ГО́ЧАР (Gočár) Іосеф (14.3.1880, Семін, каля Пршэлавуча, Чэхія — 10.9.1945),

чэшскі архітэктар. Вучыўся ў Празе ў Вышэйшай прамысл. (1898—1902) і Мастацка-прамысл. (1902—05) школах у Я.​Котэры. З 1923 выкладаў у Пражскай АМ. Эвалюцыяніраваў ад стылю мадэрн да функцыяналізму. Відны прадстаўнік т.зв. чэшскага арх. кубізму з характэрнымі для яго гранёнымі геам. формамі ў афармленні карнізаў, балконаў, завяршэнняў акон і інш. Яго пабудовы (дом «Каля Чорнай Божай маці» ў Празе, 1911—12; яслі, 1924; гімназія, 1924—26; царк. комплекс, 1926—29; усе ў Градзец-Кралаве) вылучаюцца свабодай і мэтазгоднасцю прасторавай кампазіцыі, строгай адточанасцю формаў і прапорцый.

т. 5, с. 375

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

Гочар І. 11/273

Беларуская Савецкая Энцыклапедыя (1969—76, паказальнікі; правапіс да 2008 г., часткова)

ЧЭ́ХІЯ (Ćechy), Чэшская Рэспубліка (Česká Republica),

дзяржава ў Цэнтр. Еўропе. Мяжуе на Пн з Польшчай, на Пн і З з Германіяй, на Пд з Аўстрыяй, на У са Славакіяй. Пл. 78,7 тыс. км². Hac. 10 257 тыс. чал. (2002). Дзярж. мова — чэшская. Сталіца — г. Прага. Падзяляецца на 73 раёны і 4 муніцыпалітэты. Нац. свята — Дзень утварэння Чэхаславакіі (28 кастр.).

Дзяржаўны лад. Ч. — рэспубліка. Дзейнічае канстытуцыя, прынятая Нац. Саветам у снеж. 1992 (з папраўкай 1997). Кіраўнік дзяржавы — прэзідэнт, якога выбірае парламент на 5 гадоў. Заканад. ўлада належыць парламенту, які складаецца з 2 палат — палаты дэпутатаў і сената. Палата дэпутатаў (200 чал.) выбіраецца на 4 гады, а сенат (81 сенатар) — на 6 гадоў, пры гэтым ​1/3 яго складу абнаўляецца кожныя 2 гады. Вышэйшы выканаўчы орган — урад.

Прырода. Тэр. Ч. ўмоўна падзяляюць на 2 рэгіёны — Багемію (на З) і Маравію (на У). Зах. ч. займае Чэшскі масіў, які складаецца з раўнін, узгоркаў і плато. Яго акружаюць на ПнУ Судэты (хр. Крконашы, г. Снежка, 1602 м), на ПнЗ Рудныя горы, на ПдЗ Чэшскі Лес і Шумава, на ПдУ — Чэшска-Мараўскае ўзв. Карысныя выкапні: каменны і буры вугаль, каалін, графіт, мергель, вапнякі, поліметалы, рэдкія металы, вырабныя камяні, нафта і газ, крыніцы мінер. вод (Карлавы Вары, Марыянске-Лазне). Клімат умераны, пераходны ад марскога да кантынентальнага. Сярэднія т-ры студз. ад -2 да -4 °C на раўнінах і ад -7 да -8 °C у гарах, ліп. адпаведна ад 19—21 °C да 9—14 °C. Ападкаў ад 450—600 мм на раўнінах да 1200—1600 мм у гарах. Гал. рака Лаба з прытокам Влтава. На раўнінах пашыраны чарназёмы. на ўзгорыстых мясцовасцях — бурыя лясныя глебы, вышэй — падзолістыя і горна-лугавыя глебы. Пад лесам 34% тэр., пераважаюць хвойныя (елка, хвоя) і лісцевыя (дуб, бук) лясы. У складзе фауны буры мядзведзь, ліс, дзік, воўк, сарна; з птушак — фазан, курапатка, цецярук і інш. Крконашскі нац. парк.

