Грэнск (археал.) 3/162, 542; 4/64; 5/298

Беларуская Савецкая Энцыклапедыя (1969—76, паказальнікі; правапіс да 2008 г., часткова)

ГРЭНСК,

археалагічная стаянка ранняга мезаліту (10—8 тыс. г. назад) ва ўрочышчы Грэнск, каля в. Ворнаўка Кармянскага р-на Гомельскай вобл. Выяўлены рэшткі агнішчаў, вял. колькасць крамянёвага інвентару, у т. л. тронкавыя наканечнікі стрэл (грэнскі тып), вастрыі, праколкі, разцы, скрабкі і інш. Знаходка вял. колькасці нуклеусаў сведчыць пра існаванне тут крэменеапрацоўчай майстэрні. Ад стаянкі атрымала назву грэнская культура.

т. 5, с. 495

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГРЭ́НСКАЯ КУЛЬТУ́РА,

археалагічная культура плямён, якія ў познім палеаліце і раннім мезаліце (12—8 тыс. г. назад) жылі ў Верхнім Падняпроўі. Назва ад стаянкі Грэнск. Мае 2 этапы: фінальна-палеалітычны (ранні) і раннемезалітычны (позні). Пасяленні грэнскай культуры прадстаўлены сезоннымі стаянкамі паляўнічых па берагах рэк, часцей на пясчаных дзюнах. Па меры раставання апошняга ледавіковага покрыва ў гарах Скандынавіі плямёны грэнскай культуры разам з плямёнамі свідэрскай культуры прасоўваліся на Пн. Асаблівасцю культуры з’яўляецца пашырэнне крамянёвых асіметрычных наканечнікаў стрэл (грэнскі тып), апрацаваных з аднаго краю. Самыя стараж. помнікі грэнскай культуры Бароўка, Каромка, Хвойна (Магілёўскі р-н), другога этапа развіцця — Грэнск, Дальняе Ляда (Быхаўскі р-н), Рэкорд (Лоеўскі р-н). На рубяжы ранняга і позняга мезаліту Грэнская культура змянілася сожскай культурай. Вылучыў грэнскую культуру ў 1960-я г. У.​Дз.​Будзько, даследавалі А.​Г.​Калечыц, В.​Ф.​Капыцін, У.​П.​Ксяндзоў.

В.​Ф.​Капыцін.

Крамянёвыя наканечнікі стрэл грэнскай культуры з паселішча Бароўка Быхаўскага раёна.

т. 5, с. 495

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВО́РНАЎКА,

вёска ў Кармянскім р-не Гомельскай вобл., каля р. Сож. Цэнтр сельсавета і калгаса. За 13 км на Пд ад г.п. Карма, 80 км ад Гомеля, 73 км ад чыг. ст. Рагачоў, на аўтадарозе Карма — Чачэрск. 485 ж., 196 двароў (1996). Сярэдняя школа, Дом культуры, б-ка, аддз. сувязі. Брацкая магіла сав. воінаў. Каля вёскі ва ўрочышчы Грэнск гарадзішча ранняга жал. веку.

