БАБЁР-ТРАГАНТЭ́РЫЙ
(Trogontherium cuvieri),
вымерлая млекакормячая жывёла сям. бабровых атр. грызуноў. 5 відаў. Жылі ў Еўразіі ў канцы пліяцэну, раннім і сярэднім плейстацэне. Вядома 20 месцазнаходжанняў яго рэшткаў, у т. л. на Беларусі ў Баранавіцкім раёне ў адкладах ранняга плейстацэну.
Вонкава нагадваў сучаснага бабра, але амаль удвая большы за яго. Будова і пастаноўка разцоў сведчаць, што гэта рыючы грызун. Верагодна, жыццё яго не было цесна звязана з каляводнымі біятопамі, мог жыць і ў засушлівых раёнах. Рэшткі маюць палеагеагр. і стратыграфічнае значэнне.
т. 2, с. 180
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БАЙБА́К,
стэпавы сурок (Marmota bobak), млекакормячае сям. вавёркавых. Пашыраны ў стэпавай і лесастэпавай паласе Усх. Еўропы і Азіі.
Даўж. цела да 60 см, хваста да 15, маса да 6,5 кг. Поўсць кароткая, мяккая, пясочна-жоўтая са слабымі цёмнымі плямкамі. Лапы кароткія з моцнымі кіпцюрамі. Жыве сем’ямі ў глыбокіх норах, утварае калоніі. Тыповы дзённы грызун, найб. актыўны раніцай і вечарам. На зіму ўпадае ў спячку (да 6 месяцаў), назапасіўшы тлушчу (да 30% ад масы). Нараджае 4—5 дзіцянят. Корміцца дзікай травяністай расліннасцю. Аб’ект промыслу (выкарыстоўваюць шкурку, мяса, тлушч). Ворыва цаліны і паляванне значна зменшылі яго колькасць. Ахоўваецца.
т. 2, с. 223
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)