ДЭЗУРБАНІ́ЗМ (ад дэз... + урбанізм),

кірунак у горадабудаўніцтве 20 ст., які азначае разгрупоўку насельніцтва, зніжэнне ролі гарадоў аж да поўнага іх адмаўлення; супрацьлеглы урбанізму. Выкліканы канцэнтрацыяй шкоднай вытв-сці ў буйных гарадах, парушанай экалогіяй, адарванасцю чалавека ад прыроды. Ідэі Д. ўвасобіліся ў палітыцы абмежавання росту вял. гарадоў і вызначэнні іх памераў, распрацоўцы гарадоў-садоў (Лечуарт, Англія, 1902—03; арх. Р.​Ануін; комплекс Ла Мюэт у Дрансі каля Парыжа, 1930—34, арх. Э.​Бадуэн, М.​Лодс і інш.), гарадоў-спадарожнікаў.

Ідэі Д. ўзніклі ў утапістаў (Ш.​Фур’е, Р.​Оўэн і інш.), якія бачылі ідэал у малых пасяленнях. Распрацаваны ў кнізе Э.​Хоўарда «Заўтра» (1898), увасобіліся ў работах Э.​Саарынена (арганічная дэцэнтралізацыя г. Хельсінкі, 1918), М.​Гінзбурга (ідэя непарыўнага лінейнага 2—3-павярховага дома для стварэння Зялёнага горада пад Масквой, 1928). Сярод самых вядомых праекты па буд-ве г. Магнітагорск (1930, арх. М.​Ахітовіч, М.​Баршч, І.​Леанідаў і інш.), у якіх адмаўляліся і горад і вёска, прапаноўваліся жылыя паясы (25 км), што сыходзіліся да вытв. комплексаў; побач размяшчаліся с.-г. тэрыторыі і зоны адпачынку.

На Беларусі канцэпцыі Д. часткова адбіліся ў прапановах (1968—87) па рассяленні насельніцтва, абмежаванні росту Мінска і абл. цэнтраў, развіцці малых гар. пасяленняў і стварэнні ўзаемазвязаных груп гар. і сельскіх населеных пунктаў (І.​Сянкевіч, І.​Іода, Ю.​Шпіт і інш.).

Літ.:

Хорев Б.С. Проблемы городов. 2 изд. М., 1975;

Груза И. Теория города: Пер. с чеш. М., 1972;

Иодо И.А. Основы градостроительства: Теория, методология. Мн., 1983.

І.​А.​Іода.

т. 6, с. 327

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АЎТАМАБІ́ЛЬНЫ ТРА́НСПАРТ,

від транспарту па перавозцы грузаў і пасажыраў аўтамабілямі. Уключае аўтатранспартныя сродкі, аўтамабільныя дарогі і рамонтна-эксплуатацыйную службу ў аўтагаспадарках і на аўтадарогах. Паводле прызначэння бывае грузавы, пасажырскі (аўтобусы, легкавыя аўтамабілі, у т. л. таксаматоры), спецыяльны (аўтацыстэрны, аўтакраны, аўтапагрузчыкі, сан., пажарныя машыны і інш.); паводле формаў уласнасці — дзярж., ведамасны, муніцыпальны (гарадскі), прыватны. Адрозніваюць унутрыгар. (мясцовыя), міжгароднія і міжнар. перавозкі грузаў і пасажыраў. Для забеспячэння парадку і бяспекі работы аўтамабільнага транспарту ўведзены правілы дарожнага руху, нумарныя і знакі дарожныя, створана сістэма дзярж. аўтаінспекцыі (ДАІ).

Аўтамабільны транспарт пачаў фарміравацца з канца 19 ст. з развіццём аўтамабільнай прамысловасці і буд-вам аўтамаб. дарог. У 1900 у краінах свету было 11 тыс. аўтамабіляў, у 1940 — 46 млн., у 1950 — 70,4 млн., у 1990 — 430 млн., у 1994 — 472 млн. У 1993 аб’ём перавозак грузаў у краінах свету дасягнуў 50,6 млрд. т, а грузаабарот 3564,6 млрд. ткм, агульны пасажыраабарот склаў 10,1 млрд. пасажыра-км. Найб. колькасць легкавых і грузавых аўтамабіляў, аўтобусаў у ЗША — адпаведна 141, 42,2, 0,6 млн.; у ФРГ — 26,2, 4,7, 0,07 млн. (1988). У ЗША найб. і працягласць шашэйных дарог (6235 тыс. км), з іх 5637 тыс. км з цвёрдым пакрыццём; у ФРГ адпаведна 2003 тыс. км і 1803 тыс. км (1987). У Расіі ў 1913 было 8,8 тыс. аўтамабіляў, пераважна легкавых, у 1994 — 2,92 млн. грузавых і 11,5 млн легкавых аўтамабіляў, 1,29 млн. аўтобусаў; працягласць шашэйных дарог 925 тыс. км, у т. л. 726 тыс. км з цвёрдым пакрыццём.

