Беларуская Савецкая Энцыклапедыя (1969—76, паказальнікі; правапіс да 2008 г., часткова)
ГІРУДЗІ́Н [ад лац. hirudo (hirudinis) п’яўка],
поліпептыд, які знаходзіцца ў сакрэце слінных залоз мед. п’яўкі. Утвараючы злучэнне з ферментам крыві трамбінам, перашкаджае ўзнікненню фібрыну, чым затрымлівае згусанне крыві. На гэтым засн. выкарыстанне п’явак у медыцыне. Гірудзін валодае болепатольным і процізапаленчым дзеяннем.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АНТЫКААГУЛЯ́НТЫ [ад анты... + лац. coagulans (coagulantis) які вядзе да згусання] у медыцыне, лекавыя сродкі, якія памяншаюць скорасць згусання крыві і перашкаджаюць утварэнню тромбаў. Уплыў антыкаагулянтаў прамога дзеяння (гепарын, гірудзін і інш.) адбываецца праз зніжэнне актыўнасці трамбіну ў крыві, антыкаагулянты ўскоснага дзеяння (дыкумарын, пелентан, фенілін і інш.) — праз парушэнне працэсаў утварэння трамбіну ў печані. Выкарыстоўваюцца пры інфарктах, тромбафлебітах, трамбатычных і эмбалічных інсультах, пасля хірург. ўмяшання і інш. Проціпаказаны пры цяжарнасці, язвавай і нырачнакамянёвай хваробах, схільнасці да крывацёкаў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
П’Я́ЎКІ (Hirudinea),
клас беспазваночных жывёл тыпу кольчатых чарвей. 2 падкл., 3 атр., 5 сям., каля 400 відаў. Пашыраны ўсюды. Жывуць у прэсных водах, некат. — у морах, на сушы (у вільготнай глебе). П. медыцынская (Hirudo medicinalis) выкарыстоўваецца пры гірудатэрапіі. П. могуць быць прамежкавымі, рэзервуарнымі і канчатковымі гаспадарамі розных паразітаў. На Беларусі больш за 10 відаў.
Даўж. ад 0,2 да 30 см. Цела плоскае, радзей цыліндрычнае, з 33 сегментаў. Афарбоўка чорная, карычневая, зеленаватая і інш. Вачэй 1—5 пар. 2 прысоскі. На пярэднім аддзеле кішэчніка сківіцы або хабаток. Драпежнікі (кормяцца дробнымі беспазваночнымі) і паразіты (кормяцца крывёю рыб, вадаплаўных птушак, млекакормячых). Слінныя залозы паразітычных П. выдзяляюць гірудзін, які перашкаджае згусанню крыві. Дыхаюць скурай. Гермафрадыты, развіццё без ператварэння. Корм для некат. рыб, хахулі.
Літ.:
Фауна СССР. Пиявки. Т. 1. Л., 1976;
Догель В.А. Зоология беспозвоночных. 7 изд. М., 1981;
Жизнь животных. Т. 1. 2 изд. М., 1987.
Ю.Р.Гігіняк.
П’яўкі: 1 — рыбіна; 2 — двухвокая; 3 — смаўжовая; 4 — ілжэконская (а — від знізу; б — від зверху); 5 — медыцынская (а — від зверху, б — від знізу).