ГРО́ДСКІ СУД,
замкавы суд, крымінальны і цывільны суд для шляхты, мяшчан і сялян у Польшчы (14—18 ст.) і ВКЛ (16—18 ст.). У Беларусі Гродскі суд ліквідаваны ў 1795, у 1797 адноўлены ў Літоўскай губ. (пазней Віленская і Гродзенская губ.), канчаткова скасаваны ў 1831. Напачатку размяшчаўся ў гродзе (замку, адсюль назва). Дзейнічаў у двух складах — вышэйшым (як 1-я і 2-я інстанцыі) і ніжэйшым (толькі як 1-я інстанцыя). У вышэйшы Гродскі суд уваходзілі гал. суддзя (ваявода, староста або дзяржаўца) і прадстаўнікі феадалаў. Ніжэйшы Гродскі суд складаўся з намесніка гал. суддзі, шляхціцаў і пісара. Гродскі суд разглядаў справы пра найб. цяжкія крымінальныя злачынствы асоб, якія былі затрыманы на месцы злачынства, цывільныя справы аб выпатрабаванні чэлядзі нявольнай і залежных сялян.
т. 5, с. 446
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НАМЕ́СНІК,
1) у ВКЛ у 14—15 ст. прадстаўнік вял. князя, якому належала адм.-гасп., фінансавая і судовая ўлада на тэр. былых самаст. княстваў.
2) У 16—17 ст. памочнікі старосты ці ваяводы, якія ажыццяўлялі адм.-судовую ўладу ў паветах і ваяводствах ВКЛ (гл. Гродскі суд).
3) У Рас. імперыі ўрадавая асоба мясц. адміністрацыі, тое, што генерал-губернатар.
т. 11, с. 136
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АБУХО́ВІЧЫ,
шляхецкі род герба «Ключ раздвоены» («Абуховіч») у ВКЛ. Найб. вядомыя:
Піліп Казімір, гл. Абуховіч П.К. Тэадор Міхал (?—1658), брат Піліпа Казіміра. Падкаморы мазырскі (1646), паручнік гусарскай харугвы, пасол соймавы. Валодаў землямі ў Мазырскім пав. Захарыяш (?—1658), брат Піліпа Казіміра, суддзя, дэкан смаленскі. Мікалай (?—?), скарбнік і суддзя гродскі мазырскі (1648). Міхал Лявон, гл. Абуховіч М.Л. Тэадор Геранім, гл. Абуховіч Т.Г.
т. 1, с. 50
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БЕЛАПЯТРО́ВІЧ (Ежы) (1740 — 16.3.1812),
дзяржаўны дзеяч ВКЛ. Лідскі стражнік (1764), лоўчы (1771), навагрудскі гродскі суддзя (1780), пісар вайсковы літоўскі (1783—87), чл. Пастаяннай рады (1780—84), удзельнічаў у рабоце дэпартамента справядлівасці. У час паўстання 1794 зачытаў на гар. рынку ў Вільні акт аб пачатку паўстання ў ВКЛ. Сябар Вышэйшай літоўскай рады ў Вільні, суддзя крымінальны літоўскі. З утварэннем Цэнтральнай дэпутацыі Вялікага княства Літоўскага кіраўнік аддзела вайск. патрэб. За справядлівасць, самаадданае выкананне грамадскіх і службовых абавязкаў яго назвалі «літоўскім Арыстыдам». Увекавечаны ў паэме А.Міцкевіча «Пан Тадэвуш».
т. 2, с. 388
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДАСТАЕ́ЎСКІЯ,
шляхецкі род уласнага герба («Радван» зменены) у ВКЛ і Рэчы Паспалітай. Вядомы з канца 15 ст., жылі на Піншчыне, у 17 ст. перасяліліся на Валынь і ў Навагрудскае ваяв. Родапачынальнік — Даніла Іванавіч Ірцішчавіч, які ў 1506 атрымаў ад пінскага кн. Ф.І.Яраславіча некалькі двароў, у т. л. Дастоева (адсюль прозвішча роду). Найб. вядомыя: Пётр, маршалак пінскі (1598—99); Яраш, падстароста оўруцкі (1604); Пётр, суддзя гродскі пінскі (1627—32); Бенядзікт, падчашы пінскі (1635); Андрэй, харужы валынскі (1649). Верагодна, з гэтага роду паходзіць рус. пісьменнік Ф.М.Дастаеўскі.
У.М.Вяроўкін-Шэлюта.
