ГРЫ́ФАЛА
(Grifola),
род губавых базідыяльных грыбоў сям. албатрэлавых. Вядомы 3 віды. Пашыраны ў Еўразіі, Паўн. Амерыцы, Аўстраліі. На Беларусі 2 рэдкія віды: грыфала парасонавая, або губа разгалінаваная (G. umbellata), і грыфала кучаравая, або грыб-баран, занесеныя ў Чырв. кнігу. Паразіты. Растуць каля ствалоў дрэў, пнёў пераважна лісцевых парод, зрэдку на драўніне. Выклікаюць стрыжнёвую гніль асновы ствала і каранёвай часткі. Пладаносяць у канцы лета і восенню. Ядомыя, з добрымі смакавымі ўласцівасцямі.
У грыфале парасонавай пладовае цела дыям. да 50 см і масай да 4 кг. Складаецца са шматлікіх пянькоў з агульнай асновай. Шапкі суцэльнакрайнія, іншы раз хвалістыя, з невял. паглыбленнямі ў цэнтры, палевыя, светла-вохрыстыя, шэра-карычневыя, гладкія, зрэдку дробналускаватыя. Тканка белая, мясістая, з узростам валакністая, з характэрным кропавым пахам і прыемным смакам. Гіменафор трубчасты. Споры амаль цыліндрычныя ці верацёнападобныя.
т. 5, с. 485
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГРЫБ-БАРА́Н,
грыфала кучаравая, губавы базідыяльны грыб сям. албатрэлавых. Трапляецца ў Еўразіі, Паўн. Амерыцы. На Беларусі рэдкі рэліктавы від, знойдзены ў Пружанскім, Барысаўскім, Чэрвеньскім і Жыткавіцкім р-нах; занесены ў Чырвоную кнігу. Расце ў шыракалістых і хвойна-шыракалістых лясах пры аснове старых ствалоў дуба, граба, вяза, клёна, значна радзей сасны. Дэкаратыўны малавядомы ядомы грыб. Пладаносіць у ліпені—верасні.
Пладовае цела дыям. да 1 м і масай да 10—20 кг. Складаецца з паўторна-галінастых пянькоў з агульнай асновай. Шапкі шматлікія, паўкруглыя, радыяльна-маршчакаватыя, шурпатыя, жаўтавата-шэрыя ці шаравата-бурыя. Тканка белая, валакніста-мясістая, з прыемным пахам арэха. Споры гладкія, бясколерныя. Фітапатагенны грыб. Грыбніца жыве ў каранях і ствалах дрэў на працягу многіх гадоў, утварае белую стрыжнёвую гніль са шматлікімі поласцямі.
т. 5, с. 470
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГУ́БАВЫЯ ГРЫБЫ́,
група сям. базідыяльных грыбоў парадку афілафаральных. Вядома больш за 1 тыс. відаў, пашыраных па ўсім зямным шары. На Беларусі больш за 200 відаў і формаў з 62 родаў: карыёл, летыпор, грыфала, гіменахета, шчыліналіснік, фомес, дэдалея, аксіпор і інш. Губавыя грыбы — актыўныя разбуральнікі драўніны. Пераважна сапратрофы, растуць на адмерлай драўніне, пнях, радзей на глебе, пашкоджваюць драўляныя збудаванні (дамавыя грыбы). Некат. паразіты, пасяляюцца на жывых дрэвах (напр., фелінус, інанотус, фамітопсіс), зніжаюць выхад дзелавой драўніны. Драўніна з пач. стадыяй пашкоджання некат. губавымі грыбамі (напр., сапраўдным, кляновым) мае прывабны ўзорысты малюнак і ідзе на выраб муз. інструментаў, сувеніраў. Губавыя грыбы мінералізуюць арган. рэчывы, садзейнічаюць аднаўленню ўрадлівасці глебы. Некат. маюць антыбіятычныя і інш. ўласцівасці, выкарыстоўваюцца ў медыцыне (чага, сапраўдная губа, лістоўнічная губка, ганадэрма), ёсць ядомыя (бяляк, пячоначніца звычайная, серна-жоўтая губа).
Міцэлій шматгадовы, гіфы тонкія, разгалінаваныя. Пладовыя целы адна-, двух- і шматгадовыя, масай да 10 кг, распасцёртыя (да 1,5 м), распасцёрта-адагнутыя, сядзячыя, некат. дыферэнцыраваны на ножку і шляпку; кансістэнцыя мясістая, скурыстая або дравяністая; колер ад белага, жаўтаватага і шэрага да чырвонага, бурага і чорнага. Пры адміранні высыхаюць. Гіменафор звычайна трубчасты, радзей лабірынтападобны або пласціністы. Споры цыліндычныя, эліпса- ці шарападобныя, разносяцца ветрам. А.І.Галаўко.
т. 5, с. 514
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)