Гіпатанія 3/484; 6/134; 9/363

Беларуская Савецкая Энцыклапедыя (1969—76, паказальнікі; правапіс да 2008 г., часткова)

ГІПАТАНІ́Я (ад гіпа... + грэч. tonos напружанне),

паніжэнне тонусу тканак арганізма і артэрыяльнага ціску крыві. Можа развівацца пасля вострых і хранічных інфекц. хвароб, вітаміннай недастатковасці, прафес. шкоднасцей, парушэнняў дзейнасці эндакрыннай і нерв. сістэм, страўнікава-кішачнага тракту. Прыкметы: хуткая стамляльнасць, слабасць, задышка, галавакружэнне. Лячэнне: правільны рэжым працы, адпачынку і харчавання, вітаміны, фізкультура, гармоны, курортатэрапія.

т. 5, с. 254

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГІПА... (ад грэч. hypo унізе, пад),

прыстаўка, што абазначае: які знаходзіцца ніжэй чаго-н., які паніжаны ў параўнанні з нормай, напр., гіпадэрма, гіпатанія.

т. 5, с. 251

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГЕМАРАГІ́ЧНЫЯ ЛІХАМА́НКІ,

група вострых інфекц. хвароб віруснай этыялогіі, для якіх характэрны прыродная ачаговасць, спалучэнне ліхаманкавага стану хворага з развіццём гемарагіі. Вядомыя гемарагічныя ліхаманкі: з нырачным сіндромам, крымская, омская, аргенцінская, балівійская, жоўтая, Ласа, Марбурга, Эбола, Дэнге. Узбуджальнікі належаць да некалькіх таксанамічных груп (сямействаў) вірусаў, перадаюцца трансмісіўна (гл. Трансмісіўныя хваробы), паветрана-кропельным шляхам, праз аб’екты навакольнага асяроддзя. Асн. крыніца заражэння чалавека — грызуны і кляшчы. Для асобных гемарагічных ліхаманак (напр., з ныркавым сіндромам) акрамя агульных прыкмет характэрны пашкоджанні печані, гіпатанія, брадыкардыя, трамбацыта- і лейкапенія. Лячэнне патагенетычнае і сімптаматычнае.

А.​П.​Красільнікаў.

т. 5, с. 147

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КРЫВЯНЫ́ ЦІСК,

ціск крыві ў сасудзістай сістэме; інтэгральны паказчык стану кровазвароту, абумоўлены нагнятальнай здольнасцю сэрца, супраціўленнем сасудаў, гідрастатычнымі сіламі.

К.ц. бывае артэрыяльны, вянозны, капілярны. Артэрыяльны ціск павялічваецца пры скарачэнні (сістале) сэрца (макс., сісталічны ціск 115—125 мм рт. сл.), зніжаецца пры расслабленні (дыястале) сэрца (мін., дыясталічны ціск (70—80 мм рт. сл.). Розніца паміж імі — пульсавы ціск. Вянозны ціск у перыферычных венах 60—100 мм вадзянога слупка. З узростам К.ц. павышаецца. Існуюць прамыя (крывавыя) і непрамыя (бяскроўныя) метады вымярэння К.ц. Артэрыяльны ціск вымяраюць непрамым метадам на плечавой артэрыі сфігмаманометрамі, вянозны — прамым метадам, з увядзеннем у вену іголкі, якая злучана з манометрам. Пра парушэнні К.ц. гл. Гіпатанія, Гіпертанія, Гіпертанічная хвароба.

Літ.:

Аринчин Н.И. Комплексное изучение сердечно-сосудистой системы. Мн., 1961;

Парин В.В., Меерсон Ф.З. Очерки клинической физиологии кровообращения. 2 изд. М., 1965.

А.​У.​Чантурыя.

т. 8, с. 500

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)