Гралева (радовішча даламітаў, Віцебскі р-н) 3/129

Беларуская Савецкая Энцыклапедыя (1969—76, паказальнікі; правапіс да 2008 г., часткова)

ВІ́ЦЕБСКАЕ АКЦЫЯНЕ́РНАЕ ТАВАРЫ́СТВА «ДАЛАМІ́Т».

Створана ў 1931 у г.п. Руба Віцебскага р-на як вапнавы з-д. У Вял. Айч. вайну разбураны, у 1949 адноўлены. Пасля пуску ў 1967 1-й чаргі з-да даламітавай мукі — камбінат вапнавых матэрыялаў. У 1971 пушчана 2-я чарга гэтага з-да, у 1974 пабудаваны з-д «Гралева 1», у 1978 — «Гралева 2».

З 1978 ВА «Даламіт», з 1995 сучасная назва. Працуе на мясц. сыравіне — даламітах радовішча Гралева. Асн. прадукцыя (1996): даламітавае ўгнаенне для вапнавання кіслых глеб, мінер. парашок для асфальтабетонных сумесей, напаўняльнік для покрыўнага слоя руберойду, здробнены даламіт для буд. работ і інш.

т. 4, с. 213

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МІНЕРА́ЛЬНЫЯ БУДАЎНІ́ЧЫЯ МАТЭРЫЯ́ЛЫ,

здабытыя карысныя выкапні, якія выкарыстоўваюцца ў натуральным выглядзе або пасля тэхнал. перапрацоўкі ў якасці буд. матэрыялаў; разнавіднасць мінеральнай сыравіны. На Беларусі здабываюць М.б.м.: цэментную сыравіну (мел, мергель, гліна), гліны і суглінкі для вытв-сці цэглы, керамікі і лёгкіх запаўняльнікаў, пяскі буд. і шкловыя, пясчана-гравійныя матэрыялы, камень буд. і абліцовачны і інш. Буйнейшымі вытворцамі М.б.м. з’яўляюцца Мікашэвіцкае прадпрыемства «Граніт», распрацоўвае Мікашэвіцкае радовішча буд. каменю, Віцебскае акцыянернае таварыства «Даламіт» працуе на радовішчы даламіту Гралева, прадпрыемства «Беларускі цэментны завод» (пас. Камунары Магілёўскай вобл.) распрацоўвае Камунарскае радовішча мергелю для цэментнай сыравіны, кар’ераўпраўленне «Гайдукоўка» (пас. Гайдукоўка Мінскай вобл.) вядзе распрацоўку глін на аднайм. радовішчы.

П.З.Хоміч.

т. 10, с. 383

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АДКРЫ́ТАЯ РАСПРАЦО́ЎКА РАДО́ВІШЧАЎ карысных выкапняў,

спосаб здабычы карысных выкапняў непасрэдна з паверхні зямлі. Ажыццяўляецца з вырабатак — кар’ераў. Складаецца з падрыхтоўкі паверхні, асушэння радовішчаў, горна-капітальных, раскрыўных і здабыўных работ. Падрыхтоўка паверхні звязана з ліквідацыяй перашкод, якія ўскладняюць адкрытыя распрацоўкі радовішчаў (планіроўка паверхні, выдаленне расліннасці і г.д.). Асушэнне радовішчаў — комплекс мерапрыемстваў для аховы радовішчаў ад прытоку вады, у т. л. шляхам адпампоўвання і водапаніжэння. Горна-капітальныя работы — пабудова капітальных траншэй для трансп. камунікацый кар’ера, разразных траншэй для першапачатковай работы і расстаноўкі абсталявання (экскаватараў, гідраманітораў і інш.), капітальнае раскрыццё першапачатковага агалення карыснага выкапня. Раскрыўныя работы — аддзяленне ад масіву і транспарціроўка ў адвалы покрыўных парод. Здабыўныя работы — працэс непасрэднага выбірання карыснага выкапня з горнага масіву. Адкрытая распрацоўка радовішчаў забяспечвае здабычу каля 75% цвёрдых карысных выкапняў, у тым ліку да 100% прыродных буд. матэрыялаў, 75—80% бурага вугалю, 65—75% нярудных, 45—50% рудных выкапняў, большасць рассыпных карысных выкапняў. Прадукцыйнасць працы ў кар’ерах у 2—6 разоў вышэйшая, чым у шахтах, вытв. магутнасць у 3—5 разоў большая, буд-ва іх у 2—5 разоў хутчэйшае. На Беларусі адкрытая распрацоўка радовішчаў выкарыстоўваецца пры здабычы прыродных буд. матэрыялаў (буд. і абліцовачнага каменю, буд. пяску і пясчана-жвіровых матэрыялаў, сыравіны для керамічнай цэглы, лёгкіх запаўняльнікаў, шкла і цэменту, мелу і інш.). Дзейнічаюць буйнейшыя ў Еўропе кар’еры па здабычы даламітаў (радовішча Гралева ў Віцебскай вобл.) магутнасцю 6 млн. т у год, гранітаў (радовішча Мікашэвічы ў Брэсцкай вобл.) магутнасцю каля 5 млн. м³ у год і інш.