На Беларусі ў 1910 было 65 аўтамабіляў, крыху больш за 1 тыс. км дарог з цвёрдым пакрыццём (8 км дарогі на 1000 км² плошчы). У час ваен. дзеянняў 1914—20 большасць дарог з цвёрдым пакрыццём разбурана. Развіццё аўтамабільнага транспарту пачалося ў сав. час (гл. табліцу). У 1994 тут было 230 тыс. грузавых, 708 тыс. легкавых аўтамабіляў, 33 тыс. аўтобусаў. Унутрыгасп. і прыгарадны аўтатранспарт функцыянаваў у 111 гарадах, дзейнічала 3450 унутрырэсп. аўтобусных ліній і 80 ліній за межы Беларусі, 105 аўтастанцый, 37 аўтавакзалаў. На тэр. Беларусі дзейнічае разгалінаваная сетка аўтамабільных дарог (гл. карту-схему), у складзе якой і аўтамагістралі міжнар. значэння. З 1990-х г. ажыццяўляецца структурная перабудова аўтамабільнага транспарту: побач з дзярж. груза- і пасажыраперавозкамі інтэнсіўна развіваюцца міжнар. грузавыя перавозкі камерц. структурамі, павялічваецца доля арэнднага і прыватнага аўтапарка.

В.​С.​Міленькі.

Развіццё аўтамабільнага транспарту на Беларусі
1 1940 1960 1980 1990 1994
Перавезена грузаў, млн. т 15 213,6 736,7 987,6 472,5
Грузаабарот, млн. т км 199 2939 16 806 22 361 12 488
Перавезена пасажыраў, млн. чал. 10,5 306,6 1583 2399 1794,4
Пасажыраабарот, млн. пасажыра-км 88 2045 14 382 19 787 12 012

т. 2, с. 112

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГО́МЕЛЬСКАЯ ВО́БЛАСЦЬ,

адм.-тэр. адзінка Рэспублікі Беларусь. Размешчана на ПдУ Беларусі, каля граніц з Украінай і Расіяй. Утворана 15.1.1938. Пл. 40,4 тыс. км². Нас. 1594,2 тыс. чал. (1995). Цэнтр — г. Гомель. У вобласці 21 раён: Акцябрскі, Брагінскі, Буда-Кашалёўскі, Веткаўскі, Гомельскі, Добрушскі, Ельскі, Жлобінскі, Жыткавіцкі, Калінкавіцкі, Кармянскі, Лельчыцкі, Лоеўскі, Мазырскі, Нараўлянскі, Петрыкаўскі, Рагачоўскі, Рэчыцкі, Светлагорскі, Хойніцкі, Чачэрскі (гл. адпаведныя артыкулы), 17 гарадоў, у т. л. 8 абл. падпарадкавання — Гомель, Добруш, Жлобін, Калінкавічы, Мазыр, Рэчыца, Рагачоў, Светлагорск, 18 гар. пасёлкаў, 279 сельсаветаў, 2665 сельскіх населеных пунктаў.

Прырода. Паверхня вобласці раўнінная. Большая ч. вобласці размешчана на Палескай нізіне, паўд.-ўсх. і ўсх. — на Прыдняпроўскай нізіне. У межах вобласці вылучаюцца 3 фізіка-геагр. раёны падправінцыі Беларускага Палесся: Прыпяцкае Палессе, Мазырскае Палессе, Гомельскае Палессе. На правым беразе Прыпяці — Мазырская града з вышэйшым пунктам вобласці — 221 м, у міжрэччы Дняпра і Прыпяці — Хойніцка-Брагінскія вышыні (да 157 м). Пераважае нізінны рэльеф (вышыні 135—150 м над узр. м.), які займае ¾ тэр. вобласці. Ніжэйшы пункт у пойме Дняпра пры выхадзе яго на тэр. Украіны — 103,4 м над узр. м. Карысныя выкапні: нафта (60 радовішчаў пераважна ў Рэчыцкім, Светлагорскім і Акцябрскім р-нах), калійныя і каменныя солі (Петрыкаўскае радовішча калійных і каменнай солей, Давыдаўскае і Мазырскае радовішча каменнай солі), буры вугаль (Брынёўскае і Жыткавіцкае радовішчы), гаручыя сланцы (Тураўскае радовішча), торф, будаўнічы і абліцовачны камень, шкловыя і фармовачныя пяскі, мел, гіпс, цагельныя гліны і суглінкі, каалін, мінер. воды і інш. Клімат умерана кантынентальны. Зіма мяккая, лета цёплае. Сярэднямесячная т-ра паветра ў студз. ад -6,3 °C на ПдЗ да -8,2 °C на ПнУ, у ліп. ад 18,5 °C на З да 19,7 °C на У. Вегетац. перыяд 188—199 сутак. Гадавая колькасць ападкаў 510—670 мм. Каля 70% іх прыпадае на цёплую палавіну года (крас. — кастрычнік). Рэкі належаць да басейна Дняпра, што працякае па тэр. вобласці з Пн на Пд на працягу амаль 400 км. Найб. яго прытокі ў межах вобласці суднаходныя — Прыпяць, Бярэзіна (справа), Сож (злева). Найб. прытокі Прыпяці — Случ, Пціч, Трэмля, Іпа (злева), Сцвіга, Убарць, Славечна, Жалонь (справа), Сажа — Беседзь і Іпуць (злева). Самае вял. па плошчы воз. Чырвонае, у поймах рэк невял. азёры-старыцы. Густая сетка меліярац. каналаў. Глебы сельгасугоддзяў пераважна дзярнова-падзолістыя (31,6%) і дзярнова-падзолістыя забалочаныя (28,7%), тарфяна-балотныя (19,2%), поймавыя і інш. Паводле мех. складу пераважаюць супясчаныя (31,2%) і пясчаныя (30,8%), менш тарфяных (19,2%) і сугліністых (18,8%). Асушаныя землі займаюць каля 30% сельгасугоддзяў, найб. у Акцябрскім р-не — 50%, у Калінкавіцкім, Ельскім, Петрыкаўскім, Светлагорскім, Хойніцкім р-нах каля 40%. Пад лесам каля 44% тэр. вобласці. На хваёвыя лясы прыпадае 65%, бярозавыя — 14, чорнаальховыя — 9,5, дубовыя — 8%. Найб. лясістасць на З і Пд вобласці, у асобных раёнах больш за 50%. Пад лугамі 17,2%, каля ​2/3 з іх нізінныя. Балоты, пераважна нізінныя, займаюць каля 13% тэр. вобласці, большасць іх асушана. На тэр. вобласці Прыпяцкі ландшафтна-гідралагічны запаведнік (з 1997 нац. парк), 11 біялагічных, 1 ландшафтны і інш. заказнікі, 35 помнікаў прыроды. У выніку катастрофы на Чарнобыльскай АЭС 69,3% тэр. вобласці забруджана радыенуклідамі з працяглымі тэрмінамі паўраспаду, у т. л. зона са шчыльнасцю забруджвання па цэзію-137 больш як 5 Кі/км² займае 27,5% тэр. вобласці. У найб. забруджанай (шчыльнасць па цэзію-137 больш за 40 Кі/км²) паўд. ч. вобласці створаны Палескі радыяцыйна-экалагічны запаведнік.

