ГУЛЕ́ВІЧ Уладзімір Сяргеевіч

(18.11.1867, г. Разань, Расія — 6.9.1933),

савецкі біяхімік. Акад. АН СССР (1929). Чл. Германскай акадэміі даследчыкаў прыроды «Леапальдзіна» (1928). Скончыў Маскоўскі ун-т (1890), працаваў у ім. Навук. працы па біяхіміі мышачнай тканкі, азоцістым абмене, хіміі бялкоў. Адкрыў новыя азоцістыя злучэнні ў саставе мышцаў — карназін і карніцін (вітамін Bт). Аўтар першага дапаможніка па мед. хім. аналізе.

т. 5, с. 527

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГУЛЕ́ВІЧ Фёдар Фёдаравіч

(н. 14.8.1952, г. Маладзечна),

бел. акцёр цырка, клоун. Засл. артыст Беларусі (1979). Скончыў студыю пры Мінскім дзярж. цырку (1969). Акцёр Саюздзяржцырка (з 1992 Расдзяржцырк). Выступае ў дуэце з А.Варанецкім як дывановы клоун (маску прастадушнага, вясёлага хлопца стварыў на аснове бел. фальклору). У нумарах выкарыстоўвае акрабатыку і жангліраванне. Аўтар (з Варанецкім) многіх клаунад і рэпрыз. Зняўся ў тэлефільмах «Дзяніскавы апавяданні», «Навагодні атракцыён», «А таксама цырк».

т. 5, с. 527

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГУЛЕ́ВІЧ Пятро Восіпавіч

(1870, в. Рудня Чачэрскага р-на Гомельскай вобл. — 28.5.1957),

бел. казачнік. У маладосці сплаўляў лес па Сажы і Дняпры на Украіну. Расказваў казкі, перанятыя ад аднавяскоўцаў і ўкр. казачнікаў, пераважна пра асілкаў і сац.-бытавыя. У чарадзейных казках карыстаўся гіпербалізацыяй, паўторамі, канцоўкамі, у рэаліст. пазбягаў казачнай абраднасці, у анекдатычных ствараў трапныя характары, спалучаючы апавядальную і дыялагічную формы. На бел. мове расказваў рус. нар. казкі пра Еруслана Лазаравіча, Баву Каралевіча і Ілью Мурамца.

Тв.:

Беларускія казкі, запісаныя ад Пятра Гулевіча. Мн., 1963;

Казкі // Беларускі эпас. Мн., 1959;

У кн.: Сацыяльна-бытавыя казкі. Мн., 1976.

т. 5, с. 527

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГУЛЕ́ВІЧ Станіслава Іосіфаўна

(н. 25.5.1925, в. Рудня-Стаўбунская Веткаўскага р-на Гомельскай вобл.),

бел. спявачка (мецца-сапрана). Засл. арт. Беларусі (1976). Скончыла Бел. кансерваторыю (1956). У 1956—65 салістка Дзярж. т-ра оперы і балета Беларусі. З 1965 салістка Бел. філармоніі. Найб. вылучылася ў партыях Канчакоўны («Князь Ігар» А.Барадзіна), Мадалены («Рыгалета» Дж.Вердзі). Сярод інш. партый: Ваня («Іван Сусанін» М.Глінкі), Дуняша, Няжата («Царская нявеста», «Садко» М.Рымскага-Корсакава), Княгіня («Русалка» А.Даргамыжскага), Паліна, Вольга («Пікавая дама», «Яўген Анегін» П.Чайкоўскага), Клара («Заручыны ў манастыры» С.Пракоф’ева) і інш. У канцэртным рэпертуары старадаўнія рамансы, бел. і інш. нар. песні.

І.І.Зубрыч.

т. 5, с. 527

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

Гулевіч Аляксандр Львовіч

т. 18, кн. 1, с. 375

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)