АДУШАЎЛЁНАСЦЬ – НЕАДУШАЎЛЁНАСЦЬ,
лексіка-граматычная катэгорыя, якая паказвае адносіны абазначаных назоўнікамі прадметаў да жывой і нежывой прыроды. Адушаўлёныя назоўнікі абазначаюць людзей і розных жывых істот («Рыгор», «настаўніца», «тыгр», «ластаўка», «карась», «камар»), неадушаўлёныя — расліны, прадметы, апрадмечаныя з’явы і паняцці («клён», «машына», «раса», «цемра», «свядомасць»).
Граматычна адушаўлёнасць-неадушаўлёнасць праяўляецца ў форме вінавальнага склону мн. л.: у адушаўлёных назоўніках супадае з формай роднага, а ў неадушаўлёных — назоўнага склону («бачыць людзей — бачыць дрэвы», «лавіць язёў — лавіць сняжынкі»). Пад катэгорыю адушаўлёных часам граматычна падводзяцца некаторыя неадушаўлёныя прадметы і наадварот.
Л.І.Бурак.
т. 1, с. 140
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВЫКА́ЗВАННЕ,
вылучаны ў пісьмовым ці вусным тэксце фрагмент, які выражае адносна закончаную, актуалізаваную думку, аформлены граматычна (і інтанацыйна — у вусным варыянце), захоўвае сэнсавыя і фармальныя сувязі з кантэкстам, дае магчымасць усвядоміць і мысленна ўзнавіць кансітуацыю. З’яўляецца камунікатыўна-сінтакс. адзінкай (адзінкай маўлення) у процілегласць канструкцыйна-сінтакс. адзінкам — сказу, яго семантыка-сінтакс. мадэлі і фармальна-грам. схеме. Найб. істотнае адрозненне ад сказа — абавязковае актуальнае чляненне, якое сведчыць і аб уключанасці выказвання ў кантэкст і кансітуацыю.
А.Я.Міхневіч.
т. 4, с. 309
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АГЛЮЦІНАТЫ́ЎНЫЯ МО́ВЫ (ад лац. agglutinare прыклейваць),
мовы, у якіх словы і іх формы ўтвараюцца пераважна праз аглюцінацыю (спалучэнне граматычна адназначных афіксаў з нязменным коранем). Напр., у цюркскіх мовах -lar- — суфікс множнага л.: тур. bulut «воблака», bulutlar «воблакі»; каз. ара «піла», аралар «пілы». Характэрныя рысы аглюцінатыўных моў — стандартная парадыгма словазмянення, адсутнасць унутранай флексіі, адназначнасць афіксаў, фіксаваны націск, строгі парадак слоў і інш. Да аглюцінатыўных моў адносяцца вял. колькасць моў Азіі і Еўропы (цюркскія, фіна-угорскія, мангольскія, тунгуса-маньчжурскія, японская, карэйская і інш.), Акіяніі (папуаскія, інданезійскія, мікранезійскія), Афрыкі (банту, мандэ, бантоідныя).
т. 1, с. 77
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПРЫМЫКА́ННЕ,
від падпарадкавальнай сінтаксічнай сувязі паміж членамі словазлучэння, пры якой незмяняльныя словы (прыслоўі, дзеепрыслоўі, інфінітывы) сэнсава і граматычна залежаць ад інш. адзінак. Напр., «размаўляць стоячы», «прыйсці ўвечары», «аматар пажартаваць», «дарога ўгору». Прымыкаюць да гал. слова і асобныя формы змяняльных адзінак («дом восем», «крычы грамчэй», «словы «не хачу», «у возеры Нарач», «з паэмы «Новая зямля»), але форма залежнага элемента не вызначаецца (не кіруецца) гал. кампанентам і не падлягае зменам. На мяжы чыстага П. і слабага кіравання знаходзіцца т.зв. іменнае (склонавае) П.: «падарунак ад бацькі», «чытаць па вечарах». Сродкі афармлення П. — інтанацыя, парадак слоў у сказе, сэнсавыя сувязі слоў у кантэксце.
Літ.:
Беларуская граматыка Ч. 2. Сінтаксіс. Мн., 1986.
А.Я.Міхневіч.
т. 13, с. 74
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПІ́ДЖЫН (ад скажонага англ. business справа),
лексічна і граматычна спрошчаная мова, што ўзнікае з неабходнасці зносін паміж 2 народамі, калі адсутнічае інш. агульны сродак моўнай камунікацыі. Тэрмін з’явіўся ў сярэдзіне 19 ст. для абазначэння гібрыднай мовы, што склалася і ўжывалася ў зносінах паміж кітайцамі і еўрапейцамі. П. узнікае ў выпадках, дзе назіраецца працяглае ўзаемадзеянне паміж прадстаўнікамі разнамоўных супольнасцей, і з’яўляецца адным з вынікаў моўных кантактаў. Выкарыстоўваецца ў сацыяльна абмежаваных сферах камунікацыі (гандаль, найманне рабочай сілы і інш.). Пашыраны пераважна ў Паўд.-Усх. Азіі, Акіяніі і Афрыцы. Мовы на аснове П., якія сталі роднымі для пэўнага калектыву іх носьбітаў, наз. крэольскімі.
