Гумінавыя кіслоты 4/86

Беларуская Савецкая Энцыклапедыя (1969—76, паказальнікі; правапіс да 2008 г., часткова)

ГУМІ́НАВЫЯ КІСЛО́ТЫ,

сумесь прыродных арган. злучэнняў, найважнейшая састаўная частка гумусу, торфу (25—50%), бурых і каменных вуглёў (да 60%), глеб (да 10%).

Гумінавыя кіслоты — высокамалекулярныя аксікарбонавыя араматычныя к-ты, у сухім стане — аморфны цёмна-буры парашок. Элементны склад гумінавых кіслот: 50—70% вугляроду, 25—35% кіслароду, 4—6% вадароду. Утвараюцца пры біяхім. пераўтварэнні прадуктаў раскладання арган. рэшткаў у гумус (гуміфікацыя). Выкарыстоўваюць як кампанент раствораў для бурэння нафтавых і газавых свідравін, арганамінер. угнаенняў; як кіслотаўстойлівыя напаўняльнікі акумулятараў, стымулятары росту раслін; для паляпшэння структуры глебы і інш.

т. 5, с. 533

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АРГА́НА-МІНЕРА́ЛЬНЫЯ ЎГНАЕ́ННІ,

гумінавыя ўгнаенні, угнаенні з арган. рэчываў і звязаных з імі хімічна ці адсарбцыйна мінер. злучэнняў. Атрымліваюць апрацоўкай гумінавых кіслот ці матэрыялаў, у якіх яны ёсць (торф, буры вугаль, сланец, глей, перагной), аміякам, аміячнай вадой, аміячнымі растворамі фасфатаў, фосфарнай к-той, калійнымі солямі. Маюць розны састаў і назву: гумафос, гумафоска, торфа-аміячныя ўгнаенні, гуматы натрыю, амонію і інш. Найб. пашыраны торфа-мінеральныя і торфа-аміячна-мінер. ўгнаенні.

т. 1, с. 460

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БАЛО́ТНЫЯ ВО́ДЫ, тарфяныя воды,

утвараюцца на балотах, характарызуюцца павышанай колькасцю арган. рэчываў, кіслай рэакцыяй і цёмна-карычневым колерам. Балотныя воды вярховых балотаў маюць невял. агульную мінералізацыю (да 60 мг/л), у іх хім. саставе пераважаюць іоны кальцыю і магнію. Агульная мінералізацыя водаў нізінных балотаў 60—550 мг/л, уключаюць іоны магнію, калію, натрыю, амонію, жалеза, хлору і інш. Арганічных рэчываў 75—168 мг/л, пераважна гумусавыя, ёсць гумінавыя кіслоты. Балотныя воды ўплываюць на хім. састаў рачных водаў; агрэсіўныя ў адносінах да бетону.

т. 2, с. 260

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГІДРО́ЛІЗ

(ад гідра... + ...ліз),

рэакцыя абменнага ўзаемадзеяння паміж рэчывам і вадой.

Пры гідродізе солей, утвораных слабай асновай і моцнай к-той (напр., хларыд амонію NH4Cl) ці — моцнай асновай і слабай к-той (напр., ацэтат натрыю CH3COONa), водныя растворы маюць кіслую (NH4+Cl​-+HOH=NH4OH+Cl​-+H​+) ці шчолачную (CH3COO​-+Na​++HOH=CH3COOH+Na​++OH​-) рэакцыю, што абумоўлена ўтварэннем слабых электралітаў. Гідроліз солей, утвораных моцнымі асновай і к-той, не ідзе. Гідролізам абумоўлена існаванне буферных раствораў, здольных падтрымліваць пастаянную кіслотнасць. Гідроліз мінералаў выклікае змяненні ў саставе зямной кары. Пры гідролізе арганічных злучэнняў пад уздзеяннем вады разрываюцца сувязі ў малекуле з утварэннем двух і больш злучэнняў. Гідроліз вугляродаў і бялкоў у жывым арганізме каталізуюць ферменты гідралазы. Гідроліз адыгрывае значную ролю ў працэсах засваення стравы і ўнутрыклетачнага абмену. З дапамогай гідролізу ў хім. прам-сці атрымліваюць спірты, карбонавыя к-ты з іх вытворных, мыла і гліцэрыны з тлушчаў. Гідроліз раслінных матэрыялаў — аснова гідролізных вытв-сцей. У працэсе тэрмакаталітычнага гідролізу з поліцукрыдаў (цэлюлоза і геміцэлюлозы), якія складаюць каля 70% расліннай біямасы, утвараюцца растваральныя ў вадзе монацукрыды і прадукты іх распаду, што пераходзяць у раствор — гідралізат. Гідралізат акрамя монацукрыдаў (2,5—3,5 %, пераважна пентозы і гексозы) мае фурфурол, оксіметафурфурол, воцатную і мурашыную к-ты, гумінавыя рэчывы і інш. Пасля гідролізу застаецца цвёрды астатак — гідролізны лігнін (30—35% ад масы сыравіны). Хім. і біяхім. перапрацоўкай (ферментацыяй) гідралізату атрымліваюць харч. глюкозу, тэхн. ксілозу, шмататамныя спірты (ксіліт, сарбіт), гліцэрыну, этыленгліколь, этылавы спірт, ацэтон, бялковыя кармавыя дрожджы, вітаміны і інш. З гідролізнага лігніну атрымліваюць адсарбенты, арганамінер. ўгнаенні, паліва і інш. прадукты тэхн. прызначэння. Гл. таксама Гідролізная прамысловасць.

Т.П.Цэдрык.

т. 5, с. 240

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)