Насельніцтва. Асн. насельніцтва беларусы (84,4%), жывуць таксама рускія (9%), украінцы (3%), яўрэі (2,8%) і інш. Гарадскога насельніцтва 68,2%. Сярэдняя шчыльн. 40 чал. на 1 км², сельскага насельніцтва 12,7 чал. на 1 км². Найб. гарады (тыс. чал., 1995): Гомель (514), Мазыр (107), Светлагорск (76), Рэчыца (73), Жлобін (67), Калінкавічы (42), Рагачоў (37), Добруш (20). Пасля 1985 нараджальнасць і натуральны прырост зніжаюцца, расце смяротнасць, павялічваецца доля асоб, старэйшых за працаздольны ўзрост. З 1986 насельніцтва ў Нараўлянскім, Брагінскім і Хойніцкім р-нах (найб. пацярпелі ад аварыі на Чарнобыльскай АЭС) паменшылася больш як на 50%.

Гаспадарка. Прамысловасць пераважае ў гаспадарчым комплексе. У ёй занята 30% усіх працуючых. Тэмпы развіцця і структура яе ў 1990-я г. нестабільныя. У 1991—95 для прам-сці вобласці характэрна зніжэнне аб’ёмаў вытв-сці і рост беспрацоўя. Вобласць спецыялізуецца на здабычы нафты, кухоннай солі, вытв-сці сталі і пракату, асобных галінах машынабудавання, хім., лясной, лёгкай і харч. прам-сці. У вобласці вырабляюць (у % да рэсп. вытв-сці): нафты і кухоннай солі (здабыча) — 100%, прадуктаў нафтаперапрацоўкі — 50, сталі — 81,5, сернай кіслаты — 49,3, фосфарных угнаенняў — 100, кормаўборачных камбайнаў — 100, падшыпнікаў качэння — 34, металарэзных станкоў — 20, аконнага шкла — 100, паперы — 29, кардону — 44, шпалераў — 58, драўняна-стружкавых пліт — 34, кандытарскіх вырабаў — 29, кансерваў — 21, туалетнага мыла — 100, гасп. мыла — 91%. Самыя вял. прадпрыемствы ў Гомелі, Мазыры, Светлагорску, Жлобіне, Рэчыцы, дзе сканцэнтравана каля 80% прамысл. патэнцыялу вобласці. У Рагачове малочнакансервавы камбінат і прадпрыемствы машынабудавання, у Рэчыцкім р-не асн. здабыча нафты краіны, у Добрушы папяровая ф-ка «Герой працы», фарфоравы з-д. На тэр. вобласці больш за 10 буйных прадпрыемстваў дрэваапр. прам-сці. У раённых цэнтрах і гар. пасёлках працуюць прадпрыемствы па перапрацоўцы с.-г. прадукцыі (агародніны, мяса, малака), лясной, дрэваапр., лёгкай прам-сці, па вытв-сці будматэрыялаў. Сельская гаспадарка большасці раёнаў спецыялізуецца на мяса-малочнай жывёлагадоўлі, вырошчванні збожжавых, бульбы, у прыгарадных гаспадарках таксама на птушкагадоўлі, вырошчванні агародніны і пладаводстве. У сельскай гаспадарцы занята 17,5% усіх працуючых. Галіна перажывае негатыўныя вынікі катастрофы на Чарнобыльскай АЭС: паменшылася плошча сельгасугоддзяў (асабліва ворыва), змянілася структура пасеваў, скарацілася пагалоўе жывёлы і інш. У цэлым роля вобласці ў с.-г. вытв-сці рэспублікі пасля Чарнобыльскай катастрофы паменшылася. Сельгасугоддзі займаюць 36,3% тэр. вобласці, у т. л. лугі і паша — каля 13%, ворыва — 21,5%. Найб. асвоены Буда-Кашалёўскі, Кармянскі, Добрушскі р-ны, дзе пад сельгасугоддзямі больш за 60% тэр. У структуры пасяўных плошчаў пераважаюць збожжавыя і зернебабовыя, а таксама кармавыя культуры (гл. табл. 1).

