ГУЛА́Г, Галоўнае ўпраўленне папраўча-працоўных лагераў, працоўных пасяленняў і месцаў зняволення,

у СССР у 1934—56 падраздзяленне НКУС (МУС), якое ажыццяўляла кіраўніцтва сістэмай папраўча-працоўных лагераў (ППЛ). У 1934 створаны саюзна-рэсп. Наркамат унутр. спраў (НКУС), у склад якога ўключана Аб’яднанае дзяржаўнае палітычнае ўпраўленне пры СНК СССР (АДПУ, пазней — Гал. ўпраўленне дзярж. бяспекі — ГУДБ). У канцы 1930 — пач. 40-х г. створана каля 15 спец. Гал. упраўленняў, якія мелі лагеры на месцах (Карагандзінскі — «Карлаг», Салавецкі — СЛОН, Беламорска-Балт., Варкуцінскі, Нарыльскі і інш.). Тэр. СССР умоўна была разбіта на 8 зон дыслакацыі тэр. упраўленняў з падначаленымі ім ППЛ, турмамі, этапамі, перасыльнымі пунктамі. Існавалі лагеры прымусовых работ, асобага прызначэння, катаржныя, спец., буд., лагерныя НДІ, а таксама папраўча-прац., выхаваўча-прац., дзіцячыя і інш. калоніі. Паводле афіц. статыстыкі на 1.3.1940 у ГУЛАГу было 53 лагеры, 425 папраўча-прац. калоній і 50 калоній для непаўналетніх дзяцей «ворагаў народа». У 1920—50-я г. праз ГУЛАГ прайшло каля 10 млн. чал., у т. л. каля 600 тыс. ураджэнцаў Беларусі. Паводле справаздачы НКУС СССР за 1934—37 у лагерах штогод у сярэднім памірала ад 20 да 28 тыс. чал., у 1938 памерла больш за 90 тыс., у 1941 — больш як 100 тыс. У 1942, паводле афіц. звестак, загінула 248 677 чал., у 1943 — 166 967 чал, у наступныя гады (да 1947 уключна) смяротнасць складала ад 18 да 60 тыс. чал. штогод. На Беларусі ў 1930-я г. было 15 турмаў і ізалятараў спец. прызначэння.

Пасля выхаду ў свет кн. А.​Салжаніцына «Архіпелаг ГУЛАГ» (1973), дзе ён паказаў сістэму масавых рэпрэсій у сав. дзяржаве, тэрмін «ГУЛАГ» стаў сінонімам лагераў і турмаў НКУС.

Літ.:

Росси Ж. Справочник по ГУЛАГу. Ч. 1—2. 2 изд. М., 1991;

Адамушко В.И., Иванова Н.В. «Помилуйте...»: Документы по репрессиям 1939—41 гг. в Вилейской обл. Мн., 1992;

Касцюк М., Міхнюк У. Рэпрэсіі — самае цяжкае злачынства таталітарнага рэжыму // Крыжовы шлях. Мн., 1993;

Адамушка У. Палітычныя рэпрэсіі 20—50-ых гг. на Беларусі. Мн., 1994;

Кузнецов И. Без грифа «секретно». Мн., 1997.

У.​І.​Адамушка, І.​М.​Кузняцоў.

т. 5, с. 526

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МАГАДА́Н,

горад у Расіі, цэнтр Магаданскай вобл., на беразе бухты Нагаева Ахоцкага м. Засн. ў пач. 1930-х г., горад з 1939. 123 тыс. ж. (1997). Марскі порт. Ад М. пачынаецца Калымскі тракт. Аэрапорт. Прам-сць: машынабуд. і металаапр. (вытв-сць і рамонт горнага абсталявання, суднарамонт і інш.), харч. (рыбная), лёгкая (швейная ф-ка, гарбарна-абутковы камбінат); вытв-сць буд. матэрыялаў. Паўн.-Усх. комплексны НДІ і Ін-т біял. праблем Поўначы Далёкаўсх. навук. цэнтра Рас. АН, НДІ золата і рэдкіх металаў і інш. Пед. ін-т. 2 т-ры. Краязнаўчы музей. У 1930—50 М. быў цэнтрам Упраўлення Паўн.-Усх. папраўча-працоўных лагераў НКУС СССР (гл. ГУЛАГ).

