Беларуская Савецкая Энцыклапедыя (1969—76, паказальнікі; правапіс да 2008 г., часткова)
ГІДРАЗІ́Н, дыамід,
найпрасцейшы дыамін, H2N—NH2. Бясколерная вадкасць, якая дыміць на паветры, tпл 1,5 °C, tкіп 113,5 °C, шчыльн. 1004 кг/м³ (25 °C). Раствараецца неабмежавана ў вадзе і ніжэйшых спіртах. Моцны аднаўляльнік.
Водныя растворы гідразіна (слабыя асновы) з к-тамі ўтвараюць солі, найважнейшыя — сульфат гідразіна N2H4∙H2SO4 (крышт. рэчыва, tпл 254 °C). Вядомыя шматлікія арган. вытворныя гідразіны (напр., азіны). Выкарыстоўваюць у вытв-сці пластмас, інсектыцыдаў, пораўтваральнікаў, выбуховых рэчываў, як гаручы кампанент ракетнага паліва. Гідразін і яго вытворныя ядавітыя: раздражняюць слізістыя абалонкі, дыхальныя шляхі, пашкоджваюць ц. н. с. і печань. ГДК у паветры 0,1 кг/м³.
Літ.:
Коровин Н.В. Гидразин. М., 1980.
т. 5, с. 224
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АСНО́ВЫ,
клас хім. злучэнняў, здольных дысацыіраваць у водных растворах з утварэннем гідраксільных іонаў OHˉ. Асновы, растваральныя ў вадзе, наз. шчолачамі, з кіслотамі ўтвараюць солі. Па ступені дысацыяцыі падзяляюцца на слабыя (напр., гідраксіды магнію, амонію) і моцныя (напр., гідраксіды натрыю, кальцыю). Паводле сучаснай тэорыі Асновамі лічацца і злучэнні, у якіх няма іонаў OHˉ, напрыклад, аміяк, гідразін, пірыдзін. Гл. таксама Кіслоты.
т. 2, с. 39
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АЗО́Т (лац. Nitrogenium),
N, хім. элемент V групы перыяд, сістэмы, ат. н. 7, ат. м. 14,0067. Прыродны азот складаецца з ізатопаў 14N (99,635%) і 15N (0,365%); ёсць у свабодным стане (N2) у атмасферы (75,6%), у звязаным у літасферы (1,9∙10−3 % па масе), у жывых арганізмах жывёл і чалавека (складае 16—17% іх бялку) і раслінах. Азот чацвёрты па распаўсюджанасці элемент Сонечнай сістэмы (пасля вадароду, гелію, кіслароду). Адкрыты ў 1772 Д.Рэзерфардам. Газ без колеру і паху, tкіп -195,80 °C, шчыльн. вадкага азоту 0,808 103 кг/м³. Малекула двухатамная, пры звычайных умовах хімічна інертная, пры т-ры 400—500 °C узаемадзейнічае са шчолачнымі і шчолачна-зямельнымі металамі, у прысутнасці каталізатараў — з кіслародам (гл. Азоту аксіды), пры павышаным ціску — з вадародам (гл. Аміяк, Гідразін і інш.). Пры эл. разрадах, раскладанні нітрыдаў некаторых металаў утвараецца актыўны азот (сумесь малекул і атамаў), які энергічна ўзаемадзейнічае з кіслародам, вадародам, парай серы і фосфару, некат. металамі. Атрымліваюць пры рэктыфікацыі паветра (гл. Газаў раздзяленне). Выкарыстоўваецца для сінтэзу аміяку, як інертнае асяроддзе пры хім. і металург. працэсах, пры перапампоўванні гаручых вадкасцяў, у розных халадзільных і вакуумных устаноўках, зварцы металаў. Азот — біягенны элемент, уваходзіць у састаў бялкоў і нуклеінавых кіслот, а таксама многіх арган. злучэнняў (аміны, амінакіслоты, нітразлучэнні і інш.).
т. 1, с. 170
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)