т. 4, с. 274

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАМЕ́ННЫ ВЕК,

найбольш ранні перыяд у гісторыі чалавецтва, калі прылады рабілі з каменю, дрэва, косці і рогу. Пачаўся 3—2,5 млн. г. назад у Афрыцы і закончыўся ў Еўропе 2,5—1,8 тыс. г. да н.э. Адрозніваюць старажытны К.в. — палеаліт, сярэдні — мезаліт і новы — неаліт. Палеаліт працягваўся больш за 2 млн. гадоў. Традыц. перыядызацыя палеаліту на ніжні (ранні), сярэдні і верхні (позні) у апошнія дзесяцігоддзі значна змянілася. У раннім палеаліце вылучаюць алдувайскую (2,6 млн. — 700 тыс. г. назад) і ашэльскую (гл. Ашэль, 700 тыс. — 100 тыс. г. назад) эпохі. Ашэльскую ў сваю чаргу падзяляюць на стараж., сярэднюю і познюю. У ніжнім палеаліце найстаражытнейшыя людзі — архантрапы (пітэкантрапы, сінантрапы, гейдэльбергскі чалавек і інш.) карысталіся грубааббітымі галечнымі прыладамі (чоперамі і чопінгамі), займаліся збіральніцтвам і паляваннем. Да сярэдняга палеаліту адносіцца эпоха мусцье (70—35 тыс. г. назад), якая з’яўляецца заключным этапам фарміравання чалавека — палеаантрапа (стараж. чалавек), неандэртальца. Гэтыя людзі ўжо ўмелі будаваць прымітыўнае жыллё, здабываць агонь, вырабляць да 60 тыпаў прылад працы, займаліся паляваннем, выкарыстоўвалі скуры жывёл, каб засцерагчыся ад холаду. Позні палеаліт пачаўся 40—35 тыс. г. назад. Да яго пачатку сфарміраваўся чалавек сучаснага віду — краманьёнец. У гэты час паступова ўдасканальвалася апрацоўка крэменю, значна пашырыўся асартымент прылад працы (да 100 тыпаў), пачалі шырока ўжывацца вырабы з косці, удасканалілася паляўнічая зброя, адбыліся змены ў фарміраванні радавога ладу, значна павялічылася колькасць насельніцтва, акрамя вял. калектыўных з’явіліся жытлы малых памераў для парных сем’яў. Узніклі прымітыўныя рэлігійныя ўяўленні, рытуал пахавання, развівалася першабытнае мастацтва. Заключная фаза палеаліту прыпадае на канец ледавіковай эпохі (14—11 тыс. г. назад), т.зв. фінальны палеаліт. У гэты час у Еўропе ад Ютландыі да вярхоўяў Дняпра распаўсюдзіліся супольнасці паляўнічых, асновай існавання якіх было паляванне пераважна на паўн. аленя. Пераходны перыяд ад палеаліту да неаліту — мезаліт — у залежнасці ад кліматычных зон працягваўся з 11 тыс. г. да 7 тыс. г. назад. Крамянёвая індустрыя мезаліту адметная наяўнасцю мікралітаў і прылад працы на пласцінах, з’яўляюцца і масіўныя прылады — макраліты. Людзі сталі асвойваць паўн. прасторы, што вызваляліся ад ледавіка. Значную ролю ў жыцці чалавека пачало адыгрываць рыбалоўства, павялічылася колькасць стаянак на берагах рэк. У мезаліце шырока выкарыстоўваліся лук і стрэлы, быў прыручаны сабака, склалася племянная арганізацыя. З 8-га тыс. да н.э. пачынаецца неаліт, спачатку на Блізкім Усходзе, потым у Індакітаі, а з 6-га тыс. да н.э. — у Еўропе. Людзі пачалі займацца земляробствам, вырабляць ляпны посуд, прыручаць буйную рагатую жывёлу, свіней і інш., карыстацца драўлянымі чаўнамі, удасканалілі вытворчасць каменных прылад. У гэты час узніклі прадзенне і ткацтва, больш разнастайнымі сталі вопратка чалавека і ўпрыгожанні, развіваліся шмат якія галіны першабытнага мастацтва (арнаментаванне, аздабленне, гравіроўка на косці, рогу і абпаленай гліне, аб’ёмная скульптура), з’явіліся музычныя інструменты. Пачаўся пераход да вытв. гаспадаркі і аселасці. Мацярынска-радавы лад дасягнуў свайго апагею.

На Беларусі стаянкі чалавека ўпершыню з’явіліся ў познім палеаліце (Бердыж і Юравічы). Мезаліт тут пачаўся ў 9-м тыс. да н.э. У гэты час у асноўным заселена ўся тэр. сучаснай Беларусі. Фарміраваліся грэнская культура (Грэнск, Дальняе Ляда), днепра-дзяснінская культура (Берагавая Слабада, Краснаўка, Міхайлаўка), сожская культура (Журавель, Горкі Чэрыкаўскага р-на), свідэрская культура (Бабровічы, Опаль, Нобель, Заазер’е), Кунда культура (Замошша, Крумплева), яніславіцкая культура (Беліца-2, Нясілавічы-1), кудлаеўская культура (Азярное-1), помнікі нарачанскага тыпу (Стугалапы, Кусеўшчына). У неаліце (5—2-е тыс. да н.э.) тэр. Беларусі засялялі плямёны днепраданецкай культуры (Юравічы-3—6, Пхоў, Слабодка), верхнедняпроўскай культуры (Лоша-1,2, Цітаў Бугор), нарвенскай культуры (Асавец-2,4; Зацэнне, Сосенка), нёманскай культуры (Добры Бор, Лысая Гара, Русакова-2, Камень-2), тыповай грабеньчата-ямкавай керамікі культуры (Скема-1,2), шарападобных амфар культуры (Краснасельскі, Малыя Ёдкавічы), культуры помнікаў тыпу Бабінавічаў (Бабінавічы-2, Лаўкі, Мяжа-1).

Літ.:

Борисковский П.И. Древнейшее прошлое человечества. 2 изд. Л., 1979;

Елинек Я. Большой иллюстрированный атлас первобытного человека. Прага, 1983;

Палеолит СССР. М., 1984;

Мезолит СССР. М., 1989;

Археалогія Беларусі. Т. 1. Мн., 1997.

І.​М.​Язэпенка.

Каменны век. Востраканечнік і скрэблападобная прылада працы. Знаходкі каля в. Абідавічы Быхаўскага раёна Магілёўскай вобл.

т. 7, с. 513

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)