Літ.:
Holm J. Pidgins and Creoles. Vol. 1—2. New Jork, 1988—89.
А.Я.Міхневіч.
т. 12, с. 349
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ІЗАМАРФІ́ЗМ у мовазнаўстве,
падабенства ў арганізацыі плана выражэння і плана зместу мовы або паралелізм у кампанентнай будове знешняй гукавой формы мовы і семантыкі. Найперш гэтае падабенства праяўляецца ў суадносных структурах, якімі аб’ядноўваюцца адзінкі плана выражэння (гукі — у склады) і адзінкі плана зместу (словы — у словазлучэнні і сказы). Паралелізм назіраецца і ў вылучэнні гал. і залежных кампанентаў у вызначаных спалучэннях. Напр., у складзе гал. з’яўляюцца галосныя (па іх колькасці вызначаецца колькасць складоў у слове), а залежнымі — зычныя гукі. У словазлучэннях гал. тыя лексемы, якія граматычна падпарадкоўваюць інш.; у сказе гал. кампанентам з’яўляецца выказнік, або структурнае ядро сказа. І. адзначаецца і ў суадноснасці абстрактных адзінак плана выражэння і плана зместу. Паслядоўнасць адцягненых адзінак плана выражэння (дыферэнцыяльная прыкмета, фанема, склад, фаналагічнае слова) адпавядае паслядоўнасці адзінак плана зместу (сема, семема, значэнне слова, сказ). Вывучэнню І. прысвечаны працы дацкага лінгвіста Л.Ельмслева, польск. мовазнаўца Е.Курыловіча і інш.
Літ.:
Курилович Е. Понятие изоморфизма...: Пер. с пол. // Общее языкознание. 2 изд. Мн., 1987.
т. 7, с. 176
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАБО́ЧНЫЯ СЛО́ВЫ,
словы і спалучэнні слоў, якія граматычна не звязаны з членамі сказа і выражаюць адносіны асобы, што гаворыць, да выказанай думкі. Выражаюцца мадальнымі словамі і інш. часцінамі мовы («сапраўды», «праўда», «галоўнае», «між іншым», «па-мойму», «аднак»). Могуць выкарыстоўвацца для выражэння верагоднасці выказанай думкі («вядома»), звычайнасці — незвычайнасці фактаў («бывае»), спосабу перадачы думкі («дакладней», «іншымі словамі»), эмацыянальнай ацэнкі («на шчасце»), звароту да субяседніка («бачыш»), крыніц паведамлення («па чутках», «на мой погляд»), адносін паміж часткамі выказвання («затым»), Не з’яўляюцца членамі сказа, не дапасуюцца, не кіруюцца і не прымыкаюць да членаў сказа, а ўводзяцца ў сказ суадноснай (пераважна бяззлучнікавай) сувяззю. Вызначаюцца спецыфічнай інтанацыяй (паўзамі, нізкім тонам, хуткім тэмпам маўлення), на пісьме выдзяляюцца коскамі або працяжнікамі.
Літ.:
Базыленка А.М. Пабочныя і ўстаўныя словы, словазлучэнні і сказы ў сучаснай беларускай літаратурнай мове. Мн., 1964;
Аўласевіч М. Пабочныя кампаненты сказа ў беларускай літаратурнай мове. Мн., 1970;
Беларуская граматыка. Ч. 2. Сінтаксіс. Мн., 1986.
А.І.Наркевіч.
т. 11, с. 462
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДЫСТРЫБУ́ЦЫЯ (ад лац. distributio размеркаванне),
сукупнасць моўных адзінак (фанем, марфем, лексем), якія ствараюць кантэкст, або акружэнне той аднароднай ім адзінкі, што падлягае даследаванню. У пісьмовым тэксце адрозніваюць Д., складзеную лінейным (прасторавым) акружэннем адзінак, і Д., выведзеную з іх спалучальнасці. Пры першым падыходзе ў залежнасці ад мэты і характару даследавання ўлічваецца акружэнне на глыбіню аднаго кампанента (г.зн. разглядаюцца толькі тыя адзінкі, што непасрэдна размешчаны справа і злева ад зададзенай), ці, адпаведна, двух, трох і г.д. кампанентаў. Пры другім падыходзе Д. ствараюць адзінкі, якія граматычна спалучаюцца з зададзенай. Наяўнасць у моўных кампанентаў тоеснай, падобнай або рознай Д. дае падставы для вылучэння ў тэксце аднародных адзінак і іх класаў, а таксама для разнастайнай характарыстыкі як знешніх (фармальных) рыс, так і ўнутраных, якасных уласцівасцей гэтых адзінак. Паняцце Д. пакладзена ў аснову дыстрыбутыўнага метаду (гл. ў арт. Дэскрыптыўная лінгвістыка). На аснове розных відаў Д. ў сучаснай лінгвістыцы распрацаваны дасканалыя метады даследавання лексічных значэнняў: дыстрыбутыўна-трансфармацыйны, дыстрыбутыўна-статыстычны і інш.