т. 6, с. 61
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
А́КТАВЫЯ КНІ́ГІ,
спецыяльныя кнігі ў судах ВКЛ і Польшчы ў 14—18 ст. У ВКЛ афіцыйна ўведзены Статутам ВКЛ 1529. Да сярэдзіны 16 ст. ўсе запісы рабіліся ў адной кнізе паводле часу паступлення спраў у суд. Паводле Статута ВКЛ 1566 зацверджаны земскі і гродскі суды з асобнымі актавымі кнігамі, якія падзяляліся на паточныя (запісваліся скаргі істцоў, пярэчанні адказчыкаў, данясенні судовых чыноўнікаў), запісавыя (запісваліся акты натарыяльнага характару і афіц. дакументы — прывілеі вял. князёў, пастановы соймаў і соймікаў) і дэкрэтавыя (запісваліся судовыя пастановы, працэсуальныя дзеянні суда і бакоў). Трыбуналы, каптуровыя і інш. суды ВКЛ вялі ўласныя актавыя кнігі.
т. 1, с. 209
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БУТРЫМО́ВІЧЫ, Бутрымы,
шляхецкі род герба «Тапор» у ВКЛ. Паходзяць ад літоўскага баярына Бутрыма, які ўдзельнічаў у заключэнні Гарадзельскай уніі 1413. Найб. Вядомыя: Ян, намеснік смаленскі ў 1422. Ян, шамбялян Станіслава Аўгуста Панятоўскага ў 1789. Адрыян, уніяцкі епіскап-суфраган пінскі і тураўскі, у 1793 суфраган кіеўскага мітрапаліта. Мацей (1745—1814), дзярж. дзеяч Рэчы Паспалітай. Вучыўся ў Пінскім езуіцкім калегіуме. З 1778 канюшы, з 1780 мечнік, з 1783 суддзя гродскі, з 1785 падстароста, з 1791 лоўчы пінскі. Набліжаны гетмана М.К.Агінскага. Ініцыятар шырокіх гасп. пераўтварэнняў на Піншчыне. Ажыццяўляў пракладку гасцінцаў, Мухавецкага і Агінскага каналаў, праводзіў меліярацыю. Удзельнічаў у працы Чатырохгадовага сойма 1788—92, падтрымаў Канстытуцыю 3 мая 1791.
т. 3, с. 360
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГРО́ДЗЕНСКАЕ СТАРО́СТВА,
дзяржаўны маёнтак у ВКЛ у 2-й пал. 15—16 ст. Уваходзіла ў Трокскае ваяв. і займала большую (цэнтр., усх. і паўд.) частку Гродзенскага пав. з велікакняжацкім г. Гродна, мястэчкамі Адэльск, Азёры, Крынкі, Масты, Новы Двор, Ожа, Пералом, Скідзель і інш., вёскамі Верцялішкі, Гарадніца, Краснік, Салаты і інш. Давалася ў часовае карыстанне феадалам за службу. Гродзенскае староства было «гродавым»: староста выконваў судова-адм. функцыі ў Гродзенскім пав. і ўзначальваў гродскі (замкавы) суд у Гродзенскім замку. На каранацыйным сейме Рэчы Паспалітай 1588 пераўтворана ў Гродзенскую эканомію, але «гродавае» староства з судовымі функцыямі захоўвалася да 3-га падзелу Рэчы Паспалітай (1795).
т. 5, с. 420
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АЖЭ́ШКІ, Арэшкі,
шляхецкі род герба «Побуг» у ВКЛ. Найб. вядомыя:
Людвік, падкаморы пінскі, удзельнік Барскай канфедэрацыі. Антоні (1743—71), сын Людвіка. Маршалак пінскі, удзельнік Барскай канфедэрацыі. Леапольд (каля 1720—79), стольнік (1748), пісар гродскі (1750) і суддзя земскі пінскі, падпалкоўнік войска літ. (1754).
Верагодна, да гэтай лініі Ажэшак адносіліся:
Антоні (1800—77), удзельнік паўстання 1830—31, адзін з арганізатараў паўстанцкіх атрадаў у Пінскім пав. У 1831 арыштаваны, жыў пад наглядам паліцыі. У 1838 арыштаваны за сувязь з Ш.Канарскім і Саюзам польскага народа. Сасланы ў Томск на 20 гадоў. Пётр, уладальнік маёнтка Людвінова Кобрынскага пав. У 1858 ажаніўся з будучай польскай пісьменніцай Паўлоўскай (гл. Ажэшка Эліза). Фларыян, гл. Ажэшка Ф.Ф.
т. 1, с. 149
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)