ГІСА́РА-АЛА́Й,
горная сістэма на Пд Сярэдняй Азіі, паміж Памірам і Ферганскай катлавінай, у Кіргізіі, Таджыкістане і Узбекістане. На Пд абмежавана Каршынскім стэпам, Таджыкскай дэпрэсіяй і Алайскай далінай. Працягласць з З на У каля 900 км, шыр. да 150 км. Яго зах. і сярэднюю часткі складаюць Туркестанскі, Зераўшанскі хр. і Гісарскі хрыбет, усх. ч. — Алайскі хр. з паўн. перадавымі ланцугамі. Пераважаюць выш. каля 5000 м, макс. выш. да 5621 м (пік Ігла). Гал. грабяні хрыбтоў маюць тыповы альпійскі рэльеф; пашыраны карст. У паўн. ланцугах Алтайскага і Туркестанскага хр. і інш. — плоскія выраўнаваныя паверхні. Развіты лёсавыя перадгор’і (адыры). Вечныя снягі і ледавікі (найб. ледавік Зераўшанскі даўж. 25 км у горным вузле Матча). Гісара-Алай — складкавае ўтварэнне герцынскага ўзросту, складзенае з асадкавых і метамарфічных парод з уключэннямі гранітаў, дыярытаў. З інтрузіямі звязаны радовішчы вальфраму, малібдэну, мыш’яку, золата, ртуці, сурмы; ёсць радовішчы вугалю. Асаблівасці клімату абумоўлены вышыннай пояснасцю і нераўнамерным размеркаваннем ападкаў. Рэкі адносяцца пераважна да бас. Зераўшана і Амудар’і. Азёры: Маргузор, Іскандэркуль і інш. Па схілах гор знізу ўверх паўпустыні пераходзяць, у сярэднягорную леса-лугава-стэпавую зону, вышэй — высакагорныя лугі і гляцыяльна-нівальная зона вечных снягоў, ледавікоў і скал. Запаведнікі: Заамінскі і Раміт.
т. 5, с. 264
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АЛА́ЙСКІ ХРЫБЕ́Т,
у сістэме Гісара-Алая, у Кыргызстане і часткова ў Таджыкістане. Падзяляе Ферганскую і Алайскую даліны. Даўж. каля 400 км. Выш. да 5539 м. Складзены з пясчана-гліністых парод і крышт. сланцаў. Пераважае высакагорны рэльеф. На схілах сухія кавыльна-ціпчаковыя стэпы, лугастэпы, арчоўнікі, вышэй — альпійскія лугі. Ледавікі (агульная пл. 811 км²).
т. 1, с. 226
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГІСА́РСКІ ХРЫБЕ́Т,
у сістэме Гісара-Алая, ва Узбекістане і Таджыкістане, водападзел басейнаў рэк Зераўшан і Амудар’я. Даўж. каля 200 км. Выш. да 4643 м. Складзены пераважна з крышт. парод, сланцаў і пясчанікаў, прарваных інтрузіямі гранітаў. У цэнтр. ч. воз. Іскандэркуль (на выш. 2176 м). На схілах стэпы, дрэвава-хмызняковая расліннасць, субальпійскія лугі, нагорныя ксерафіты, альпійскія нізкатраўныя лугі. Запаведнікі Гісарскі і Раміт.
т. 5, с. 265
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГІСА́РСКАЯ ДАЛІ́НА,
міжгорная ўпадзіна ў сістэме Гісара-Алая, у Таджыкістане, паміж паўд. ускраінай Гісарскага хр. і паўн. ўскраінамі гор Бабатаг, Каратау і інш. Даўж. каля 115 км, шыр. да 20 км, выш. ад 700 да 1000 м. Арашаецца р. Кафірніган з прытокамі і водамі Вял. Гісарскага канала. Пасевы бавоўніку, кунжуту, пшаніцы. Садоўніцтва. На схілах гор да выш. 1200—2000 м субтрапічныя стэпы, хмызнякі і шыракалістыя лясы, вышэй — субальпійскія і альпійскія лугі. У Гісарскай даліне — г. Душанбе.
т. 5, с. 264
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)