хімічныя рэчывы, якія выкарыстоўваюцца для знішчэння круглых чарвей — паразітаў раслін; клас пестыцыдаў. Н. сістэмнага дзеяння (паглынаюцца раслінай і пашыраюцца па яе тканках) трапляюць у арганізм чарвей з кормам, Н. кантактнага дзеяння (выкарыстоўваюцца звычайна супраць сцябловых і лісцевых нематод пры апырскванні раслін) і Н.-фуміганты (супраць каранёвых нематод пры ўнясенні ў глебу, папярэдняй апрацоўцы пасяўнога ці каранёў пасадачнага матэрыялу — праз покрывы цела чарвяка. Некат. Н. (напр., гетэрафос, карбафуран) дзейнічаюць і як пестыцыды інш. класаў. На Беларусі дазволены для выкарыстання прэпараты Н. (1998): базаміт-гранулят (дазамет), відат (аксаміл), гетэрафос, каўнтэр (тэрбуфос), фурадан (карбафуран). Гл. таксама Антыгельмінтыкі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АМЕРЫКА́НСКІ ФУТБО́Л,
спартыўная гульня. Узнік у канцы 19 ст. ў ЗША на аснове рэгбі і футбола. Гуляюць 2 каманды па 11 чал. (замены па ходу сустрэчы) на працягу 4 квартаў (па 15 хвілін чыстага часу). Гал. мэта — занесці рукамі мяч грушападобнай формы ў заліковую зону і апусціць на зямлю (тачдаўн) або нагой накіраваць мяч у вароты (філдгол). Дазволены сілавыя прыёмы, для гульцоў прадугледжана спец. ахоўная амуніцыя. Найб. развіты ў ЗША, дзе штогод праводзяцца чэмпіянаты сярод прафес. клубаў; культывуецца ў 20 еўрап. краінах. Чэмпіянаты свету з 1967. На Беларусі развіваецца з 1990; клуб «Мінскія зубры» тройчы перамагаў на чэмпіянатах СНД.
М.А.Дубіцкі.
Амерыканскі футбол. Фрагмент гульні з удзелам каманды «Мінскія зубры».
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЗЯЛЁНАЯ ЗО́НА,
тэрыторыя за межамі гарадской лініі, занятая лясамі, лесапаркамі і інш. зялёнымі насаджэннямі. Выконвае ахоўныя і сан.-гігіенічныя функцыі і з’яўляецца месцам адпачынку насельніцтва. Лясы З.з. належаць да лясоў I групы; у іх вылучаюць лесапаркавую частку, дзе дазваляюцца сан. і высечкі догляду, і лесагаспадарчую, дзе дазволены лесааднаўленчыя высечкі. На Беларусі З.з. вылучаюцца паводле пастаноў урада рэспублікі. Першыя створаны ў 1945 вакол гарадоў Асіповічы, Бабруйск, Баранавічы, Барысаў, Брэст, Вілейка, Віцебск, Гомель, Гродна, Ліда, Мазыр, Маладзечна і Мінск. Агульная пл. З.з. склала 1,246 млн.га (1994). Самая вял. вакол Мінска (радыусам да 80 км). Каля абл. цэнтраў З.з. радыусам да 30 км, раённых — 10 км. Праекты З.з. распрацоўваюцца БелНДІ праблем горадабудаўніцтва.