Літ.:
Плотников Б.А. Дистрибутивно-статистический анализ лексических значений Мн., 1979.
Б.А.Плотнікаў.
т. 6, с. 297
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАДПАРА́ДКАВАННЕ ў граматыцы,
від сінтаксічнай сувязі слоў або цэлых прэдыкатыўных адзінак (сказаў). П. (падпарадкавальная сувязь), у процілегласць злучэнню звязвае 2 нераўнапраўныя (неаднатыпныя і рознафункцыянальныя) моўныя адзінкі ў адно цэлае: словазлучэнне або складаназалежны сказ. П. рэалізуе толькі закрытыя сінтакс. канструкцыі. Пры П. адзін кампанент выступае як граматычна незалежны, галоўны, а другі — як залежны, падпарадкаваны галоўнаму. У бел. мове ў межах простага сказа П. рэалізуецца пераважна як дапасаванне («яснае неба»), кіраванне («будую дом», «ідуць па дарозе») ці прымыканне («хутка ехаць»), У межах складаназалежнага сказа П. перадае розныя сэнсавыя адносіны паміж гал. і даданай часткамі і выражаецца з дапамогай падпарадкавальных злучнікаў ці інш. слоў і спалучэнняў, што выступаюць у функцыі злучнікаў («бо», «каб», «калі», «дзе», «што», «які», «як толькі» і інш.). Падпарадкавальныя злучнікі заўсёды ўваходзяць у склад даданай часткі складаназалежнага сказа і з’яўляюцца паказчыкам яе грамат. формы. Дапаможным сродкам пры П. ў складаназалежным сказе могуць быць карэляты (суадносныя словы), якія знаходзяцца ў складзе гал. часткі («А дзе тая крынічанька, што голуб купаўся?» З нар.).
Літ.:
Беларуская граматыка. Ч. 2. Мн, 1986.
П.П.Шуба.
т. 11, с. 504
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАРАЎНА́ННЕ ў філасофіі,
акт мыслення, пры дапамозе якога класіфікуецца, упарадкоўваецца і ацэньваецца змест быцця і пазнання. Заключаецца ў папарным супастаўленні аб’ектаў з мэтай выяўлення іх адносін; пры гэтым істотным з’яўляюцца ўмовы, або асновы П., — адзнакі, якія дэтэрмінуюць магчымыя адносіны паміж прадметамі. Найб. важны і просты тып адносін, якія выяўляюцца праз П. — адносіны тоеснасці і адрознення. Паводле адносін парадку П. звычайна звязвацца з іерархічнымі класіфікацыямі прадметаў, а П. па ўласцівасцях — з т.зв. разбіваннямі на класы абстракцый.
П. ў літаратуры — мастацкі прыём, пабудаваны на супастаўленні прадметаў ці з’яў, у выніку якога сутнасць аднаго з іх вытлумачваецца праз сутнасць другога; найб. пашыраны від тропа. Граматычна афармляецца з дапамогай злучнікаў і злучальных слоў («як», «нібы», «быццам», «няйначай» і інш.), творным склонам назоўніка, апісальным зваротам, інтанацыйнай (бяззлучнікавай) сувяззю. Бываюць разгорнутыя П., дзякуючы якім падрабязна характарызуецца пэўная з’ява. Асобны від П. — адмоўнае П., у якім пры знешнім проціпастаўленні двух паняццяў ці з’яў наглядаецца іх глыбокае ўнутр. супастаўленне: «Не каліна над вадою // Пахіліла голле — // Плача маці сярод поля, // Праклінае долю» (П.Трус). Ад П. паходзяць паралелізм, метанімія, метафара, сінекдаха, гіпербала, літота і інш. Гутарковай мове ўласцівы ўстойлівыя, або нар. П.: «чысты як сляза», «чорны як сажа» і інш. У л-ры часам увесь твор — адно разгорнутае П., напр., верш М.Багдановіча «Зразаюць галіны таполі адну за адной...». П. робіць тэкст твора па-мастацку дакладным, наглядным, жывапісным, выяўляе мастакоўскую своеасаблівасць паэта, яго стаўленне да таго, што адлюстроўваецца ў творы.
В.П.Рагойша (літаратура).
т. 12, с. 93
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)