ДАВА́ТАР (Леў Міхайлавіч) (20.2.1902, в. Хоціна Бешанковіцкага р-на Віцебскай вобл. — 19.12.1941),

генерал-маёр (1941), Герой Сав. Саюза (1941). Скончыў кав. вучылішча (1926), Ваен. акадэмію імя Фрунзе (1939). У Чырв. Арміі з 1924. У Вял. Айч. вайну з чэрв. 1941 на Зах. фронце на чале асобнай кав. групы, якая ў жн.вер. зрабіла глыбокі рэйд па тылах ворага ў Смаленскай вобл., вяла абарончыя баі на р. Мёжа на Валакаламскім напрамку. З ліст. 1941 камандаваў кав. корпусам, паказаў сябе мужным і таленавітым камандзірам, за якога гітлераўцы прызначылі вял. ўзнагароду. Загінуў у баі каля в. Палашкіна на подступах да г. Руза Маскоўскай вобл. Помнікі на шашы Лепель—Ула, у в. Хоціна, г.п. Ула, дзе ёсць і мемар. музей Даватара.

т. 5, с. 561

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

Даватар Л. М. 2/265; 3/124, 244; 4/106; 5/199; 8/514; 9/303, 602; 10/456; 12/163

Беларуская Савецкая Энцыклапедыя (1969—76, паказальнікі; правапіс да 2008 г., часткова)

АЎДЗЕ́ЕЎ (Алег Ціханавіч) (н. 15.6.1926, С.-Пецярбург),

бел. кінааператар. Засл. работнік культуры Беларусі (1976). Скончыў Усесаюзны ін-т кінематаграфіі ў Маскве (1955). У 1956—92 на кінастудыі «Беларусьфільм». Яго творчасці ўласцівы строгі рэаліст. стыль, графічнасць, лірызм. Сярод фільмаў: дакументальныя «Генерал Даватар» (1967), «Балада пра чорную бярозу» (1977); мастацкія «Дзяўчынка шукае бацьку» (з І.Пікманам, 1959), «Каханнем трэба даражыць» (1960), «Крыніцы» (1965), «Ствары бой» (1969), «Нечаканае каханне» (1971), «Воўчая зграя» (1975), «Маленькі сяржант» (1976), «Канец бабінага лета» (1983), «Трывогі першых птушак» (1985), «Хочаце — кахайце, хочаце — не...» (1987); тэлевізійныя «Парашуты на дрэвах» (1973), «Лёгка быць добрым» (2-серыйны, 1976), «Крыж міласэрнасці» (шматсерыйны, 1989—91), «Раман імператара» (шматсерыйны, 1993) і інш.

т. 2, с. 84

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПАЛІЙЧУ́К (Васіль Уладзіміравіч) (н. 12.2.1922, г. Жьггомір, Украіна),

бел. скульптар. Скончыў Адэскае маст. вучылішча (1949). Творам уласцівы псіхалагізм вобразаў, дэталёвая прапрацоўка форм, імкненне да дакладнай перадачы натуры. Сярод станковых кампазіцый «Вызваленне» (1951), «Улетку» (1954), «Абаронцы Брэсцкай крэпасці» (1958), «Маці партызана» (1961), «Подзвіг» (1963), «Мір, Праца, Свабода, Роўнасць, Братэрства, Шчасце ўсіх народаў» (1968), «Генерал Даватар» (1972), «Перамога», «На апаленай зямлі», «Клятва партызан» (усе 1975), «Дзеці вайны» (1984); партрэты М.Калініна (1975, 1977), А.Сахарава (2000), удзельнікаў партыз. руху на Беларусі ў гады Вял. Айч. вайны. Аўтар помнікаў У.І.Леніну ў гарадах Старыя Дарогі (1959), Столін (1980, з С.Селіханавым), Ф.Э.Дзяржынскаму ў г. Дзяржынск (1959, з А.Заспіцкім) і партызанцы А.Ф.Колесавай у г. Крупкі (1967), Калініну ў Мінску (1979, з І.Глебавым), манументаў воінам Сав. Арміі і бел. партызанам, якія загінулі ў гады вайны.

Б.А.Крэпак.

т. 11, с. 557

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)