Сярод збожжавых найб. плошчы пад жытам і ячменем. У 1995 пры долі пасяўных плошчаў 14,3% (ад пасяўных плошчаў па рэспубліцы) атрымана 14,3% збожжа, 15,5% бульбы, 16,6% агародніны ад вытв-сці па рэспубліцы. На 433 фермерскія гаспадаркі (1996) прыпадае 8,3 тыс. га сельгасугоддзяў (у т. л. 6,7 тыс. га ворыва), што складае 0,6% ад усіх сельгасугоддзяў вобласці і 0,7% ворыва. Павышаецца доля фермерскіх і асабістых дапаможных гаспадарак у валавых зборах бульбы (83,6% у 1995), агародніны (80,9%), пладоў і ягад (96,4%). Жывёлагадоўля мяса-малочнага кірунку, развіты свінагадоўля і птушкагадоўля. Дынаміка пагалоўя на 1990 была дадатная, у апошнія гады адзначаецца тэндэнцыя да скарачэння пагалоўя і вытв-сці асн. прадуктаў жывёлагадоўлі (гл. табл. 2).

У апошнія гады павышаецца доля асабістых дапаможных гаспадарак у вытв-сці жывёлагадоўчай прадукцыі. Найб. колькасць жывёлы і птушкі (у жывой вазе) рэалізуецца калгасамі, саўгасамі і міжгасамі Гомельскага, Добрушскага, Жлобінскага р-наў, малака — Акцябрскага, Гомельскага, Калінкавіцкага, яец — Гомельскага р-на.

Транспарт. Агульная даўж. чыгункі 903 км. Праходзяць важныя міжнар. магістралі: С.-Пецярбург—Жлобін—Адэса, Вільнюс—Мінск—Жлобін—Корасцень—Кіеў, Брэст—Гомель. Удзельная вага чыг. транспарту ў агульным грузаабароце вобласці складае больш за 90%, у пасажыраабароце — 50% (1995). Буйныя чыг. вузлы Гомель, Жлобін, Калінкавічы. Аўтамаб. транспарт займае 2-е месца пасля чыгуначнага па груза- і пасажыраабароце. Даўж. аўтадарог з цвёрдым пакрыццём 7,9 тыс. км (1994). Асн. магістралі С.-Пецярбург—Віцебск—Гомель—Кіеў, Мінск—Гомель, Бранск—Гомель—Пінск—Брэст. Суднаходства па Дняпры, Прыпяці, Бярэзіне, Сажы. Па тэр. вобласці праходзіць магістральны нафтаправод «Дружба», газаправоды Гомель—Мінск, Шчорс—Гомель. Сетка нафтаправодаў злучае нафтапромыслы з нафтаправодам «Дружба». У Гомелі аэрапорт.

Л.​В.​Казлоўская.

Табліца 1
Пасяўныя плошчы вобласці
Плошча (тыс. га) Гады
1990 1994
Уся пасяўная плошча 880,5 855,2
Збожжавыя і зернебабовыя 379,7 407,8
Бульба 112,1 101,8
Лён 6,0 5,0
Агародніна 6,8 12,0
Плады і ягады 25,2 24,1
Кармавыя культуры 367,1 321,3
Табліца 2
Пагалоўе жывёлы і птушкі ў гаспадарках вобласці
Пагалоўе (тыс. галоў) Гады
1981 1991 1996
Буйная рагатая жывёла 1221 1160,3 776,2
у т.л. каровы 504 368,4 324,7
Свінні 652 686,3 556,4
Авечкі і козы 88 13,6 19,0
Птушка 7132 8274,5 5122,0
Да арт. Гомельская вобласць. Балота ў Рэчыцкім раёне (уверсе). На рацэ Сож у Гомелі.

т. 5, с. 338

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ІСЛА́НДЫЯ (Ísland),

Рэспубліка Ісландыя (Lýðveldið Ísland), дзяржава на в-ве Ісландыя ў паўн. ч. Атлантычнага ак. На Пн абмываецца Грэнландскім м., на У — Нарвежскім м., на З Дацкі прал. аддзяляе І. ад Грэнландыі. Пл. 103 тыс. км². Нас. 272,55 тыс. чал. (1996). Дзярж. мова — ісландская. Сталіца — г. Рэйк’явік. І. падзяляецца на 8 абласцей, якія ўключаюць 23 акругі (сіслы). Нац. свята — Дзень абвяшчэння незалежнай рэспублікі (17 чэрвеня).

