ГІДРАФО́БНЫ ЦЭМЕ́НТ,

прадукт тонкага здрабнення партландцэментнага клінкеру (гл. Партландцэмент) разам з гіпсам і гідрафобнымі (воданепрымальнымі) дабаўкамі (асідол, мыланафт, алеінавая к-та і інш.). Дабаўкі (0,1—0,3% ад масы цэменту) утвараюць на паверхні яго часціц тонкія гідрафобныя плёнкі (гл. Гідрафільнасць і гідрафобнасць), якія змяншаюць яго гіграскапічнасць і прадухіляюць ад псавання пры працяглым захоўванні нават у вільготных умовах. Бетоны і растворы на гідрафобным цэменце вызначаюцца меншым водапаглынаннем, большай марозаўстойлівасцю і воданепранікальнасцю, чым на звычайным цэменце. Выкарыстоўваюцца ў аэрадромным і дарожным буд-ве, для абліцоўкі будынкаў і інш.

т. 5, с. 237

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПАРТЛАНДЦЭМЕ́НТ [ад назвы п-ва Портленд (Вялікабрытанія)],

найбольш пашыраны ў буд-ве від цэменту, які складаецца ў асн. з гідрасілікатаў кальцыю. Атрымліваецца сумесным тонкім здрабненнем клінкеру, невял. колькасці (1—3%) гіпсу і мінер. дабавак (да 10%). Акрамя звычайнага, П. бывае хуткацвярдзеючы, пластыфікаваны. гідрафобны, сульфатаўстойлівы, белы, каляровы і інш. Выкарыстоўваецца для прыгатавання бетону, буд. раствораў.

т. 12, с. 103

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)