ДАВО́С (Dawos),
горад, горнакліматычны курорт на У Швейцарыі, у Рэтыйскіх Альпах, на выш. больш за 1550 м. Каля 15 тыс. ж. (1994). Цэнтр турызму, зімовых відаў спорту. Познагатычныя касцёлы, ратуша (сярэдзіна 16 ст.). Мяккі горны клімат, малавоблачная зіма спрыяльныя для клімататэрапіі хвароб органаў дыхання (у т. л. туберкулёзу), некат. хвароб скуры, вачэй. Шмат санаторыяў, атэляў, водалячэбніц.
т. 5, с. 565
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КЛІМАТЫ́ЧНЫЯ КУРО́РТЫ,
курорты, на якіх асн. метадам прафілактыкі і лячэння з’яўляецца клімататэрапія. Паводле вызначальных рыс ландшафтаў і клімату як асн. лячэбна-прафілакт. фактару ўмоўна падзяляюцца на раўнінныя, прыморскія, нізка-, сярэдне- і высакагорныя, а ў іх межах — з умераным, кантынент., марскім, трапічным, субтрапічным і інш. кліматам. Умовы кліматалячэння і правядзення лячэбна-аздараўленчых працэдур прадугледжваюць абсталяванне К.к. спец. месцамі і збудаваннямі: кліматапавільёнамі, верандамі і галерэямі для дзённага ці кругласутачнага знаходжання на свежым паветры, аэрарыямі, салярыямі, пляжамі, месцамі для купанняў, маршрутамі для тэрэнкураў і інш. Курорты Беларусі маюць уласцівасці кліматычных. З замежных К.к. найб. вядомыя Паланга (Літва), Юрмала (Латвія), Ленінградская група курортаў, Анапа, Бярдзянск, Сочы, Самацвет і інш. (Расія), Ялта і іншыя курорты Крыма (Украіна), Бакурыяні, Тэберда і іншыя курорты Грузіі, Рыўера (Францыя), Спліт (Харватыя), Борнмут, Брайтан (Вялікабрытанія), Албена, Залатыя Пяскі (Балгарыя), Давос, Лезен (Швейцарыя), Закапанэ (Польшча), Есенік (Чэхія), Атлантык-Сіці, Палм-Біч, Тусон (ЗША) і інш.
Я.В.Малашэвіч.
т. 8, с. 340
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СА́ННЫ СПОРТ,
скарасны спуск на спарт. санках па спец. трасах. Спарт. санкі гібкія, з камбінаванымі (дрэва, метал) палазамі, выш. 15 см, даўж. 124—150 см, шыр. каляі да 45 см. Бываюць 1- і 2-месныя. Спартсмен кіруе санкамі лежачы на спіне, нагрузку на палазы змяняе пры дапамозе нацяжнога рэменя або перамяшчэннем цэнтра цяжару. Трасы штучныя, лядовыя на бетоннай ці драўлянай аснове, даўж. 700—1250 м, з 11—18 віражамі, шыр. лядовага жолаба 1,3—1,5 м, нахіл трасы да 10°.
Узнік у Швейцарыі ў канцы 19 ст. Першыя міжнар. спаборніцтвы адбыліся ў 1883 (г. Давос). Міжнар. аб’яднанне (Саюз) па С.с. ўзнікла ў 1913 (г. Дрэздэн, Германія), Міжнар. федэрацыя С.с. — у 1957. Чэмпіянаты Еўропы праводзяцца з 1914, свету — з 1955. З 1964 спаборніцтвы ўваходзяць у праграму Алімп. гульняў. Найб. развіты С.с. у Аўстрыі, Германіі, Італіі, Нарвегіі, Польшчы, Славакіі, Чэхіі, Швейцарыі і інш.
На Беларусі секцыя С.с. створана ў 1968 (Мінскі аўтазавод). 1-ы чэмпіянат Беларусі праведзены ў 1972.
А.М.Петрыкаў.
т. 14, с. 158
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)