Дзяржаўны лад. І. — рэспубліка. Дзейнічае канстытуцыя 1944. Кіраўнік дзяржавы — прэзідэнт, якога выбірае насельніцтва на 4 гады. Вышэйшы орган дзярж. улады — парламент (альцінг) складаецца з 2 палат: верхняй і ніжняй (выбіраюцца на 4 гады). Выканаўчая ўлада належыць прэзідэнту і ўраду. Акругамі кіруюць чыноўнікі, прызначаныя цэнтр. уладай. Органы мясц. кіравання — выбарныя муніцыпалітэты гарадоў. Суд. сістэма складаецца з Вярх. суда, які з’яўляецца вышэйшай апеляцыйнай інстанцыяй, гар. і ніжэйшых судоў.

Прырода. Большая ч. вострава — плато выш. 400—800 м над узр. м, месцамі ўкрытае лёдам, са шматлікімі вулканамі (каля 200). Найб. вядомыя — Гекла, Лакі, Аск’я і Хванадальсхнукур (найвыш. пункт І., 2119 м). На З і Пд — паласа ўзбярэжных нізін Моцна парэзаная берагавая лінія са шматлікімі фіёрдамі. Характэрны гарачыя крыніцы, гейзеры. Частыя землетрасенні. Карысныя выкапні: торф, лігніт, ісландскі шпат, сера. Мінер. крыніцы. Клімат субарктычны, марскі, абумоўлены ўплывам Гальфстрыма. Сярэдняя т-ра студз. ад 0 °C на ўзбярэжжы да -10 °C у гарах, ліп. адпаведна 11 °C і 0 °C. Ападкаў за год ад 465 мм на Пн да 2000—4000 мм на Пд. Ледавікі і снежнікі (пераважна на Пд) займаюць больш за 13% тэр. краіны, буйнейшыя з іх Ватнаёкудль (пл. каля 8400 км², магутнасць да 1 км), Лаўнгёкудль (1020 км²), Хофсёкудль (1000 км²). Рэкі кароткія (з парогамі і вадаспадамі), маюць значныя запасы гідраэнергіі. Характэрны шматлікія невял. азёры, буйнейшыя з іх — Тынгвадлаватн, Міватн. Глебы пераважна горныя арктычныя, на ўзбярэжных нізінах і невысокіх плато — вулканічныя, тарфяніста-дзярновыя. Расліннасць небагатая — горная тундра, тарфяныя балоты, увільготненыя злакавыя лугі. Жывёльны свет: пясцы, лемінгі, шмат птушак, прыбярэжныя воды багатыя рыбай. Нац. паркі — Тынгведлір, Міватн-ог-Лахсаў, Скафтафедль, Ёкульсаўргльювур; шматлікія рэзерваты, помнікі прыроды.

Насельніцтва. 99% складаюць ісландцы. Нац. меншасці: датчане, амерыканцы, шведы, немцы і інш. Сярод вернікаў пераважаюць пратэстанты (лютэране) — 96%, ёсць католікі. Сярэдняя шчыльн. насельніцтва 2,6 чал. на 1 км², найб. на ПдЗ вострава (каля 15 чал. на 1 км²). Гар. насельніцтва 92%. Найб. гарады (тыс. ж.): Рэйк’явік — 104,3 (1995), Коўпавагур — 16,7, Хабнарфіёрдур — 15,6, Акурэйры — 14,4 (1991). У прам-сці занята 24%, у сельскай гаспадарцы — 6% працаздольнага насельніцтва.

