Беларуская Савецкая Энцыклапедыя (1969—76, паказальнікі; правапіс да 2008 г., часткова)
ГРЭ́ЙФЕР (ням. Greifer ад greifen хапаць, схопліваць),
1) грузазахопныя прыстасаванні пад’ёмных механізмаў (экскаватараў, кранаў, пагрузчыкаў, монарэйкавых цялежак), якія маюць паваротныя сківіцы (з зубамі) для захоплівання грузаў. Выкарыстоўваюцца для перагрузкі і транспартавання на невял. адлегласці сыпкіх і кускавых матэрыялаў, лесаматэрыялаў, для распрацоўкі невял., але глыбокіх катлаванаў у мяккіх грунтах, ачысткі вадаёмаў і інш.Найб. пашыраны грэйфер для сыпкіх грузаў ёмістасцю 0,8—1,2 м³.
2) Прыстасаванне ў апаратах і машынах для замацавання (захоплівання) прадмета, які апрацоўваецца.
І.І.Леановіч.
Схема работы двухканатнага двухсківічнага грэйфера: 1 — разгрузка; 2 — апусканне на матэрыял; 3 — захопліванне матэрыялу; 4 — пад’ём.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЗЕМЛЕЧАРПА́ЛЬНЫ СНАРА́Д,
плывучая землярыйная машына з чарпаковым прыстасаваннем для вымання грунту з-пад вады. Рабочы орган адначарпаковых З.с. — коўш ёмістасцю да 20 м³ (глыбіня чэрпання да 30 м) або грэйфер многачарпаковых — шэраг каўшоў ёмістасцю да 1,5 м³, злучаных у выглядзе замкнёнага ланцуга (глыбіня чэрпання да 18 м). Падняты каўшамі грунт выдаляецца ў адвалы (разам з вадой па латаках, трубаправодах) ці загружаецца на грунтаадвозную шаланду або баржу. Выкарыстоўваюцца для днопаглыбляльных работ, капання падводных катлаванаў, узвядзення дамбаў, насыпаў, здабычы карысных выкапняў і інш. Здабыўныя З.с. маюць абагачальную ўстаноўку і наз.драгамі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГРУЗАЗАХО́ПНЫЯ ПРЫСТАСАВА́ННІ,
механізмы і прыстасаванні да грузападымальных машын, прызначаныя захопліваць, перамяшчаць і разгружаць розныя грузы. Грузазахопныя прыстасаванні для штучных грузаў — чалачныя стропы, скобы, грузавыя траверсы, клешчавыя і эксцэнтрыкавыя захопы, крукі, клямары, гакі, сеткі; для насыпных — грэйферы, каўшы, кюбелі; для наліўных — бодні, спец. ёмістасці.
Бываюць аўтаматычныя (кіруюцца прыводам грузападымальнай машыны, напр. аўтастропы, грузавыя электрамагніты), паўаўтаматычныя (выпускаюць зашчэмлены груз пры апусканні яго на апорную паверхню, напр. абцуговыя захопы) і ручныя (замацоўваюцца і знімаюцца з грузаў уручную). Для падымання грузаў з плоскімі паверхнямі (лісты, буд. блокі, каробкі) выкарыстоўваюць вакуумныя грузазахопныя прыстасаванні, аснашчаныя захопамі, галоўкамі і гнуткімі прысосамі. Пашыраны спецыялізаваныя грузазахопныя прыстасаванні для пэўных грузаў — рулонаў і пакетаў ліставых матэрыялаў, кантэйнераў, бярвён і да т.п.