Графема 5/49

Беларуская Савецкая Энцыклапедыя (1969—76, паказальнікі; правапіс да 2008 г., часткова)

ГРАФЕ́МА (ад грэч. graphē абрыс, контур),

мінімальная структурная адзінка пісьмовай мовы, якая адпавядае фанеме ў вуснай мове. Знаходзіць выражэнне ў літарах і выступае ў розных варыянтах у залежнасці ад стылю пісьма, месца ў слове або сказе. Гэтыя варыянты або літары (вялікія і радковыя, прамыя і курсіўныя) называюць алографамі адной і той жа графемы. Сістэма графемы пэўнага пісьменства ўтварае алфавіт гэтага пісьменства. Тэрмін «графема» ўведзены І.​А.​Бадуэнам дэ Куртэнэ ў 1912.

А.​М.​Булыка.

т. 5, с. 412

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

Дж (графема) 4/178

Беларуская Савецкая Энцыклапедыя (1969—76, паказальнікі; правапіс да 2008 г., часткова)

Дз (графема) 4/185

Беларуская Савецкая Энцыклапедыя (1969—76, паказальнікі; правапіс да 2008 г., часткова)

ЛЕКСЕ́МА (ад грэч. lexis слова, выраз),

адзінка лексічнага ўзроўню мовы, яго лексікі. Вылучаецца разам з інш. абстрактнымі адзінкамі мовы (фанема, марфема, семема, графема). Уяўляе сабой сукупнасць форм і значэнняў, што ўласцівы аднаму і таму ж слову ва ўсіх яго ўжываннях і рэалізацыях. Напр., усе формы слова «мова» («мову», «мовам» і інш.) і розныя значэнні гэтых форм у розных спалучэннях: «беларуская мова», «мова твора», «мёртвая мова» і інш. — тоесныя як прадстаўнікі лексемы «мова».

Літ.:

Слово в грамматике и словаре. М., 1984.

т. 9, с. 194

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДЗ,

графема ў бел. алфавіце для абазначэння асобнага складанага гука. Дыграф, утвораны з літар «д» і «з», перадае афрыкату «дз». У помніках старабел. пісьменства адзначаецца з 16 ст. («дедзичъ», «жаръдзье», «медзь»). Як сродак паказу дзекання выступаў спарадычна, пераважна ў запазычаных словах. Асобнае вымаўленне «д» і «з» («д-зякуй», «д-зень»), а таксама вымаўленне «дз» як мяккага «д» з’яўляецца парушэннем нормы бел. літ. вымаўлення. У якасці 2 асобных гукаў спалучэнне «дз» вымаўляецца толькі ў словах тыпу «падзагаловак», «падзямелле», дзе «д» — канцавы гук прыстаўкі, а «з» — пачатковы гук кораня («пад-земны»).

М.​Р.​Прыгодзіч.

т. 6, с. 99

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДЖ,

графема ў бел. алфавіце для абазначэння асобнага складанага гука. Дыграф, утвораны з літар «д» і «ж», перадае афрыкату «дж». У пісьмовых помніках выкарыстоўваецца з 16 ст., аднак старабел. аўтарамі гук «дж» часцей перадаваўся літарамі «ч», «ж», спалучэннямі «д» і «ч», «ж» і «ч» («ѣздживаль», «розъежчалъ», «приеждчий»). У сучаснай бел. літ. мове спалучэнне «дж» вымаўляецца па-рознаму: у словах тыпу «аджыць», «паджылкі», дзе «д» — частка прыстаўкі, а «ж» — пачатковы гук кораня, «дж» чытаецца як спалучэнне 2 гукаў «д» і «ж» («ад-жыць»); у выпадку, калі «д» і «ж» не стаяць на стыку 2 марфем, яны вымаўляюцца як адзін непадзельны гук («джунглі», «загароджаны», «ураджай»).

М.​Р.​Прыгодзіч.

т. 6, с. 83

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГРА́ФІКА (грэч. graphikē ад graphō пішу),

сукупнасць пісьмовых сродкаў пэўнай мовы, што ўключае графемы, знакі прыпынку, націск і інш., а таксама сістэма ўзаемаадносін паміж графемамі і фанемамі ў літарна-гукавым пісьме; раздзел мовазнаўства, які вывучае такія ўзаемаадносіны. Паняцце «графіка» характэрна для літарна-гукавога пісьма, у якім вылучаюць 3 бакі: алфавіт, графіку і арфаграфію. Ідэальнай графікай, у якой кожная графема адпавядала б асобнай фанеме (і наадварот) не існуе. У сучасным свеце найб. пашыраны нац. сістэмы пісьма, створаныя на аснове лац. алфавіта (гл. Лацінскае пісьмо), кірыліцы і арабскага пісьма. У аснове бел. графікі — рус. грамадзянскі шрыфт, створаны ў выніку рэформы кірыліцы.

Літ.:

Макарова Р.В. Понятие графики и графемы // Система и уровни языка. М., 1969;

Булыка А.М. Развіццё арфаграфічнай сістэмы старабеларускай мовы. Мн., 1970;

Яновіч А.І. Станаўленне графічнай сістэмы беларускай літаратурнай мовы новага перыяду // Бел. лінгвістыка. 1987. Вып. 31.

т. 5, с. 412

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)