Гісторыя У старажытнасці І. была невядома. Каля 867 востраў адкрылі нарвежцы. У 9 ст. тут жылі нешматлікія пустэльнікі. Паміж 870 і 930 на ім пасялілася каля 20 тыс. чал. Гэта былі пераважна праціўнікі караля Харальда I Сінязубага, які аб’яднаў Нарвегію і актывізаваў барацьбу супраць родавай знаці. У І. прыбывалі і каланісты з нарв. пасяленняў у Ірландыі і Шатландыі. Тагачаснае грамадства падзялялася на свабодных (гл. Бонды) і несвабодных жыхароў, Родавыя вярхі мелі вырашальны голас на сходах (цінгах). Каля 930 у І. створаны агульнанар. сход (альцінг). Адным з асн. заняткаў насельніцтва было мараплаўства. У 980-я г. ісландцы адкрылі Грэнландыю, каля 1000 дасягнулі Паўн. Амерыкі; яны падтрымлівалі гандл. сувязі з народамі Еўропы, у т. л. з усх. славянамі. Каля 1000 альцінг ухваліў прыняцце ў І. хрысціянства, якое пранікала сюды пераважна з Нарвегіі. У 1056 і 1106 створаны першыя епіскапствы, падпарадкаваныя нарв. царк. іерархіі. Перыяд незалежнасці І. (10—12 ст.) быў і эпохай росквіту ісландскай культуры, асабліва л-ры. Родавае процістаянне і адсутнасць цэнтр выканаўчай улады прывялі ў 13 ст. да грамадз. вайны, што дапамагло нарв. каралям завалодаць востравам (1262—64). Панаванне нарвежцаў прыспешыла працэс феадалізацыі краіны. Улада на месцах перайшла ў рукі каралеўскіх чыноўнікаў, мясц. заканадаўства прыстасавана да нарвежскага. Маёмасць апальнай знаці была канфіскавана ва ўласнасць кароны і здавалася ў арэнду. У 1380 разам з Нарвегіяй І. апынулася ў уніі з Даніяй. З гэтага часу ўсе царк і свецкія пасады ў І. займалі датчане. У 1537—50 Крысціян III навязаў І. лютэранства, пераадолеўшы супраціўленне ч. грамадства і каталіцкага духавенства. Паступовае пагаршэнне клімату (з 13 ст.), пірацтва на Атлантычным ак., увядзенне Даніяй гандл. абмежаванняў (з 1602 дацкая манаполія на гандаль з І.), выбухі вулканаў і эпідэміі зрабілі немагчымым у 14—18 ст. эканам. і дэмаграфічнае развіццё вострава (заняпад сельскай гаспадаркі, запавольванне прыросту насельніцтва). У пач. 19 ст. І. канчаткова страціла фармальныя прыкметы аўтаноміі (у 1800 указам дацкага караля скасаваны альцінг, у 1808 ліквідавана мясц. самакіраванне). Пасля скасавання дацка-нарв. уніі (1814) І. засталася ў складзе ўладанняў Даніі. У 1-й пал. 19 ст. ў асяроддзі маладой і нешматлікай ісландскай інтэлігенцыі ўзнік рух за нац адраджэнне пад лозунгамі эканам. і паліт. незалежнасці, які ўзначаліў І.Сігурдсан. У выніку дацкі ўрад вымушаны быў пайсці на ўступкі: у 1843 адноўлены альцінг (з дарадчымі функцыямі), у 1854 скасавана дацкая гандл. манаполія, у 1871 І. атрымала абмежаваную аўтаномію (замацавана паводле канстытуцыі 1874), пашыраную ў 1903. У 1870—90 значная колькасць насельніцтва эмігрыравала ў ЗША і Канаду. У канцы 19 — пач. 20 ст. ў І. сфарміраваўся каап. рух, пачалі стварацца першыя паліт. партыі.

1.12.1918 І. абвешчана суверэннай дзяржавай (з уласным урадам і паўнамоцным парламентам) у персанальнай уніі з Даніяй. 18.5.1920 альцінг прыняў канстытуцыю краіны. У час 2-й сусв. вайны, пасля захопу Даніі ням.-фаш. войскамі (май 1940), у І. высадзіліся брыт., у ліп. 1941 — амер. войскі. 17.6.1944 паводле рэферэндуму, праведзенага ў сувязі з заканчэннем 25-гадовага тэрміну уніі з Даніяй, І. абвешчана рэспублікай. Першым прэзідэнтам стаў С.​Б’ёрнсан. З 1948 краіна карысталася амер. дапамогай у межах Маршала плана. У 1-й пал. 20 ст., дзякуючы развіццю рыбалоўства і рыбаперапрацоўкі, адбыўся хуткі ўздым узроўню жыцця насельніцтва. З мэтай забеспячэння сваіх эканам. інтарэсаў І. пашырыла сферу выключнага рыбалоўства (у 1975 — да 200 марскіх міль), што стала прычынай канфлікту з Вялікабрытаніяй, ФРГ і інш. еўрап. дзяржавамі (т. зв. «трасковыя войны»). Робяцца спробы развіцця інш. галін прам-сці, энергетыкі і сельскай гаспадаркі. У паліт. жыцці І. гал. ролю адыгрываюць Партыя незалежнасці (засн. ў 1929), Прагрэс. партыя, С.-д. партыя (абедзве засн. ў 1916), Нар. саюз (засн. ў 1968); дзейнічае Федэрацыя прафсаюзаў І. Ніводная з партый не мае вырашальнага ўплыву ў грамадстве, што выклікае неабходнасць стварэння кааліцыйных урадаў і прыводзіць да частай змены кабінетаў. Пасля 2-й сусв. вайны найб. трывалыя кааліцыі стваралі Партыя незалежнасці з Прагрэс. партыяй (1950—56, 1974—78, 1983—88, з 1995) і сацыял-дэмакратамі (1959—71, 1991—95). Прэм’ер-міністр Д.​Одсан (з 1991). Прэзідэнт краіны О.​Р.​Грымсан (з 1996). І. — член ААН (з 1946), НАТО (з 1949), Паўн. савета (з 1952), Еўрап. асацыяцыі свабоднага гандлю (з 1970), Савета Еўропы, Арг-цыі па бяспецы і супрацоўніцтве ў Еўропе.

