ДА́КТЫЛІ,

у старажытнагрэчаскай міфалогіі дэманічныя істоты, спадарожніцы Рэі-Кібелы. Лічылася, што жылі яны на гары Іда ў Фрыгіі. Ім прыпісвалі адкрыццё апрацоўкі жалеза, а таксама заснаванне Алімпійскіх гульняў.

т. 6, с. 13

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГЕКЗА́МЕТР

(ад гекса... + ...метр),

вершаваны памер у антычным вершаскладанні; 6-стопны дактыль з усечанай на адзін склад 6-й стапой. Ва ўсіх стопах, акрамя 5-й, дактылі маглі заменьвацца спандэямі. Цэзура, якая рассякае звычайна 3-ю стапу, падзяляе вершарад на дзве часткі (-◡◡-◡◡-//◡◡-◡◡-◡◡-).

Найб. пашыраны памер антычнай л-ры («Іліяда» і «Адысея» Гамера, паэмы і вершы Феакрыта, Вергілія, Авідзія, Гарацыя і інш.). Выкарыстоўваўся ў паэмах, гімнах, пасланнях, нярэдка спалучаўся з пентаметрам, утвараючы элегічны двуверш.

Памерам гекзаметра шырока карысталіся сярэдневяковыя бел. паэты-лаціністы («Песня пра зубра» М.Гусоўскага). У сілаба-танічным вершаскладанні гекзаметр звычайна перадаецца спалучэннем дактыляў з харэямі і выкарыстоўваецца ў перакладах антычнай паэзіі. У бел. паэзіі імітацыя гекзаметра ёсць у вершы М.Багдановіча «Непагодаю маёвай», у перакладах «Іліяды» Ю.Дрэйзіным, Б.Тарашкевічам, у стылізацыях антычных тэм і інш.

В.П.Рагойша.

т. 5, с. 136

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)