ГРЭ́ЦКІ (Іван Мікалаевіч) (1898, г. Косава Івацэвіцкага р-на Брэсцкай вобл. — 1937),
удзельнік рэв. і нац.-вызв. руху ў Зах. Беларусі. У 1924—27 сакратар падп. райкома КПЗБ на Брэстчыне. У 1927 арыштаваны і зняволены ў турму. У сувязі з завочным выбраннем яго дэпутатам польскага сейма (1928) вызвалены з турмы. Адзін з кіраўнікоў пасольскай фракцыі і рэв.-дэмакр.нац.-вызв. арг-цыі «Змаганне». За рэв. дзейнасць 30.8.1930 арыштаваны і зняволены на 8 гадоў. У выніку абмену палітзняволенымі з 1932 у БССР, жыў у Мінску.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
Грэцкі А. К. 2/215; 12/679
Беларуская Савецкая Энцыклапедыя (1969—76, паказальнікі; правапіс да 2008 г., часткова)
ГРЭ́ЦКІ АРЭ́Х,
валоскі арэх (Juglans regia), від кветкавых раслін з роду арэх. Радзіма — Сярэдняя і Паўн.-Усх. Азія. Пашыраны ва ўмераным і субтрапічным паясах. Вырошчваецца ў многіх краінах Еўропы, Азіі і Паўн. Амерыкі. На Беларусі трапляецца як інтрадукаваная расліна ў бат. садах, парках і скверах, вырошчваецца садаводамі-аматарамі.
Лістападнае дрэва выш. да 35 м і дыям. да 2 м. Крона густая, раскідзістая. Лісце няпарнаперыстаскладанае, пахучае (мае эфірны алей). Кветкі дробныя, зеленаватыя, аднаполыя. Плады — буйныя несапраўдныя шарападобныя касцянкі («арэхі»). Ядро арэхаў ядомае, мае да 70% тлушчаў, 26% бялкоў, вітаміны B1, E і правітамін A, выкарыстоўваецца ў кандытарскай і кулінарнай вытв-ці, недаспелыя арэхі багатыя вітамінам C, з іх вырабляюць варэнне. З арэхаў атрымліваюць арэхавы алей, які ідзе ў ежу, на выраб лакаў, высакаякаснага мыла, тушы. Грэцкі арэх жыве да 400 гадоў. Харч., тэхн., кармавая, лек., меданосная і дэкар. расліна. Мае каштоўную драўніну. З лісця, кары, зялёнай лупіны пладоў атрымліваюць дубільнікі і карычневую фарбу.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
Грэцкі І. М. 4/64, 583; 10/192; 12/154
Беларуская Савецкая Энцыклапедыя (1969—76, паказальнікі; правапіс да 2008 г., часткова)
КАСЦЯ́НКА,
сакавіты плод раслін з рэзкай дыферэнцыяцыяй слаёў каляплодніка. Мае ў сабе тонкі скурысты пазаплоднік, сакавіты міжплоднік і адраўнелы ўнутрыплоднік (эндакарпій), які ўтварае костачку, дзе знаходзіцца семя. Аднакасцянка ў вішні, слівы, міндаля, шматкасцянка ў малін, ажын, крушыны (іх плод складаецца з многіх дробных К., якія знаходзяцца на агульным кветаложы). Вядомы сухія К. са скурыстым (міндаль, грэцкі арэх) ці валакністым (какосавая пальма) міжплоднікам.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АРЭ́Х (Juglans),
род кветкавых раслін сямейства арэхавых. Каля 40 відаў. Пашыраны ў Паўднёвай Еўропе, Азіі, Амерыцы. У некаторых месцах утвараюць так званыя арэхавыя лясы. Шэраг відаў вырошчваюць з прамысловымі мэтамі. На Беларусі ў паўднёвых і заходніх раёнах, у садах і парках вырошчваюць як інтрадукаваныя дэкаратыўныя і арэхаплодныя культуры арэх грэцкі (J. regia), маньчжурскі (J. mandshurica), шэры (J. cinerea), чорны (J. nigra) і інш.