Насельніцтва. 94,4% насельніцтва складаюць чэхі. Жывуць таксама славакі (3%), палякі (0,6%), немцы (0,5%), цыганы (0,3%), венгры (0,2%) і інш. Вернікі католікі (39,2%), пратэстанты (4,6%), праваслаўныя (3%) і інш. Сярэдняя шчыльн. 130 чал. на 1 км², найб. шчыльна заселены паўн. прамысл. раёны. У гарадах жыве 75% насельніцтва, каля палавіны — у малых гарадах (да 20 тыс. ж.). Найб. гарады (тыс. ж.): Прага — 1202 (2002), Брно — 390, Острава — 326, Пльзень — 172 (1995). У прам-сці і буд-ве занята 40% эканамічна актыўнага насельніцтва, у сельскай гаспадарцы — 5%, у сферы паслуг і кіраванні — 55%.

Гісторыя. Тэр. Ч. заселена ў палеаліце. У 4—2 ст. да н.э. сюды прыйшлі кельцкія плямёны бояў (ад іх стараж. назва краіны Багемія), якіх у пач. 1-га тыс. н.э. выцеснілі герм. плямёны маркаманаў. У сярэдзіне 1-га тыс. яны перасяліліся ў Баварыю, а землі Ч. каланізавалі славяне (дзечаны, літамержыцы, пшаване, лемузы, злічаны, дулебы). Паводле падання, іх узначальваў правадыр Чэх (гл. Лех, Чэх, Рус) — легендарны заснавальнік Чэш. дзяржавы і будучага чэш. народа. З 7 ст. чэш. землі ў складзе паліт. аб’яднання кн. Сама, у 9 ст. — Вялікамараўскай дзяржавы. У Вял. Маравіі славяне ўпершыню былі далучаны да хрысціянства; тут прапаведавалі браты Кірыла і Мяфодзій, узнікла богаслужэнне на стараслав. мове, развівалася глагалічная пісьменнасць У канцы 9 ст. візант. царк. абрад быў выцеснены рымскім (пазней каталіцкі), богаслужэнне і пісьменства вяліся на лацінскай мове, што на доўгі час затрымала развіццё слав. (чэш.) культуры. У 895 ад Вялікамараўскай дзяржавы аддзяліліся чэш. землі, на якіх у 10 ст. ўтварылася стараж.-чэш. дзяржава (княства, з 1158 каралеўства) на чале з дынастыяй Пржэмыславічаў (правілі да 1306). У канцы 13—1-й пал. 14 ст. ў Ч. склалася феад.-саслоўная манархія. У пач. 14 ст. дзяржава Пржэмыславічаў, акрамя Ч. і Маравіі, аб’ядноўвала Аўстрыю, Карынтыю, Крайну, ч. Польшчы. У 1310—1437 чэш. землі ўваходзілі ў склад уладанняў дынастыі Люксембургаў, якія адначасова былі імператарамі «Свяшчэннай Рым. імперыі», герм. і чэш. каралямі. Росквіт сярэдневяковай Ч. звязаны з праўленнем Карала I [1346—78, гл. Карл IV]. Пры ім яна заняла пануючае становішча ў імперыі, Прага стала яе сталіцай. Залатая була 1356 замацавала за чэш. каралямі правы курфюрстаў, што рабіла іх незалежнымі ад імперыі. Пры Карле IV засн. Пражскае архіепіскапства (1344) і Пражскі універсітэт (1348). У 2-й пал. 14 ст. эканоміка Ч. інтэнсіўна развівалася, хутка багацелі гарады Прага, Пльзень, Градзец, Усці і інш., у вёсцы знікла абшчына і сяляне пераводзіліся з паншчыны на аброк. Вял. ролю ў гасп. развіцці Ч. адыгрывала горназаводская прам-сць з цэнтрам у г. Кутна-Гора. Абвастрэнне сац. і нац. супярэчнасцей выклікала ў Ч. ў 1-й пал. 15 ст. нац.-вызв. антыкаталіцкі рух (гл. Гус Я., Гусіцкія войны). З 1526 Ч. ў складзе ўладанняў Габсбургаў, чыя палітыка цэнтралізацыі ўлады і германізацыі пазбаўляла яе паліт. і нац. суверэнітэту. У 1609 ва ўмовах пашырэння ў Ч. лютэранства дазволена свабода веравызнання, але ў 1620-я г. яна адменена, а каталіцкая царква адноўлена як пануючая. З 1627 Ч. кіравала з Вены спец. «Чэшская палата». У 1547, 1618—20, 1680, 1775 у Ч. адбыліся антыгабсбургскія паўстанні. Эканам. разарэнне Ч. ў час Трыццацігадовай вайны 1618—48 выклікала т.зв. «другое выданне прыгонніцтва» (асабістая залежнасць сялян скасавана толькі ў 1781, феад. павіннасці — у 1848). У канцы 18—1-й пал. 19 ст. ў Ч. разгарнуўся рух «будзіцеляў» (І.Добраўскі, Ф.Палацкі, Ф.​Прохаска, І.​Юнгман і інш.), якія змагаліся супраць ням. засілля, за захаванне і развіццё чэш. мовы і культуры. У час рэвалюцыі 1848—49 у Аўстрыі ў Ч. адбыліся выступленні супраць аўстр. абсалютызму (гл. Пражскае паўстанне 1848); пачалося фарміраванне нац. грамадскіх плыней і паліт. партый. З 1867 Ч. ў складзе аўстр. часткі Аўстра-Венгрыі, была найб. эканам. развітой вобласцю з высокім узроўнем адукацыі насельніцтва (у пач. 20 ст. дасягнута ўсеагульная пісьменнасць). У 1905 уведзена ўсеагульнае выбарчае права. У 1-ю сусв. вайну, нягледзячы на ваен.-паліцэйскі рэжым, масавы характар набылі антыўрадавыя выступленні ў Ч., здача ў палон чэш. салдат і афіцэраў на фронце (з такіх палонных быў створаны чэхаславацкі корпус у рас. арміі).

