пераважна пераносная агнястрэльная зброя, прызначаная для паражэння браніраваных цэляў, жывой сілы і тэхнікі праціўніка гранатай.
Гранатамёты бываюць: дынамарэактыўныя (пач. скорасць гранаце надае энергія газаў, якія ўтвараюцца пры згаранні стартавага зарада ў ствале), рэактыўныя (скорасць гранаты забяспечваецца сваім рэактыўным рухавіком), актыўныя і актыўна-рэактыўныя (скорасць забяспечваецца зарадам, які згарае ў ствале, закрытым з казённай часткі); ручныя, вінтовачныя (ружэйныя), станковыя і інш.; процітанкавыя і проціпяхотныя; гладкаствольныя і наразныя, з раздымнымі і складанымі стваламі. Ручныя прыстасаваны для стральбы з рук або сошак; вінтовачныя — для стральбы з вінтоўкі або аўтамата пераважна проціпяхотнымі вінтовачнымі гранатамі за кошт энергіі халастога або баявога патрона. Эфектыўная і прыцэльная далёкасць стральбы вінтовачных гранатамётаў адпаведна да 100 і 400 м, ручных да 500 і 1000 м, станковых да 1 і 2 км; калібр ручных гранатамётаў 30—112 мм, маса звычайна 8 кг; баявая скарастрэльнасць станковых да 100 стрэлаў за мінуту (такія гранатамёты могуць устанаўлівацца на танках, бронетранспарцёрах, баявых машынах пяхоты, верталётах, катэрах і інш.). Ручныя гранатамёты з’явіліся ў гады 2-й сусв. вайны: «Базука» (ЗША), фаустпатрон (аднаразовага дзеяння, Германія).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ФАУСТПАТРО́Н (ням. Faustpatrone ад Faust кулак, рука + патрон),
ручны гранатамёт для паражэння браніраваных цэлей (танкаў і інш.). Выкарыстоўваўся герм. арміяй у 2-ю сусв. вайну (з канца 1943). Быў дынамарэактыўнай (без аддачы пры стрэле) зброяй аднаразовага дзеяння. Складаўся з кумулятыўнай гранаты з хваставым апярэннем, ствала з парахавым зарадам, механізма для стрэлу і прыцэльнай планкі. Маса Ф.-1 5,35 кг, Ф.-2 3,25 кг, далёкасць стральбы да 30 м, бронепрабівальнасць да 200 мм.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БРОНЕАЎТАМАБІ́ЛЬ,
баявая браніраваная колавая машына, прызначаная для агнявой падтрымкі пяхоты ў баі, для разведкі, баявой аховы, патрулявання і сувязі.
Выкарыстоўваліся ў час 1-й і 2-й сусв. і грамадз. войнаў (у 1918 у Чырв. Арміі было 148 бронеаўтамабіляў). Ёсць на ўзбраенні армій Вялікабрытаніі («Саладзін» Мк2), Францыі («Панар» AML-90), інш. краін. Маюць 20—90-мм гармату, 1—2 кулямёты, часам гранатамёт і процітанк. кіроўную ракету. Маса да 12 т, запас ходу да 1000 км, скорасць да 105 км/гадз. У былой Сав. Арміі ў пасляваен. час тэрмін «бронеаўтамабіль» выйшаў з ужытку, а баявыя колавыя машыны атрымалі назву ў залежнасці ад асн. прызначэння (напр., бронетранспарцёр, баявая разведвальная машына).
Да арт.Бронеаўтамабіль: а — браніраваная разведвальна-дазорная машына; б — бронеаўтамабіль «Саладзін» (Вялікабрытанія).