Гаспадарка. Паводле аб’ёму валавога ўнутр. прадукту (ВУП) на душу насельніцтва І. займае адно з вядучых месцаў у групе развітых дзяржаў (18,8 тыс. дол. ЗША, 1995). Доля прамысловасці ў ВУП каля 30%, сельскай гаспадаркі — 12%. Каля 20% ВУП і 75% экспартных паступленняў забяспечваюць рыбалоўства і рыбаперапрацоўка, у якой занята 12% працаздольнага насельніцтва. Улоў рыбы ў 1995 склаў 1,62 млн. т. Ловяць пераважна мойву (​1/2 улову), траску, селядцоў. Асн. раёны перапрацоўкі рыбы (засолачныя станцыі і халадзільнікі, з-ды рыбакансервавыя, па вытв-сці рыбнай мукі і тлушчу) — Рэйк’явік, Акурэйры, Сіглуфіёрдур, Вестманаэяр. Выпрацоўка электраэнергіі 4,9 млрд. кВт гадз (1995), пераважна на ГЭС (93,5%). Геатэрмальная электрастанцыя ў г. Крафла. Спажыванне электраэнергіі на душу насельніцтва ў І. адно з самых высокіх у свеце (18 тыс. кВт гадз за год). Гарачыя крыніцы выкарыстоўваюць на абагрэў жылля і цяпліц. Чорная і каляровая металургія развіваецца на таннай электраэнергіі, вядзецца металаапрацоўка, вытв-сць буд. матэрыялаў, мінер. угнаенняў. Вытв-сць (тыс. т, 1995): алюмінію — 88, ферасіліцыю — 72, дыятаміту — 29, цэменту — 185. Гал. цэнтры — Хабнарфіёрдур (алюмініевы з-д), Акранес (цэментны з-д), Гувунес (камбінат азотных угнаенняў). Ёсць верфі па рамонце і буд-ве рыбалоўных суднаў (Рэйк’явік, Акурэйры), малочныя з-ды і мясакамбінаты, тэкст., трыкат., гарбарна-абутковыя прадпрыемствы. Аснова сельскай гаспадаркі — мяса-воўнавая авечкагадоўля і малочная жывёлагадоўля. С.-г. ўгоддзі выкарыстоўваюцца пераважна пад сенажаці і пашы (22% тэр. краіны). Гадуюць авечак (451 тыс. галоў, 1996), буйн. раг. жывёлу, коней, поні. Апрацоўваецца каля 1% тэрыторыі. Вырошчваюць бульбу, турнэпс, кармавыя травы, у цяпліцах (больш за 100 га) — памідоры, агуркі і інш. Транспарт марскі і аўтамабільны. Асноўная ч. грузаперавозак прыпадае на марскі флот (танаж каля 170 тыс. брута-рэг. т). У рыбалоўным флоце больш за 1 тыс. суднаў агульным танажом каля 130 тыс. брута-рэг. т. Аўтатранспарт (119 тыс. аўтамабіляў) ажыццяўляе пераважна ўнутр. груза- і пасажыраперавозкі. Даўж. аўтадарог больш за 12,5 тыс. км. У краіне 24 аэрапорты і аэрадромы. Гал. трансп. цэнтр Рэйк’явік. У Кеблавіку міжнар. аэрапорт і амер. ваен. база. Экспарт (1,6 млрд. дол. ЗША, 1994): рыба і рыбапрадукты (75% кошту), алюміній (9,5%), дыятаміт, ферасіліцый, бараніна, воўна і інш. Імпарт (1,5 млрд. дол. ЗША, 1994): машыны і абсталяванне (19%), сродкі транспарту (11%), с.-г. прадукты (10%), нафта і газ (9%). Асн. гандл. партнёры: Вялікабрытанія, ЗША, Нарвегія. Ірландыя, Германія, Японія, Данія, Швецыя Беларусь набывае ў І. пераважна рыбу (468 тыс. дол. ЗША, 1996). І. наведвае каля 160 тыс. замежных турыстаў за год. У 1994 даход ад турызму склаў 137 млн. дол. ЗША. Грашовая адзінка — ісландская крона.

Літаратура. Фальклор І. збярогся ў запісах 13 ст. (зб. міфалагічных і гераічных песень «Эда Старэйшая»), Былі пашыраны вершы скальдаў, сагі, створаныя невядомымі аўтарамі, у т. л. радавыя сагі, у якіх апавядалася пра жыццё першых ісландскіх пасяленцаў і іх нашчадкаў («Сага аб Эгіле», «Сага аб жыхарах пясчанага берага», «Сага аб людзях Лаксдаля», «Сага аб Грэціры», «Сага аб Ньяле»); сагі стараж. часоў («Сага аб Вёльсунгах», якая з’яўляецца пераказам «Эды Старэйшай», «Сага аб Храмундзе Грэйпсане», «Сага аб Хэрвёр» і інш.); у каралеўскіх сагах — жыццяпісы нарвежскіх каралёў («Хеймскрынгла» С.​Стурлусана, аўтара празаічнай «Эды Малодшай» — трактата аб язычніцкай міфалогіі). У 12 ст. створана кароткая гісторыя І. «Кніга аб ісландцах» А.​Торгільсана, пазней — «Кніга аб паселішчах». Пасля страты І. незалежнасці (13 ст.) яе л-ра доўгі час была ў заняпадзе і прадстаўлена пераважна перакладам Бібліі, зробленым пратэстантамі, і кнігай лютэранскага пастара Хадльгрымюр П’етурсана «Перадвелікодныя псалмы» (1666). Асн. літ. жанрам амаль да 19 ст. былі т. зв. рымы — вершаваныя пераказы розных сюжэтаў. У канцы 19 — пач. 20 ст. вяліся спрэчкі вакол праблем рамантызму і рэалізму. Значнае месца ў л-ры гэтага часу належыць творчасці Г.​Магнусана — песняра сял. жыцця (цыкл «Ферма ў гарах», т. 1—4, 1908—11). Рэаліст. тэндэнцыі выявіліся ў апавяданнях Г.​Паўльсана, у іранічнай паэзіі С.​Г.​Стэфансана. Найб. вядомыя празаікі 20 ст. Г.​Гунарсан, Т.​Тоўрдарсан (майстар гумарыстычнага стылю), Х.К.Лакснес. Сярод сучасных раманістаў О.​І.​Сігурдсан («Гульня фарбаў зямлі», 1947, «Ліст пастара Бёдвара», 1965), С.​Бергвейсан, Б.​Б’ярман, Д.​Відар. Укладам у паэзію І. 20 ст. стала творчасць неарамантыка Д.​Стэфаўнсана, які браў натхненне ў фальклоры і баладах Т.​Гудмундсана — песняра Рэйк’явіка. Новыя мадэрнісцкія тэндэнцыі выявіліся ў творчасці С.​Стэйнара («Час і вада», 1948), паэтаў Сігурдсана, С.​Х’яртарсана, Ханес П’етурсана, М.​Іохумсана. Прызнанне атрымалі празаік Т.​Вільх’яўльмсан, драматургі А.​Богасан, Стэфаўнсан, С.​Нордаль, публіцыст І.​Аўрнасан.

