ДАБІНЬІ́ ((Daubigny) Шарль Франсуа) (15.2.1817, Парыж — 19.2.1878),

французскі жывапісец і графік. У 1840-я г. працаваў пераважна як ілюстратар, потым прымкнуў да барбізонскай школы жывапісу. Маляваў пейзажы простыя па матывах, з ціхім інтымным замілаваннем («Бераг Уазы» і «Запруда ў даліне Аптэво», абодва 1855, «Раніца», 1858, «Марскі заліў», 1864), у якіх паэтычна перадаваў свежасць, трапяткое дыханне і зменлівасць прыроды. Для яго жывапісу характэрна лёгкасць, празрыстасць колераў, багаты валёрамі танальны каларыт.

Ш.Ф.Дабіньі. Марскі заліў. 1864

т. 5, с. 557

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

Дабіньі Ш. Ф. 2/148

Беларуская Савецкая Энцыклапедыя (1969—76, паказальнікі; правапіс да 2008 г., часткова)

БАРБІЗО́НСКАЯ ШКО́ЛА,

група франц. жывапісцаў — майстроў рэаліст. пейзажа 1830—60-х г. Назва ад вёскі Барбізон каля Фантэнбло, дзе працавалі мастакі гэтай групы (Т.​Русо, Ж.​Дзюпрэ, Н.​Дзіяз, Ш.​Ф.​Дабіньі, К.​Труаён, Ш.​Жак, Р.​Банёр і інш.).

Аснова іх метаду — пейзаж з натуры. Насуперак акад. тэорыям яны адлюстроўвалі не мясціны, слынныя прыгажосцю, а звычайныя куткі роднага краю ў розныя поры года і сутак. Распрацавалі методыку танальнага жывапісу тонкімі валёрамі, светлавымі і колеравымі нюансамі (гл. Пленэр). Каларыт пейзажаў Барбізонскай школы няяркі, змякчаны карычневымі і шэрымі тонамі. На жывапісныя прыёмы Барбізонскай школы ўплывалі галанд. мастакі 17 ст. і англ. пейзажысты Дж.​Констэбл і Р.​Бонінгтан. Традыцыі Барбізонскай школы ў сваю чаргу паўплывалі на развіццё рэаліст. кірунку ў жывапісе інш. еўрап. краін.

Літ.:

Яворская Н.В. Пейзаж Барбизонской школы. М., 1962.

т. 2, с. 305

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)