П.З.Хоміч.

Схема адкрытай распрацоўкі радовішча: 1 — кар’ер; 2 — капітальная траншэя; 3 — разразная траншэя; 4 — нахіленая выпрацоўка для транспарціроўкі карыснага выкапня; 5 — адвал пустых парод.

т. 1, с. 110

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВІ́ЦЕБСКАЕ ЎЗВЫ́ШША,

фізіка-геаграфічны раён Беларускага Паазер’я. Займае цэнтр. і ўсх. ч. Віцебскага і паўн. ч. Лёзненскага р-наў Віцебскай вобл., на У заходзіць на тэр. Смаленскай вобл. Расіі. Мяжуе з Лучоскай нізінай на Пд, Чашніцкай раўнінай на ПдЗ, Полацкай нізінай на З, Гарадоцкім узв. на ПнЗ і Суражскай нізінай на ПнУ. Працягнулася з З на У на 65 км, з Пн на Пд на 40 км. Самае высокае ў Бел. Паазер’і ўзвышша, пераважаюць выш. больш за 200 м, найбольшая 296 м (Гаршэва гара). Пл. Віцебскага ўзвышша больш за 1900 км².

Прымеркавана да Віцебскай мульды Аршанскай упадзіны. Паверхня адкладаў платформавага чахла ўтварае высокае (120—140 м над узр. м) моцна расчлянёнае плато, складзенае з даламітаў, вапнякоў і глін верхняга дэвону, даламіты ўтвараюць Віцебскія парогі на р. Зах. Дзвіна, на Рубскім выступе залягаюць блізка каля зямной паверхні. Тоўшчу антрапагену магутнасцю каля 60 м складаюць 5—6 ледавіковых комплексаў, у якіх пераважаюць марэнныя суглінкі, супескі і міжледавіковыя ўтварэнні (торф, азёрныя і алювіяльныя суглінкі, супескі і пяскі). Асн рысы сучаснага рэльефу сфарміраваліся ў Віцебскую фазу адступання паазерскага зледзянення. Карысныя выкапні: даламіт (радовішча Гралева), легкаплаўкія і цэментныя гліны, пясчана-жвіровы матэрыял, буд. пяскі, торф.

Паверхня складзена з чырвона-бурых марэнных суглінкаў і супескаў з валунамі, месцамі перакрытых лёсападобнымі пародамі. У рэльефе вылучаюцца 2 ч.: астраўныя, лёдападзельны масіў на ПнЗ і ў цэнтры, і краявыя ледавіковыя ўтварэнні на Пд. Лёдападзельны масіў мае форму кліна з вяршыняй на Пн, характарызуецца буйна- і сярэднеўзгорыстым рэльефам з адноснымі перавышэннямі да 30 м і больш. Паверхня парэзана ярамі і лагчынамі. Паўн. схіл стромкі, паўд. больш спадзісты. На Пд Віцебскага ўзвышша выразны ўзгорыста-ўвалісты рэльеф, выш. якога да 180 м над узр. м., адносныя перавышэнні 10—15 м. Пашыраны камы, камавыя тэрасы на бартах лагчын, далінныя зандры, трапляюцца озы, суфазійныя западзіны. У межах Віцебскага ўзвышша знаходзіцца тыповае агаленне мікулінскага міжледавікоўя (Смаленская вобл.). Сярэднія т-ры студз. -7,8 °C, ліп. 18 °C, ападкаў 620 мм за год. Рачная сетка належыць да бас. р. Зах. Дзвіна. Віцебскае ўзвышша дрэніруюць рэкі Віцьба, Лучоса (у ніжнім цячэнні) і яе прытокі Ласасіна і Чарніца, а таксама Вымнянка і Рутавеч — прытокі Касплі. Найб. азёры Вымна, Янавіцкае. Глебы дзярнова-падзолістыя сугліністыя і супясчаныя, месцамі завалуненыя, і тарфяна-балотныя. Пад ворывам 35%, пад лесам 16% тэрыторыі. Захаваліся шыракаліста-яловыя, хваёва-яловыя, яловыя лясы, пашыраны другасныя шэраалешнікі, асінавыя і бярозавыя лясы. Лугі злакава-сухадольныя і злакава-нізінныя. На пераходных балотах і ўскраінах вярховых — карэнныя пушыстабярозавыя і хваёва-пушыстабярозавыя лясы, на нізінных — чорнаалешнікі.

А.Ф.Санько.

т. 4, с. 216

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)