Сумесная нац.-вызв. барацьба чэхаў і славакаў, у т. л. намаганні дзеячаў чэш. і славацкай эміграцыі, якія арыентаваліся на краіны Антанты (Т.Г.Масарык, М.​Штэфанік і інш.), зрабіла магчымым абвяшчэнне 28.10.1918 незалежнай Чэхаславацкай Рэспублікі (гл. Чэхаславакія). У яе складзе Ч. эканамічна і палітычна дамінавала над Славакіяй, якую пераўзыходзіла па тэр., насельніцтве (7 млн. чэхаў, 2 млн. славакаў), па прамысл. вытв-сці, бо сканцэнтравала ў сябе 70% прам-сці б. Аўстра-Венгрыі. У 1930-я г. ў Славакіі з’явіліся паліт. сілы, якія выступалі за яе аддзяленне ад Ч. У самой Ч. выспяваў нац. канфлікт паміж чэш. і ням. (3 млн. чал.) насельніцтвам, які ў 1938 скарыстала Германія для захопу чэш. зямель. Паводле Мюнхенскага пагаднення 1938 Германія ў кастр. 1938 акупіравала Судэцкую вобл. і інш. землі Ч., пераважна населеныя немцамі. У сак. 1939 Германія справакавала абвяшчэнне Славакіяй «незалежнасці» і акупіравала астатнюю тэр. Ч., дзе быў створаны нібыта аўт. «Пратэктарат Багемія і Маравія» на чале з імперскім пратэктарам К. фон Нейратам, якому падпарадкоўваліся калабарацыянісцкі «аўтаномны ўрад» і «дзярж. прэзідэнт» Э.​Гаха (б. прэзідэнт Чэхаславакіі). У Ч. разгарнуўся рух Супраціўлення, які актывізаваўся з пач. 2-й сусв. вайны, набываючы форму забастовак, сабатажу, маніфестацый пратэсту, пазней і партыз. барацьбы. Гітлераўцы жорстка распраўляліся з удзельнікамі Супраціўлення. У 1942 яны знішчылі разам з усім мужчынскім насельніцтвам шахцёрскі пасёлак Лідзіцы, жыхароў якога абвінавацілі ў дапамозе патрыётам, што забілі 2-га пратэктара «Багеміі і Маравіі» Р.Гайдрыха. У крас.—маі 1945 Ч. вызвалена сав. і амер. войскамі. Напярэдадні ўступлення Чырв. Арміі ў чэш. сталіцу адбылося Пражскае паўстанне 1945. З мая 1945 Ч. ў складзе адноўленай Чэхаславакіі, дзе ў лют. 1948 да ўлады прыйшла Камуніст. партыя Чэхаславакіі (КПЧ) і адбывалася будаўніцтва сацыялізму. Да канца 1980-х г., нягледзячы на заганы адміністрацыйна-каманднай сістэмы, у Ч. значна вырас прамысл. патэнцыял, створана высокаэфектыўная калектыўная сельская гаспадарка (сяляне ў кааператывах захавалі свае «паі»). Паводле закона Чэхаславакіі ад 27.10.1968 Ч. і Славакія абвешчаны раўнапраўнымі і суверэннымі сацыяліст. рэспублікамі ў складзе чэхаславацкай федэрацыі. Вышэйшым органам дзярж. улады ў Ч. стаў Чэш. нац. савет (парламент), які выбіраўся насельніцтвам на 5 гадоў. Яго Прэзідыум прызначаў рэсп. ўрад. У выніку «аксамітнай рэвалюцыі» 1989 улада ад камуністаў перайшла да прыхільнікаў дэмакратыі і рыначных рэформ на чале з лідэрам Грамадзянскага форуму В.Гавелам. Старыя і новыя эканам. і паліт. супярэчнасці паміж Чэхіяй і Славакіяй прывялі Чэхаславакію да распаду, у выніку якога 1.1.1993 утварылася незалежная Чэш.

