ГУ́БЕР

(Huber) Роберт (н. 20.2.1937, г. Мюнхен, Германія),

нямецкі біяхімік. Чл. Баварскай АН (1988). Скончыў Мюнхенскі тэхн. ун-т (1960). Працуе ў Ін-це біяхіміі імя М.Планка, з 1978 яго дырэктар. Навук. працы па рэнтгенаструктурным аналізе складаных біяарган. злучэнняў, у т. л. бялкоў. Расшыфраваў трохмерную структуру мембраннага інтэгральнага бялку пурпурных бактэрый, які з’яўляецца фотасінтэзуючым рэакцыйным цэнтрам (1982, разам з І.Дайзенгоферам і Г.Міхелем). Нобелеўская прэмія 1988.

т. 5, с. 516

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГУ́БЕР Аляксандр Андрэевіч

(1.4.1902, с. Каменка Чаркаскай вобл., Украіна — 16.6.1971),

савецкі гісторык-усходазнавец і грамадскі дзеяч. Акад. АН СССР (1966). Праф. (1935), д-р гіст. н. (1943). Скончыў Маскоўскі ін-т усходазнаўства (1925). Працаваў у ін-тах гісторыі (1938—45, 1957—68), усеагульнай гісторыі (з 1968) і ўсходазнаўства (1950—56, у 1954—56 дырэктар) АН СССР. Выкладаў у Маскоўскім ун-це (з 1937) і Акадэміі грамадскіх навук пры ЦК КПСС (з 1946). Чл. Гал. рэдакцыі Сав. гіст. энцыклапедыі (з 1958). Гал. рэдактар час. «Новая и новейшая история» (1956—62). Віцэ-прэзідэнт (з 1965) і прэзідэнт (з 1970) Міжнар. к-та гіст. навук. Аўтар прац па гісторыі краін Паўд.-Усх. Азіі; адзін з аўтараў падручнікаў па гісторыі краін Азіі і Афрыкі для ВНУ.

Тв.:

Избр. труды. М., 1976.

т. 5, с. 516

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)