т. 9, с. 441

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАЛЫМА́,

рака на ПнУ Азіі, у Магаданскай вобл. і Рэспубліцы Саха (Якуція), у Расіі. Даўж. 2129 км, пл. бас. 643 тыс. км². Утвараецца ад зліцця рэк Кулу і Аян-Юрах. Упадае ў Калымскі зал. Усх.-Сібірскага м., утварае дэльту. У вярхоўі праразае хр. Чэрскага, утварае парогі і вадаспады. У сярэднім цячэнні даліна шырокая. У нізоўі цячэ па Калымскай нізіне. Асн. прытокі: Каркадон, Амалон, Вял. Анюй (справа), Ясачная, Ажогіна, Седэдэма (злева). Жыўленне пераважна снегава-дажджавое. Ледастаў з пач. кастр. да канца мая — пач. чэрвеня. Зімой наледзі. Сярэдні гадавы расход вады ў ніжнім цячэнні 3900 м³/с. Прамысл. рыбы: рапушка, муксун, сіг, нельма, омуль. Суднаходная на 2000 км ад вусця. На К. знаходзіцца г. Сярэднекалымск. К. наз. таксама залатаносную тэр. у бас. ракі К. (сучасная Магаданская вобл. і суседнія раёны). У перыяд масавых рэпрэсій (1930—50-я г.) там былі засяроджаны лагеры прымусовай працы (гл. ГУЛАГ), дзе ў выніку цяжкіх умоў існавання загінула больш як 4 млн. чал.

В.​П.​Кісель.

т. 7, с. 488

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАНЦЭНТРАЦЫ́ЙНЫ ЛА́ГЕР,

лагер для прымусовай ізаляцыі (часам і знішчэння) рэальных ці магчымых паліт. праціўнікаў, ваеннапалонных і інш. У адрозненне ад турмаў, звычайных лагераў для ваеннапалонных і бежанцаў К.л. ствараюцца паводле асобых дэкрэтаў урада або загадаў ваен. камандавання ў час вайны, міжэтнічных канфліктаў і абвастрэння ўнутрыпаліт. барацьбы. К.л. з найб. жорсткім рэжымам утрымання зняволеных, накіраваным не толькі на ізаляцыю, але -і на іх знішчэнне, атрымалі ў л-ры назву лагераў смерці (найб. пашыраны ў 2-ю сусв. вайну). Першыя К.л. створаны іспанцамі ў 1895 у час нац.-вызв. паўстання на Кубе і англічанамі ў ходзе англа-бурскай вайны 1899—1902. У 1934—39 у Польшчы на тэр. Зах. Беларусі існаваў Бяроза-Картузскі канцэнтрацыйны лагер. У СССР К.л. былі пашыраны ў перыяд масавых рэпрэсій 1930—50-х г. (гл. ГУЛАГ). У час нацыянал-сацыялісцкай дыктатуры ў Германіі (1933—45) К.л. выкарыстоўваліся для масавага тэрору і генацыду з боку нацысцкай дзяржавы і былі пашыраны ў краінах, акупіраваных ням.-фаш. войскамі ў 2-ю сусв. вайну, у т. л. ў Беларусі, іх ахвярамі сталі больш за 11 млн. грамадзян СССР, Польшчы, Францыі, Бельгіі, Нідэрландаў, Югаславіі, Румыніі, Венгрыі, Чэхаславакіі, Аўстрыі, Германіі і інш. Найб. вядомыя ням.-фаш. К.л. — Асвенцім, Бухенвальд, Дахау, Заксенгаўзен, Маўтгаўзен і інш. У пасляваен. перыяд найб. вядомы К.л., створаныя пасля ваен. перавароту ў Чылі ў вер. 1973 для праціўнікаў дыктатуры ген. А.​Піначэта. Практыка стварэння К.л. асуджана сусв. грамадскасцю як цяжкае злачынства супраць чалавецтва.

т. 8, с. 13

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)