Рэспубліка. Яе прэзідэнтам у 1993 — пач. 2003 быў Гавел. У 1993—98 краінай кіравалі ўрады партый правацэнтрысцкай кааліцыі (прэм’ер-міністры В.Клаўс, І.​Ташаўскі), з 1998 — левацэнтрысцкай кааліцыі (прэм’ер-міністры М.​Земан і з 2002 — У.​Шпідла). У сак. 2003 прэзідэнтам Ч. выбраны В.​Клаўс. У 1990-я г. ў Ч. паслядоўна праводзілася палітыка эканам. рэформ, найперш па прыватызацыі і дэнацыяналізацыі дзярж. маёмасці і стварэнні канкурэнтнага асяроддзя. У знешняй палітыцы Ч. арыентуецца на краіны Зах. Еўропы і ЗША. Ч. — чл. ААН (з 1993), Савета Еўропы (з 1993), НАТО (з 1999), інш. міжнар. арг-цый. Дыпламат. адносіны з Рэспублікай Беларусь устаноўлены 5.1.1993.

Палітычныя партыі і прафсаюзы: Чэш. с.-д. партыя, Грамадз. дэмакр. партыя, Камуніст. партыя Чэхіі і Маравіі, Хрысц.-дэмакр. унія — Чэхаславацкая нар. партыя, Саюз свабоды. Асн. прафс. аб’яднанне — Чэшска-мараўская канфедэрацыя прафсаюзаў.

