракаў—Дзяржынава), асобныя арх. аб’екты (спарт. комплекс «Раўбічы» Мінскага р-на). У арг-цыі гар. жыллёвага асяроддзя выяўляюцца тэндэнцыі развіцця ад дробнай квартальнай забудовы з другасным фрагментарным азеляненнем да мікрараёнаў з арган. уключэннем сістэм зялёных насаджэнняў і свабодных маляўнічых арх.-ландшафтных кампазіцый. Л.а. выразна рэалізуецца пры стварэнні новых жылых раёнаў (напр., мікрараёны Зялёны Луг 5, 6 і Усход 1, 2, Серабранка 3, 8, 9, Паўднёвы Захад і інш. ў Мінску; Румлева ў Гродне, Валатава ў Гомелі), пры праектаванні і буд-ве сельскіх населеных месцаў (вёскі Малеч Бярозаўскага, Мышкавічы Кіраўскага, Верцялішкі Гродаенскага р-наў і інш.). Пытанні Л.а. распрацоўваюцца ў Бел. дзярж. НДІП горадабудаўніцтва, ін-тах «Мінскпраект», «Белдзіпрадар», БелНДІдзіпрасельбуд, абл. праектных арг-цыях, Бел. політэхн. акадэміі і тэхнал. ун-це (арх. Э.Афанасьева, І.Рудэнка, А.Сычова, В.Шальнікоўская, І.Шпіт, Б.Юрцін і інш).

Літ.:

Залесская Л.С., Микулина Е.М. Ландшафтная архитектура. 2 изд. М., 1979;

Сычева АВ. Архитектурно-ландшафтная среда: Вопр. охраны и формирования. 2 изд. Мн., 1982;

Яе ж. Ландшафтное проектирование: Учеб. пособие. Ч. 1—2. Мн., 1993.

А.В.Сычова.

Да арт. Ландшафтная архітэктура. Фрагмент Сляпянскай водна-зялёнай сістэмы ў Мінску.
Да арт. Ландшафтная архітэктура. Ландшафт у раёне праспекта Машэрава ў Мінску.
Ландшафтная архітэктура.

т. 9, с. 120

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛАГО́ЙСКІ РАЁН На Пн Мінскай вобл. Утвораны 17.7.1924, канчаткова сфарміраваны 14.8.1979. Пл. 2,4 тыс. км2. Нас. 43,5 тыс. чал. (1998), гарадскога 41%. Сярэдняя шчыльн. 18 чал. на 1 км2. Цэнтр раёна — г. Лагойск. Уключае г.п. Плешчаніцы, 323 сельскія населеныя пункты. Падзяляецца на 16 сельсаветаў: Акалоўскі, Акцябрскі, Астрошыцкі, Бяларуцкі, Гайненскі, Задор’еўскі, Зарэчанскі, Знаменкаўскі, Ізбішчанскі, Каменскі, Крайскі, Лагазінскі, Лагойскі, Нястанавіцкі, Чырванашвабаўскі, Янушкавіцкі і Плешчаніцкі пасялковы Савет.

Раён размешчаны пераважна на Лагойскім узвышшы і Плешчаніцкім узвышшы, паўн.-зах. ўскраіна — на Нарачана-Вілейскай нізіне. Паверхня ўзгорыстая. Пераважаюць выш. 200—250 м, на выш. больш за 250 м — 25% тэрыторыі, найвыш. пункт 333 м (каля в. Вял Бясяды). Карысныя выкапні: торф, пясчана-жвіровы матэрыял, мел. Сярэдняя т-ра студз. -7,1 °C, ліп. 17,6 °C. Ападкаў 631 мм за год. Вегетац. перыяд 188 сутак. Найб. рэкі: Вілія (на мяжы з Вілейскім р-нам) з прытокамі Дзвінаса і Ілія; Гайна з прытокамі Цна і Лагазінка; на Пд вярхоўі р. Вяча. Плешчаніцкае вадасховішча на р. Дзвінаса. Азёры Дзікае і Церахава. Пашыраны глебы дзярнова-падзолістыя (48,2%), дзярнова-падзолістыя забалочаныя (29%), тарфяна-балотныя (16,1%). Пад лесам 54,4%тэр. раёна, з іх 18,2% — штучныя насаджэнні, пераважаюць хваёвыя і яловыя лясы Найб. лясістасць на У. Балоты займаюць 1% тэр. раёна, найб. з іх Чысцік, Крамянец, Антонаўскае балота. Біял. заказнік рэсп. значэння Антонава; біял. мікразаказнікі мясц. значэння Казырскі і Паненская гара; помнікі прыроды мясц. значэння; парк у г. Лагойск, «Лагойская крыніца» ў г. Лагойск, «Паграбішчанскія крыніцы» — абапал ручая Макаўза каля в. Паграбішча. Зоны адпачынку Верасы, Гайна, Лагойшчына, часткова Вілейка.

Агульная пл. с.-г. угоддзяў 90,6 тыс. га, з іх асушаных 23,7 тыс. га. На 1.1.1998 у раёне 26 калгасаў, 18 фермерскіх гаспадарак, птушкафабрыка, аграфірма «Астрошыцы», прадпрыемства па вытв-сці свініны «Лагойскае». Асн. кірункі сельскай гаспадаркі — мяса-малочная жывёлагадоўля, свінагадоўля, птушкагадоўля (вытв-сць яец), развядзенне норак, ільнаводства. Вырошчваюць збожжа, бульбу, кармавыя культуры. У раёне ветсанутыльзавод (вытв-сць мяса-касцявой мукі), малыя прадпрыемствы харч. (сыр, гарэлка), лёгкай (трыкат. вырабы) і буд. матэрыялаў (цэгла) прам-сці. Плешчаніцкая геафізічная абсерваторыя. Асноўныя аўтадарогі на Мінск, Лепель, Смалявічы, Барысаў, Маладзечна, Вілейку. У раёне 24 сярэднія, 9 базавых, 8 пачатковых, 2 муз. школы, прафес.-тэхн. вучылішча, 33 дашкольныя ўстановы, 43 клубы і дамы культуры, 50 б-к, 3 бальніцы, 7 амбулаторый, 30 фельч.-ак. пунктаў. Помнікі архітэктуры: парк (1-я пал. 19 ст.) у г. Лагойск; касцёл (2-я пал. 19 ст.) у в. Амнішава; капліца (2-я пал. 19 ст.пач. 20 ст.) у в. Жардзяжжа; цэрквы (19 ст.) у вёсках Ізбішча і Косіна. Мемар. комплексы Дальва (1973) і Хатынь (1969). Купалы Янкі літаратурнага музея філіял «Акопы» ў в. Харужанцы. Радзіма К.П.Тышкевіча і Я.П.Тышкевіча. Выдаецца газ. «Родны край».

Г.С.Смалякоў.

т. 9, с. 92

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)