Літ.:
Горохов В.А. Городское зеленое строительство. М., 1991.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЗВЫШУРО́ЧНАЯ РАБО́ТА,
работа, якая выконваецца па распараджэнню або з ведама наймальніка звыш устаноўленай працягласці рабочага часу. З.р., як правіла, не дапускаецца. Працоўнае заканадаўства Рэспублікі Беларусь абмяжоўвае яе і ўстанаўлівае вычарпальны пералік выключных выпадкаў, калі З.р. могуць быць дазволены. Прыцягненне да З.р. дапускаецца толькі са згоды работніка, за выключэннем выпадкаў, прадугледжаных законам або калектыўным дагаворам, пагадненнем. З.р. без згоды работніка дапускаюцца: пры правядзенні работ для прадухілення грамадскага або стыхійнага бедства, вытв. аварыі і неадкладнай ліквідацыі іх вынікаў, папярэджання няшчасных выпадкаў, аказання экстраннай мед. дапамогі работнікамі ўстаноў аховы здароўя, пры правядзенні грамадска неабходных работ па забеспячэнні насельніцтва вадой, асвятленнем, ацяпленнем. сувяззю і да т.п. Пэўныя катэгорыі работнікаў (цяжарныя жанчыны, жанчыны, якія маюць малых дзяцей, непаўналетнія, інваліды, хворыя) да З.р. не дапускаюцца. Працягласць З.р. таксама абмежавана.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АЭРАПО́РТ,
прадпрыемства, якое забяспечвае рэгулярныя перавозкі грузаў, пошты, пасажыраў сродкамі паветранага транспарту. Бывае міжнар., дзяржаўнага (нацыянальнага) і мясц. значэння. Уключае комплекс інж. збудаванняў і тэхн. сродкаў: аэрадром, аэравакзал, ангары, сістэмы кіравання паветр. рухам, радыёнавігацыі і пасадкі лятальных апаратаў (прыводныя радыёстанцыі, радыёлакацыйныя станцыі), метэаралагічнага забеспячэння і інш. Увесь комплекс часам займае тэрыторыю ў некалькі тысяч гектараў (напр., аэрапорт Унукава і Шарамецьева ў Маскве, Арлі ў Парыжы, Кенэдзі ў Нью-Йорку).
Пры буд-ве аэрапорта ўлічваюць зручнасць трансп. сувязяў паміж горадам і аэравакзалам, бяспеку адначасовых палётаў з суседніх аэрадромаў, дазволены ўзровень шумоў на заселеных тэрыторыях і інш. На Беларусі дзейнічаюць міжнар. аэрапорты Мінск-1 і Мінск-2, у Брэсце, Гомелі, Гродне; нацыянальныя і мясцовыя — у абласных цэнтрах, а таксама ў Полацку, Пінску, Мазыры, Салігорску і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЗАКА́ЗНІК,
участак прыроднай тэрыторыі, прызначаны для захавання і аднаўлення аднаго або некалькіх кампанентаў прыроды і падтрымання экалагічнага балансу; адзін з відаў асабліва ахоўных прыродных тэрыторый і аб’ектаў. На тэр. З. пастаянна або часова забаронены ці абмежаваны пэўныя віды гасп. дзейнасці, якія могуць пашкодзіць яго стану (узворванне зямель, асобныя віды лесакарыстання, палявання і рыбалоўства, касьба, выпас жывёлы, збор ягад, пладоў, кветак і інш.), у той жа час у З. могуць быць дазволенысан. высечка лесу, адлоў і адстрэл жывёл з навук. мэтамі, або для рэгулявання іх колькасці, лесапасадкі, рассяленне новых відаў жывёл, лесагасп. і інш. віды работ, турызм. Пл. З. ад некалькіх да сотняў тысяч гектараў, напр., Алма-ацінскі — 800 тыс.га (Казахстан), Верхнекандзенскі — 242 тыс.га і Кірзінскі — 120 тыс.га (Расія), Налібоцкі — 86 тыс.га (Беларусь).
На Беларусі (на 1.1.1998) створана 85 З. рэсп. значэння агульнай пл. 656 тыс.га і больш за 600 мясц. значэння. Асн. віды З.: ландшафтныя заказнікі, біялагічныя заказнікі, гідралагічныя заказнікі і палеанталагічныя. Першы З. — Белавежская пушча, створаны ў 1541 для аховы зуброў, з 1640 у ім забаронена высечка лесу.
