Гінагенез 3/482

Беларуская Савецкая Энцыклапедыя (1969—76, паказальнікі; правапіс да 2008 г., часткова)

ГІНАГЕНЕ́З (ад гіна... + ...генез),

развіццё зародка з генетычнага матэрыялу яйцаклеткі; тып палавога размнажэння. Пры гінагенезе мужчынская гамета з інактываваным ядром, пранікаючы ў яйцаклетку, актывуе яе да драблення, але ў далейшым развіцці не ўдзельнічае. З’яўляецца формай партэнагенезу, процілегласцю андрагенезу, адбываецца ў выніку незавершанага апладнення, часцей пры апладненні яец аднаго віду спермай іншага (роднаснага) віду. Назіраецца ў некаторых відаў нематодаў, касцістых рыб, земнаводных і пакрытанасенных раслін. У эксперыменце гінагенез, як спосаб кіравання развіццём і полам, можна выклікаць штучна тэрмашокам, апрамяненнем яйцаклеткі, мікрахірургічным выдаленнем з зіготы мужчынскага прануклеуса.

т. 5, с. 249

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГІН..., ГІНА..., ГІНЕКА... [ад грэч. gynē (gynaikos) жанчына],

першая састаўная частка складаных слоў, што абазначае: які адносіцца да жанчыны, жаночы, напр., гінагенез, гінекалогія, гінатрэзія.

т. 5, с. 249

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПСЕЎДАГАМІ́Я (ад псеўда... + ...гамія),

несапраўднае апладненне. У грыбоў і ніжэйшых раслін — асобны тып працэсу размнажэння (псеўдаміксіс), пры якім адбываецца зліццё двух марфалагічна не дыферэнцыраваных па прыкметах полу вегетатыўных клетак. У пакрытанасенных раслін і жывёл вынікам П. бывае андрагенез або гінагенез.

т. 13, с. 99

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАРАСІ́ (Carassius),

род прэснаводных рыб сям. карпавых. 2 віды: К. звычайны, або залаты (Carassius carassius), і К. сярэбраны (C. auratus), які бывае 2 падвідаў. Пашыраны ў Еўразіі. Адзін падвід (C.a. auratus), ад якога паходзіць акварыумная залатая рыбка, жыве ў Кітаі, другі (C.a. gibelio) — ад бас. Амура да З Еўропы. На Беларусь К. сярэбраны завезены ў 1948. Жывуць у азёрах, рэках, сажалках.

Даўж. да 50 см, маса да 5 кг. Луска буйная. Цела высокае, спіна цёмна-карычневая, бакі залацістыя. Палавая спеласць у 2—5 гадоў. Для К. сярэбранага ўласцівы гінагенез. Нераст парцыённы. Кормяцца бентасам, планктонам, воднай расліннасцю, дэтрытам. Зімуюць на дне вадаёмаў, у муле.

Карасі: 1 — залаты, 2 — сярэбраны.

т. 8, с. 56

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПАРТЭНАГЕНЕ́З (ад грэч. parthenos нявінніца + ...генез),

нявіннае размнажэнне, адна з форм палавога размнажэння арганізмаў, пры якой развіццё зародка адбываецца з неаплодненай яйцаклеткі без удзелу сперматазоіда. Пашыраны ў жывёл (некат. насякомыя, ракападобныя, чэрві) і раслін (некат. водарасці, грыбы, вышэйшыя расліны). Адрозніваюць П. аблігатны (абавязковы) — яйцо развіваецца толькі партэнагенетычна, факультатыўны (неабавязковы) — яйцо развіваецца таксама ў выніку апладнення, цыклічны — чаргаванне П. з двухполым размнажэннем. Пры П. паяўляецца патомства пераважна аднаго полу (самцы або самкі). Як адаптыўнае прыстасаванне П. дае магчымасць размнажацца пры рэдкіх кантактах разнаполых асобін (напр., на экалагічнай перыферыі арэала), а для відаў з вял. цыклічнай смяротнасцю (напр., насякомыя) — рэзка павялічыць колькасць патомства. Штучны П. (развіццё яйца пад уплывам т-ры, хім. рэчываў і інш.) выкарыстоўваецца ў селекцыі. Гл. таксама Андрагенез, Апаміксіс, Гінагенез, Партэнакарпія, Педагенез.

Р.​Г.​Заяц.

т. 12, с. 142

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)