Грабаўка (в.) 3/552 (к.), 553, 576

Беларуская Савецкая Энцыклапедыя (1969—76, паказальнікі; правапіс да 2008 г., часткова)

ГРА́БАЎКА,

вёска ў Гомельскім р-не. Цэнтр сельсавета і саўгаса. За 35 км на ПдУ ад Гомеля, 5 км ад чыг. ст. Церуха. 970 ж., 666 двароў (1996). Сярэдняя школа, Дом культуры, б-ка, бальніца, аддз. сувязі.

т. 5, с. 378

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАНАНО́ВІЧ (Канстанцін Юльянавіч) (8.12.1872, в. Грабаўка Гомельскага р-на — 15.3.1954),

бел. вучоны ў галіне санітарыі і эпідэміялогіі, урач-отарыналарынголаг, арганізатар першай у СССР Гомельскай сан.-эпідэміял. станцыі (1922). Скончыў Кіеўскі ун-т (1899). Навук. працы па арганізацыі аховы здароўя, сан.-эпідэміял. справе, оталарынгалагічных хваробах.

Тв.:

Предупреждай болезни носа, горла и уха. Гомель, 1930.

т. 7, с. 569

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МАЎЗАЛЕ́Й (лац. mausoleum ад грэч. Mausōleion),

манументальнае пахавальнае збудаванне. Назва ад пахавальні карыйскага цара Маўсола ў г. Галікарнас (цяпер Турцыя; сярэдзіна 4 ст. да н.э.). Стараж. М. ўключалі камеру (часта падземную), у якой знаходзіліся астанкі памерлага, і часам памінальную залу. Як тып арх. збудавання вядомы ў Стараж. Рыме (М. Аўгуста, Адрыяна і інш.), у сярэднія вякі ў Сярэдняй Азіі (Гур-Эмір у Самаркандзе), Азербайджане, Індыі, Казахстане (М.-мячэць Хаджа Ахмеда Ясаві ў г. Туркестан) і інш. Архітэктура М. заснавана на выкарыстанні аб’ёмнай кампазіцыі ў спалучэнні з багатым маст. і арх. дэкорам. У 1-й пал. 20 ст. ў некат. краінах М. спалучалі з трыбунамі (Г.Дзімітрова ў Сафіі, 1949, арх. Г.Аўчараў, Р.Рыбараў). У асобных краінах М. ўзводзяць у гонар гіст. значных асоб [Ібн Сіны (Авіцэны) у Іране, 1952].

У 1924 у Маскве на Краснай плошчы каля Крамлёўскай сцяны пабудаваны М. У.І.Леніна (паводле праекта А.Шчусева) — драўляны, увянчаны пірамідай куб з 2 бакавымі прыбудовамі. У 1929—30 М. у ранейшай канфігурацыі зроблены з мармуру, граніту, лабрадарыту, парфіру з трыбунамі (арх. Шчусеў, І.Француз, Г.Якаўлеў). У яго буд-ве ўдзельнічалі майстры з Беларусі (з в. Грабаўка Гомельскай вобл.). У 1945 над М. надбудавана цэнтр. трыбуна (арх. Шчусеў), якая да 1990-х г. была ўрадавай у час ваен. парадаў, дэманстрацый, мітынгаў і інш. У 1953—61 у М. знаходзілася цела І.В.Сталіна (іл. гл. да арт. Красная плошча).

С.А.Сергачоў.

Маўзалей у гонар Ібн-Сіны (Авіцэны) у Іране. 1952.

т. 10, с. 216

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГО́МЕЛЬСКІ РАЁН,

на У Гомельскай вобл. Утвораны 8.12.1926. Пл. 2,1 тыс. км². Нас. 73,6 тыс. чал. (1996), гарадскога 3,9%. Сярэдняя шчыльн. 35 чал. на 1 км². Цэнтр — г. Гомель, рабочы пас. Бальшавік, 188 сельскіх нас. пунктаў, 25 сельсаветаў: Аздзелінскі, Бабовіцкі, Глыбоцкі, Грабаўскі, Давыдаўскі, Даўгалескі, Дзятлавіцкі, Зябраўскі, Красненскі, Маркавіцкі, Пакалюбіцкі, Прыбарскі, Прыбыткаўскі, Рудня-Марымонаўскі, Старабеліцкі, Улукаўскі, Урыцкі, Целяшоўскі, Цярухскі, Цярэніцкі, Цярэшкавіцкі, Шарпілаўскі, Чарацянскі, Чанкаўскі, Яромінскі. Раён моцна пацярпеў у выніку аварыі на Чарнобыльскай АЭС (1986).

Раён размешчаны ў межах Гомельскага Палесся, паўн.-зах. частка — у межах Чачорскай раўніны. Паверхня пераважна нізінная, выш. 120—140 м, найвыш. пункт 160,3 м (каля в. Зябраўка). Карысныя выкапні: торф, гліны для грубай керамікі, пясок. Сярэдняя т-ра студз. -6,9 °C, ліп. 18,6 °C. Ападкаў 590 мм за год. Вегетац. перыяд 193 сут. Асн. рака Сож з прытокамі Іпуць, Вуць, Церуха, Уза. Пашыраны дзярнова-падзолістыя, дзярнова-падзолістыя забалочаныя, дзярнова і дзярнова-карбанатныя забалочаныя глебы. Лясы займаюць 34,9% тэр. раёна, пераважаюць хваёвыя, бярозавыя і дубовыя. Пад балотамі 14,1 тыс. га, найб. масівы — Кабылянскае балота, Вадапой, Жарэбна-Конскае балота.

Агульная плошча с.-г. угоддзяў 95 тыс. га, з іх асушаных 33,9 тыс. га. На 1.1.1996 у раёне 14 калгасаў, 19 саўгасаў, 3 птушкафабрыкі, саўгас «Цяплічны», 8 дапаможных гаспадарак. Асн. галіны сельскай гаспадаркі — мяса-малочная жывёлагадоўля, агародніцтва, бульбаводства. Прадпрыемствы буд. матэрыялаў, шкляной, харч. і паліўнай прам-сці. Гомель — чыг. вузел, напрамкі на Мазыр, Жлобін, Навазыбкаў (Расія), Бахмач, Чарнігаў (Украіна); аўтадарогі на Магілёў, Бабруйск, Калінкавічы, Чарнігаў, Навазыбкаў. Суднаходства па р. Сож. У раёне (без Гомеля) 2 ПТВ, 24 сярэднія, 13 базавых і 7 пач. школ, 9 муз. школ, школа-інтэрнат, 38 дашкольных устаноў, 43 клубы і дамы культуры, 48 б-к, 7 бальніц, 38 фельч.-ак. пунктаў. Курорт Чонкі, турбаза «Сож». Помнікі архітэктуры: царква (1-й пал. 19 ст.) у в. Гадзічава; царква Раства Багародзіцы (1881) і будынак царк.-прыходскай школы (канца 19 ст.) у в. Глыбоцкае; парк (2-й пал. 19 ст.) у в. Грабаўка; сядзібны дом («паляўнічы домік», 2-й пал. 19 ст.) у в. Каралёўка; паштовая станцыя (2-й пал. 19 ст.) за 3 км на У ад в. Сеўрукі; Мікалаеўская царква (1-й пал. 18 ст.) і сядзіба (канца 18 — пач. 19 ст.) у в. Старая Беліца; Успенская царква (1865—68) у в. Чарацянка. Помнік абаронцам Гомеля ў пачатку Вял. Айч. вайны ў в. Пакалюбічы. Выдаецца газ. «Маяк».

Г.С.Смалякоў.

т. 5, с. 348

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)