Гаспадарка. Ч. — індустр.-агр. краіна. З 1990 ажыццяўляюцца пераўтварэнні з мэтай выхаду на параметры рыначнай эканомікі: спынены спад вытв-сці, праведзены рэформы цэн і гандлю, практычна завершана прыватызацыя, адбылася структурная перабудова і інш. Станоўчыя зрухі ў эканоміцы пачаліся з 1994 з ростам прамысл. вытв-сці, буд-ва, турызму і інш. сектараў сферы паслуг, у т. л. банкаўскага і фінансавага. Паліт. стабільнасць і паслядоўная эканам. палітыка стварылі добры інвестыцыйны клімат для замежнага бізнесу. За 1989—2000 аб’ём прамых інвестыцый склаў 21,4 млрд. долараў. Валавы ўнутр. прадукт (ВУП) у 2000 132,4 млрд. дол., каля 12,9 тыс. дол. на чалавека. У прам-сці ствараецца 41,7% ВУП, у сельскай гаспадарцы — 4,6%, у сферы паслуг — 53,7%. Прамысловасць — важная частка гасп. комплексу. Чэшскія прамысл. вырабы традыцыйна адметныя высокай якасцю, што звязана са шматвяковымі звычкамі і наяўнасцю кваліфікаваных кадраў. У эканоміцы вылучаюцца буйны індустр. вузел — раён гарадоў Прага, Пльзень і Астраўска-Карвінскі кам.-вуг. бас. — з цяжкай прам-сцю і паласа паміж гарадамі Градзец-Кралаве і Ліберац з перавагай тэкст. і шкляной прам-сці. Паліўнаэнергет. комплекс краіны грунтуецца на мясц. вугалі (на 90%), імпартуемых з Расіі і часткова здабываемых (каля г. Годанін) нафце і газе. Штогадовая здабыча вугалю 117—120 млн. т. Буры вугаль (​3/4 здабычы) распрацоўваецца адкрытым спосабам (Масцецкі і Сокалаўскі бас.), каменны і каксоўны — у Астраўска-Карвінскім бас. Вытв-сць электраэнергіі 69,6 млрд. кВт∙гадз (1999) на ЦЭС (75,5%; размешчаны ў раёнах здабычы бурага вугалю), ГЭС (2,6%; каскады на р. Влтава), АЭС (20,4%; на Пд Маравіі) і інш. Чорная металургія забяспечана мясц. каксоўным вугалем, невял. колькасцю жал. руды (здабыча ў раёне гарадоў Прага—Пльзень). Асн. частка жал. руды паступае з Расіі і Украіны. Буйныя металург. прадпрыемствы ў Кунчыцах і Віткавіцах (каля Остравы), Тршынец, Кладна, Пльзень, Хомутаў. Штогод выплаўляецца больш за 7 млн. т сталі і 5 млн. т чыгуну (60% у Астраўскім р-не). Здабыча свінцова-цынкавых (Кутна-Гора), уранавых (Паўн. Багемія) руд, золата, волава, графіту, кааліну. Гал. галіна прам-сці — машынабудаванне. Развіта цяжкае (вытв-сць комплекснага абсталявання для энергет., металургічнай і хім. прам-сці), трансп. (аўтамабілі, электравозы, трамваі) і электроннае машынабудаванне. Ваен.-прамысл. комплекс спецыялізуецца на вытв-сці камп’ютэраў, радыё і тэлеф. сістэм, крыпталагічнага абсталявання, радараў і інш. Гал. маш.-буд. цэнтры: Прага, Брно, Пльзень, Ліберац, Млада-Болеслаў, Копршыўніцы. Хуткімі тэмпамі развіваецца хім. прам-сць. За 1992—96 аб’ём інвестыцый у яе склаў 2 млрд. дол. (у машынабудаванне — 1,3 млрд. дол.). Вытв-сць валокнаў, пластмас, сінт. смалы і каўчуку ў гарадах Кралупі-над-Влтаваў, Усці, Острава, Мост і інш. Галіна пастаўляе на сусв. рынак мінер. ўгнаенні, пестыцыды, сыравіну для фармацэўтычнай прам-сці.