Лістападныя аднадомныя дрэвы вышынёй да 50 м з разгалістай кронай. Лісце буйное, складанае няпарнаперыстае. Кветкі раздзельнаполыя: мужчынскія ў доўгіх каташках, жаночыя адзіночныя або па некалькі ў гронках. Плод касцянкападобны з вонкавай мясістай зялёнай абалонкай і цвёрдай дравяністай унутранай; мае гаспадарчую назву «арэх». Ядры арэхаў (насенне) смачныя, багатыя алеем (да 68%), бялкамі (да 18%), вугляводамі. Выкарыстоўваецца ў харчовай і кандытарскай прамысловасці. Лісце і абалонкі пладоў маюць вітамін C і дубільныя рэчывы. Драўніна арэха прыгожая, цвёрдая, з малюнкам; з яе робяць мэблю, музычныя інструменты і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АРКТАТРАЦІ́ЧНАЯ ФЛО́РА,
існавала ад пач. палеагену да сярэдзіны неагену на сушы ў межах сучасных арктычных ускраін і ўмераных шыротаў Еўразіі і Паўн. Амерыкі. Вылучана О.Геерам па знаходках у Грэнландыі, на Шпіцбергене і інш. У Еўропе існавала да сярэдзіны міяцэну.
Склалася на аснове трапічнай флоры мелавога перыяду ва ўмовах масавага пашырэння пакрытанасенных, развіцця лістападнай расліннасці. У арктатрацічнай флоры былі пальмы сабаль, хлебнае дрэва, эўкаліпт, фікус, камфарны лаўр, пазней гінкга, магнолія, платан, каштан, грэцкі арэх, бук, дуб, вяз, вярба, таполя, арэшнік і інш. Па меры пахаладання адбывалася замяшчэнне раслін менш цеплалюбнымі, фарміравалася сучасная занальная расліннасць. Арктатрацічная флора паслужыла асновай для фарміравання сучаснай флоры Еўразіі і Паўн. Амерыкі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГРЫБНА́Я КАПУ́СТА,
спарасіс кучаравы (Sparassis crispa), базідыяльны грыб з роду спарасіссям. рагацікавых. Пашыраны па ўсім зямным шары. На Беларусі трапляецца рэдка, занесены ў Чырв. кнігу. Расце ў хвойных лясах, каля асновы ствалоў, радзей на свежых пнях. Выклікае жоўта-бурую гніль каранёў і асновы ствалоў хвоі. Малавядомы ядомы грыб. Пладаносіць у жн. — лістападзе.
Пладовае цела дыям. 10—35 см, масай да 10 кг, круглаватае, моцнагалінастае, мясістае, падобнае да галоўкі цвятной капусты (адсюль назва); у маладых грыбоў белаватае, у старых вохрыстае, светла-карычневае. Тканка белая, валакністая, смакам і пахам нагадвае грэцкі арэх. Ножка кароткая, тоўстая, знаходзіцца ў зямлі. Споры эліпсоідныя, гладкія, жаўтаватыя.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МЕДАЗБО́Р, ношка,
збіранне нектару і пылку з меданосных раслін і назапашванне іх пчоламі (мёд, пярга); таксама колькасць мёду, назапашанага пчоламі за які-н.перыяд. Забяспечвае перакрыжаванае апыленне меданосаў. Адрозніваюць М.: веснавы, летні, асенні; падтрымны (у межах патрэбы пчалінай сям’і) і прадукцыйны (да 2—3 за сезон), які выкарыстоўваецца для адбору таварнага мёду. Пчаліная сям’я нарыхтоўвае за сезон да 200—300 кг мёду і больш. На Беларусі М. працягваецца з крас. па вер. (гал. — у чэрв. і ліпені), няўстойлівы па гадах; макс. да 50 кг на пчаліную сям’ю за сезон. Асн. тыпы М.: вярбовы, пладова-ягадны, крушынавы, малінавы, лугавы, канюшынавы, грэцкі, верасовы.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АНТРАКНО́ЗЫ [ад грэч. anthrax (anthrakos) вугаль, карбункул + ...оз(ы)],
хваробы раслін, якія выклікаюцца паразітнымі грыбамі з родаў глеяспорый, калетотрых і кабатыела. Найб. пашыраны ў зоне ўмеранага клімату, асабліва значна зніжаюць ураджай у вільготныя і цёплыя гады. Хварэюць на антракнозы гарбузовыя, бабовыя, цытрусавыя, вінаград, грэцкі арэх, жэньшэнь і інш. На Беларусі антракнозы найбольш шкодзіць лёну, бабовым культурам, агуркам, памідорам, чорным парэчкам і агрэсту.
На карэньчыках праросткаў і надземных ч. расліны ўтвараюцца язвачкі або плямы рознага колеру з цёмнымі, рэзка абмежаванымі краямі. Інфекцыя перадаецца з насеннем, праз глебу (з расліннымі рэшткамі), можа разносіцца вадой, насякомымі, ветрам. Меры барацьбы: дэзінфекцыя, апырскванне фунгіцыдамі, зяблевае ворыва, унясенне ўгнаенняў.