Архітэктура і выяўленчае мастацтва. Найб. раннія помнікі мастацтва на тэр. І. адносяцца да 9—10 ст. (пераважна метал. вырабы, аздобленыя плеценым арнаментам) і маюць сляды ўплыву мастацтва вікінгаў. Стараж. ісландцы будавалі «доўгія дамы», часта паглыбленыя ў зямлю, з дзярновых і тарфяных блокаў, з дзярновымі дахамі і размешчанымі ў рад памяшканнямі. З прыняццем хрысціянства (каля 1000) мастацтва І. развівалася ў рэчышчы раманскага, пазней гатычнага стыляў з уплывамі ірл., нарв. мастацтва і нарманскага звярынага стылю. З 11—12 ст. вядома арнаментальная разьба па дрэве (рэльефы, распяцці, статуі). Плецены арнамент упрыгожвае і сярэбраныя пасудзіны 12—13 ст., гатычныя мініяцюры 14—15 ст., алтарныя вышываныя пакрывалы. У 2-й пал. 16—18 ст. мастацтва ў І. заняпала, актыўна развівалася толькі нар. творчасць (разьба, ткацтва). З сярэдзіны 18 ст. будаваліся гарады з каменнымі пабудовамі, пераважна па праектах дацкіх архітэктараў (саборы ў Хоўлары, Рэйк’явіку). У 19 ст. склаўся тып 2—3-павярховага ісландскага дома з прывазнога лесу, туфу, базальту, з абшыўкай гафрыраваным жалезам. Узнікла нац. школа жывапісу (партрэтыст С.​Гудмундсан, пейзажысты Т.​Торлаўхсан, А.​Іоўнсан), у якой вобразы дзікай, некранутай прыроды І. сталі сімваламі нац. адраджэння. Рэаліст. жывапіс 20 ст. адлюстроўвае яркія вобразы радзімы (К’ярваль, І.​Стэфаўнсан), казкі і паданні (Г.​Торстэйнсан), быт. сцэны (К.​Іоўнсдаўцір, Г.​Шкевінг), гіст. і фалькл. матывы (А.​Свейнсан, С.​Оўлафсан, скульпт. Э.​Іоўнсан). У архітэктуры І. з 1920-х г. выкарыстоўваюцца сучасныя формы і канструкцыі (маналітны жалезабетон, стальны каркас), метады кампазіцыі, планіроўкі (новая забудова Рэйк’явіка і Акурэйры); будуюцца 4—5-павярховыя секцыйныя дамы, грамадскія, адм. і прамысл. будынкі (арх. Гудмундсан, Г.​Самуэльсан, С.​Тордарсан). У сучасным мастацтве суіснуюць рэаліст. тэндэнцыі (С.​Сігурдсан) і авангардныя плыні (С.​Арынб’ярнар, Т.​Скуласан). Характэрныя віды нар. творчасці — разьба, вышыўка, вязанне.

Літ.:

Васильев Я.А. Исландия вчера и сегодня. М., 1986;

Андрессон К.Е. Современная исландская литература, 1918—1948: Пер. с исл. М., 1957;

Стеблин-Каменский М.И. Древнескандинавская литература. М., 1979;

Искусство стран и народов мира. Т. 2. М., 1965;

Eldjárn K. Icelandic art. New York, 1961.

Л.​В.​Лоўчая (прырода, насельніцтва, гаспадарка), Г.​М.​Бутырчык (літаратура), В.​Я.​Буйвал, С.​У.​Пешын (архітэктура і выяўленчае мастацтва).

Герб і сцяг Ісландыі.
Да арт. Ісландыя. Вадаспад на поўдні краіны.
Да арт. Ісландыя. Горад Акурэйры на паўночным узбярэжжы.

т. 7, с. 332

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)