Лёгкая прам-сць — адна з галін міжнар. спецыялізацыі Ч. Вытв-сць баваўняных і шаўковых (Нахад, Трутнаў), шарсцяных (Брно), ільняных (Ліберац) тканін, абутку (32 млн. пар, Злін), швейных вырабаў. Вял. значэнне для краіны маюць шкларобная (Паўн. Ч.) і фарфоравая (Карлавы Вары, Цепліцы) прам-сць, якія працуюць на мясц. шкловых пясках і кааліне. У г. Ябланец вырабляюць вядомую чэшскую біжутэрыю — ювелірныя вырабы са шкла і паўкаштоўных камянёў. Традыц. галіна харч. прам-сці — піваварная (Пльзень, Прага, Брно, Чэске-Будзеёвіцы) і цукр. (Маравія, Палаб’е). Вытв-сць піва каля 1800 млн. л, цукру — 560 тыс. т штогод. Развіта лясная, цэлюлозна-папяровая і мэблевая прам-сць; вытв-сць буд. матэрыялаў. Сельская гаспадарка Ч. забяспечвае большую ч. патрэбы краіны ў харч. прадуктах, частка с.-г. прадукцыі экспартуецца. У выніку рэформ праведзена рэстытуцыя (аднаўленне) правоў на зямлю. Больш за ​3/4 с.-г. кааператываў пераўтвораны ў кааператывы зямельных уласнікаў, на 50% скарацілася колькасць занятых. С.-г. ўгоддзі займаюць 4250 тыс. га, у т. л. ворныя землі 3227 тыс. га, сенажаці 157 тыс. га, паша 866 тыс. га. Каля палавіны пасяўной пл. — пад збожжавымі культурамі, пераважна пшаніцай (штогадовы збор каля 4 млн. т). Вырошчваюць таксама ячмень, жыта, авёс, кукурузу, цукр. буракі, лён, каноплі, хмель, люцэрну, канюшыну. Бульбаводства і агародніцтва. Садоўніцтва і вінаградарства. Развіта жывёлагадоўля (72 валавой і ​2/3 таварнай прадукцыі). Пагалоўе (млн. галоў, 2001): буйн. раг. жывёлы — 1,58, свіней — 3,59, авечак — 0,09, коз — 0,03, птушак — 14,69. Рыбалоўства. Улоў рыбы ў 1999 склаў 20,9 тыс. т. Даўж. чыгунак 9435 км, аўтадарог 127 693 км (усе з цвёрдым пакрыццём), у т. л. першакласных аўтамагістралей (хайвэі) — 498 км. У краіне 4,41 млн. легкавых і 0,5 млн. грузавых аўтамашын. Суднаходства па р. Лаба. Рачныя парты — Прага, Усці, Дэчын. 43 аэрапорты, у т. л. міжнар. аэрапорт Рузіне (Прага). У 2000 экспарт склаў 28,3 млрд. дол., імпарт 31,4 млрд. дол. У экспарце пераважаюць машыны і абсталяванне, хімікаты, кокс, пракат, тэкстыль, абутак, шкляныя і фарфоравыя вырабы, цукар, піва, солад, хмель і інш., у імпарце — мінер. сыравіна, паліва, паўфабрыкаты для цяжкай індустрыі і інш. Асн. гандл. партнёры: Германія (43% экспарту і 37% імпарту), Славакія (8,4% і 6,7%), Аўстрыя, Францыя, Расія. Гандлёвы абарот Беларусі з Ч. ў 2001 склаў 92,6 млн. дол., у т. л. экспарт 35,4 млн. дол., імпарт 57,2 млн. дол. Ч. — краіна развітога турызму. Штогод краіну наведвае больш за 10 млн. турыстаў, даход ад турызму ў 2000 склаў 3,04 млрд. дол. Грашовая адзінка — чэшская крона.

Узброеныя сілы (2002). Уключаюць рэгулярныя ўзбр. сілы (49,45 тыс. чал.), ваенізаваныя фарміраванні (5,6 тыс. чал., у т. л. 4 тыс. чал. у пагран. войсках і 1,6 тыс. чал. — сілы ўнутр. бяспекі). Вярх. галоўнакамандуючы — прэзідэнт. Камплектаванне паводле прызыву. Рэгулярныя ўзбр. сілы складаюцца з сухап. войск, ВПС і ППА. У сухап. войсках 36,37 тыс. чал., 622 танкі, 879 баявых машын пяхоты, 923 бронетранспарцёры, 182 браніраваныя разведвальна-дазорныя машыны, 298 самаходных гармат, 109 рэактыўных сістэм залпавага агню, каля 140 зенітных ракетных комплексаў і інш. У ВПС і ППА 11,3 тыс. чал., 75 баявых самалётаў, 34 баявыя верталёты і інш.

Ахова здароўя. Сістэма аховы здароўя ўключае мед. страхаванне, таксама развіта прыватная медыцына (прыватызавана 76% аптэк, 95% паліклінік, 1996). Сярэдняя працягласць жыцця мужчын 71,5, жанчын 78,7 гадоў (2002). Узровень нараджальнасці — 9,1 на 1 тыс. чал., смяротнасць 10,8 на 1 тыс. чалавек. Натуральны прырост адмоўны: -0,17%. Забеспячэнне бальнічнымі ложкамі — 1 на 146 чал., урачамі — 1 на 259 чал. (1997). Дзіцячая смяротнасць 5,5 на 1 тыс. нованароджаных. Курорты: Карлавы Вары, Марыянске-Лазне, Францішкаві-Лазне.