Адбылася 22 чэрв. — 20 ліп. ў г. Мантро (Швейцарыя) з удзелам прадстаўнікоў Вялікабрытаніі, Францыі, Японіі, СССР, Турцыі, Балгарыі, Румыніі, Грэцыі, Югаславіі. Склікана па ініцыятыве тур. ўрада для перагляду канвенцыі аб чарнаморскіх пралівах, прынятай на Лазанскай канферэнцыі 1922—23. Пасля дыскусій пераважна паміж прадстаўнікамі Вялікабрытаніі і СССР 20.7.1936 падпісана канвенцыя на 20 гадоў (набыла сілу 9.11.1936, двойчы працягвалася), якая ў асн. дзейнічае і цяпер. Паводле яе Турцыі дадзена права рэмілітарызаваць зону праліваў (Басфор, Дарданелы, Мармуровае м.) і кантраляваць выкананне канвенцыі, дазволены свабодны праход праз пралівы гандл. суднаў усіх краін у мірны і ваен. час, любых ваен. караблёў чарнаморскіх дзяржаў (пасля апавяшчэння тур. улад) і да 9 невял. ваен. караблёў агульным водазмяшчэннем 15 тыс.т нечарнаморскіх дзяржаў у мірны час. Калі Турцыя ваюе або знаходзіцца перад пагрозаю вайны, яна можа дазволіць або забараніць праход праз пралівы любых ваен. суднаў; у час вайны, у якой Турцыя не ўдзельнічае, забараняецца праход праз пралівы ваен. караблёў любой дзяржавы, што ваюе. У 1938 да канвенцыі далучылася Італія.
Кр.: Международное право в документах. 2 изд. М., 1997.
Літ.:
Калинкин Г.Ф. Режим морских пространств. М., 1981.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АБО́РТ (лац. abortus),
спыненне цяжарнасці ў жанчын у першыя 22 тыдні (раней лічылі 28), калі плод яшчэ не здольны да жыцця па-за целам маці. Спыненне цяжарнасці ў больш познія тэрміны (да 38 тыдняў) наз. заўчаснымі родамі. Аборт да 12 тыдняў лічыцца ранні, пасля гэтага тэрміну — позні. Аборт штучны — спыненне цяжарнасці пры дапамозе спец. інструментаў або фармакалагічных сродкаў урачом у мед. установе; дазволены заканадаўствам у большасці краін свету, у т. л. ў Рэспубліцы Беларусь. Штучнае спыненне цяжарнасці па-за бальнічнай установай або без урача лічыцца крымінальным. Самаадвольны аборт (выкідыш) можа быць вынікам уздзеяння генет., эндакрынных, інфекц., сац.-эканам., экалаг., прафес. фактараў і звязаных з гэтым хвароб жанчыны і мужчыны і стварае вял. праблему ў акушэрстве — да 15—20% выкідышаў. У самаадвольным аборце адрозніваюць стадыі: пагражальны аборт, аборт, які пачаўся, аборт няпоўны і поўны. На 2 першых стадыях магчыма захаванне цяжарнасці. Самаадвольны аборт можа ўзнікаць паўторна (прывычны выкідыш), асн. сімптомы: болі ў нізе жывата і ў крыжы, крывяныя выдзяленні, далучаная інфекцыя. Аборт, якому спадарожнічае інфекцыя, наз. інфекцыйны. Любы аборт можа выклікаць ускладненні раннія (крывацёкі, пракол сценкі маткі, пашкоджанні сумежных органаў) і познія (запаленне палавых органаў і брушыны, бясплоднасць, эндакрынныя парушэнні), а таксама смерць жанчыны. Лячэнне аборту на ўсіх стадыях праводзіцца ў стацыянарных умовах.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КІРМА́Ш,