Асвета, навуковыя ўстановы. Сістэма адукацыі ўключае дашкольныя ўстановы (для дзяцей 3—6 гадоў), агульнаадук. і прафес. школы, сярэднія спец. і вышэйшыя навуч. ўстановы. На ўсіх узроўнях адукацыі існуюць дзярж. і прыватныя навуч. ўстановы. Дзеці 6—10 гадоў вучацца ў пачатковай асн. школе. Далей адукацыю працягваюць у гімназіях (да 19 гадоў) ці сярэдніх школах (да 16 гадоў). Большасць выпускнікоў сярэдніх школ працягвае адукацыю ў каледжах ці сярэдніх прафес. школах, дзе набывае спецыяльнасць. У сістэме вышэйшай адукацыі ун-ты, ін-ты і акадэміі. У адпаведнасці з Законам аб вышэйшай адукацыі ад 1.1.1999 ун-тамі маюць права называцца ВНУ, якія рыхтуюць кандыдатаў і дактароў навук, акадэміямі — ВНУ, якія даюць вышэйшую адукацыю ў галіне л-ры, культуры і мастацтва. Навучанне ў дзярж. ВНУ бясплатнае. З 1.1.1999 замежныя грамадзяне таксама могуць бясплатна атрымліваць адукацыю ў Ч., калі яны валодаюць чэш. мовай. Дзярж. ВНУ рыхтуюць бакалаўраў (3 гады навучання) і магістраў (5 гадоў навучання). Усе камерцыйныя ВНУ (створаны ў 1990-я — пач. 2000-х г.) рыхтуюць студэнтаў толькі да ўзроўню бакалаўраў. Гэтыя ВНУ праходзяць у Мін-ве адукацыі Ч. абавязковую атэстацыю на якасць навучання. Сістэма адукацыі ў Ч. адпавядае патрабаванням еўрап. і міжнар. стандартаў адукацыі. У Ч. 37 ВНУ. Найбуйнейшыя з іх: Пражскі універсітэт (з 1348, каля 37 тыс. студэнтаў), ун-ты Масарыка ў Брно (з 1919, 17 тыс.), імя Ф.​Палацкага ў Оламаўцы (з 1566, 11 тыс.), тэхнічныя ў Празе, Остраве і Брно, эканамічны ў Празе, земляробчы ў Брно і інш. Найбуйнейшыя б-кі: Нацыянальная Ч., АН, Дзярж. тэхнічная, Дзярж. медыцынская ў Празе, Дзярж. павук. ў г. Чэске-Будзеёвіцы і інш. Музеі: Нац. галерэя, Нац., Пражскі гарадскі, зброі, этнагр., гісторыка-археал., маст. рамёстваў, тэхнічны і інш. Навук. даследаванні вядуцца ў Чэшскай АН, н.-д. ін-тах, ва ун-тах.

Друк, радыё, тэлебачанне. У 2002 у Ч. выдавалася больш за 60 штодзённых газет і інш. перыяд. выданняў. Найб. тыражныя газеты: «Mladá fronta dnes» («Маладзёжны фронт сёння», з 1945), «Právo» («Права», з 1991), «Lidove noviny» («Народная газета», з 1893), «Hospodářské noviny» («Эканамічная газета», з 1957), «Zemédělské noviny» («Сельскагаспадарчая газета», з 1945), «Práce» («Праца», з 1945), «Sport» («Спорт», з 1953). Інфарм. агенцтва — Чэш. тэлегр. агенцтва (ЧТК, з 1992). Радыёвяшчанне з 1923. Вяшчаюць 3 агульнанац. і 82 рэгіянальныя і мясц. радыёстанцыі. Грамадская радыёстанцыя «Чэшскае радыё» мае 4 агульнанац. і 1 рэгіянальную праграмы. Тэлебачанне з 1953. Вяшчанне вядуць 3 тэлекампаніі — грамадская «Чэшскае тэлебачанне» (2 праграмы), прыватныя «Нова ТВ» і «Прыма ТВ». Дзейнічаюць 37 рэгіянальных і мясц. тэлекампаній. Ліцэнзаванне і нагляд за дзейнасцю радыёстанцый і тэлекампаній ажыццяўляе Чэш. савет па радыёвяшчанні і тэлевізійным вяшчанні (з 1992).