перыядычныя таргі, рынкі тавараў, якія арганізуюцца ў пэўным месцы і ў пэўны час; сезонны продаж тавараў. Паводле складу ўдзельнікаў бываюць мясцовыя, рэгіянальныя, нац., міжнар. і сусветныя; падзяляюцца на універсальныя, шматгаліновыя, спецыялізаваныя (асабліва тэхнічныя). Узніклі пры першабытнаабшчынным ладзе, калі суседнія плямёны сыходзіліся, каб абмяняцца прадуктамі працы. Пашырыліся з развіццём эканам. сувязей паміж гарадамі і краінамі. Прымяркоўваліся да рэліг. свят ці пэўных пораў года, ад якіх часта паходзілі іх назвы (веснавы, асенні і да т.п.). На Беларусі першы К. афіцыйна дазволены ў 1498 у Полацку. Акрамя мясцовага, ён абслугоўваў транзітны гандаль Смаленска з Прыбалтыкай. Замежным купцам дазвалялася гандляваць у бел. гарадах толькі на К., таму яны ператвараліся ў вял. цэнтры міжнар. гандлю. У 15 ст. К. ўзніклі ў Мінску, Оршы, у 16 ст. — у Гродне. У 18 ст. вызначыўся Зэльвенскі К., які абслугоўваў гандл. абарот Гродзенскай губ. і суседніх з ёю ўкр., польскіх, літ. і латв. зямель. На пач. 20 ст. на Беларусі дзейнічала 125 К. з абаротам 1508 тыс.руб. Гандлявалі пераважна лёнам, футрам, воскам, збожжам, мясам, жывёлай, а таксама таварамі, што прывозілі замежныя гандляры. У Расіі ў пач. 20 ст. было 18,5 тыс. К., найб. з іх Ніжагародскі, Ірбіцкі і інш. З развіццём рыначных адносін К. з цэнтраў прывозу буйных партый наяўнага тавару ператварыліся ў К. ўзораў, К.-выстаўкі, на якіх экспанентам дазваляецца паказваць узоры сваёй прадукцыі і заключаць гандл. здзелку ў нац. і міжнар. маштабах. Найбольшыя сучасныя міжнар. К. збіраюцца ў Мілане, Парыжы, Ліёне, Гановеры, Лейпцыгу, Познані, Таронта, Дамаску і інш.
Кірмаш у Слоніме. Пач. 20 ст.Да арт.Кірмаш. На Лейпцыгскім кірмашы.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПРЫВІЛЕ́Й 1447, Казіміраў прывілей,
агульнадзяржаўны заканадаўчы акт ВКЛ, выдадзены вял.кн.Казімірам IV Ягелончыкам у Вільні 2.5.1447. Адзін з асн.дзярж. актаў, які замацаваў шырокія правы баяр ВКЛ у паліт., сац. і эканам. жыцці дзяржавы. Складаецца з 14 артыкулаў. Пацвярджаў асабістую свабоду і недатыкальнасць баяр, гарантаваў, што за правіннасць павінен адказваць толькі сам вінаваты, а не яго жонка, бацька, слуга або інш. баярын. Баярам дазволены выезд за межы дзяржавы «для лепшага набыцця шчасця або ўчынкаў рыцарскіх», але не ў «непрыяцельскую краіну». Пацверджаны прывілеі баярам на маёнткі, выдадзеныя папярэднімі вял. князямі, права на продаж і абмен маёнткаў. П. гарантаваў баярам, што іх маёнткі не будуць канфіскаваны, а пасля смерці баярына яго сыны і дочкі «ад сваёй вотчыны не маюць аддалены быць». У П. зафіксаваны дагавор вял. князя з феадаламі, што ён, як і яны, не будзе прымаць у свае маёнткі збеглых сялян, а вяртаць уцекачоў назад да свайго пана. Адным з гал. палажэнняў П. была перадача вял. князем свайго права судзіць сялян і інш. падданых самім баярам (права судовага імунітэту). З гэтага часу феадал станавіўся адзіным суддзёю сваіх падданых, што вяло да яшчэ большай іх залежнасці і ўрэшце дало магчымасць іх запрыгоніць. П. гарантаваў баярам, што землі і дзярж. пасады ў ВКЛ будуць атрымліваць толькі ўраджэнцы ВКЛ. Такім чынам, П. забараняў пранікненне польскай шляхты ў ВКЛ. Вял. князь таксама ўрачыста абяцаў бараніць незалежнасць дзяржавы і яе тэр. цэласнасць. Напісаны на лац. мове. Меў вял. значэнне ў далейшым юрыд. афармленні правоў феадалаў, некаторыя яго нормы ўвайшлі ў Статуты ВКЛ 1529, 1566 і 1588.