Літаратура. Развіваецца на чэшскай мове. З’яўленню першых твораў чэш. пісьменнасці (духоўныя песні, жыціі, паданні на стараслав. мове) спрыяла асветніцкая дзейнасць Кірылы і Мяфодзія (9—10 ст.). З 11 ст. пісьмовай мовай стала латынь;, найб. значны твор — «Чэшская хроніка» Казьмы Пражскага (1125). У канцы 13 ст. ўзніклі вершаваныя творы на чэш. мове («Александраіда», «Далімілава хроніка»). Росквіту чэш. л-ры спрыялі ідэі Адраджэння, адкрыццё Пражскага ун-та (1348). Развіваліся свецкія жанры — рыцарскі раман, нар. драма, любоўная лірыка, ваганцкія сатыр. песні. Першы вядомы чэш. пісьменнік — Т.​Шцітны. У 15 ст. развіццё л-ры звязана з гусіцкім рухам (публіцыст. і філас. творы Я.Гуса, Я.Жыжкі, П.​Хельчыцкага). У 1468 у Ч. пачалося кнігадрукаванне: Мікулаш Конач з Годзішкава, Даніэль Адам з Велеславіна. У л-ры канца 15—16 ст. выявіліся гуманіст. тэндэнцыі (творы В.​Корнеля з Ушэграда, В.​Гаека з Лібачан). Страта Ч. незалежнасці пасля бітвы каля Белай Гары (1620) і засілле ням.-каталіцкай рэакцыі адмоўна адбіліся на развіцці чэш. л-ры ў 17—18 ст. У эміграцыі працаваў педагог-гуманіст Я.А.Каменскі. Эпоха нац. адраджэння (канец 18—1-я пал. 19 ст.) характарызавалася ўздымам вызв. руху, фарміраваннем нацыі і нац. культуры, асветніцкай дзейнасцю дэмакр. інтэлігенцыі (вучоныя П.І.Шафарык, І.Добраўскі, Ф.​Палацкі, І.​Юнгман, паэты Я.Колар, А.​Пухмаер, Ф.​Л.​Чэлакаўскі і інш.). У 1830-я г. ўзнік рамантызм (К.Г.Маха, К.​Я.​Эрбен), развівалася драматургія (І.​К.​Тыл). У 2-й пал. 19 ст. ў чэш. л-ры ўсталяваліся рэаліст. тэндэнцыі (публіцыстыка К.Сабіны, паэзія Я.Врхліцкага, С.Чэха, І.​В.​Сладака, проза Б.Немцавай, сатыр. творы К.​Гаўлічка-Бораўскага). Серыю гіст. раманаў стварыў А.Ірасек, з літ.-крытычнымі артыкуламі выступіў Я.Неруда. Рэалістычна адлюстроўвалі жыццё Я.​Арбес, В.​Галек, В.​Мрштык, А.​Сташак. На мяжы 19—20 ст. у л-ры пашырыліся мадэрнісцкія і дэкадэнцкія тэндэнцыі (І.С.Махар, С.К.Нейман, О.​Бржэзіна, А.​Сова, Ф.​Шрамек). Пратэстам супраць тагачаснага ладу прасякнута паэзія Ф.​Гельнера, К.​Томана. Праблемы 1-й сусв. вайны адлюстроўвала т.зв. легіянерская проза (Р.​Медак). У літ. крытыцы выступілі О.​Госцінскі, Т.Г.Масарык, Ф.​К.​Шальда і інш. З утварэннем Чэхаславацкай рэспублікі ўзнікла т-ва маладых мастакоў і паэтаў «Дзеветсіл», зарадзілася пралет. паэзія (І.Гора, В.Незвал, Я.Сейферт, К.​Бібл, І.​Волькер, Нейман). Развівалася проза — сац. І.Ольбрахта, М.Пуйманавай, У.​Ванчуры, М.​Маеравай, сатыр. Я.Гашака, філас. Л.​Клімы, фантаст. К.Чапека, псіхал. Э.​Гостаўскага. Сусв. вядомасць набылі структуралісцкія працы Я.Мукаржаўскага. У 2-ю сусв. вайну ў фаш. засценках загінулі Ю.Фучык, Ванчура і інш. У пасляваен. гады дэбютавалі В.Гавел, П.Когаўт, М.Кундзера, Б.​Грабал. Развівалася паэзія І.Коларжа, У.​Голана, М.​Голуба, Ф.​Грубіна, Я.​Заграднічка, проза Я.​Вейла, Я.​Дрды, М.​Кратахвіла, А.​Лусціга, Л.​Фукса і інш. 2-я пал. 20 ст. адметная росквітам гіст. рамана (В.​Капліцкі, У.​Неф, Б.​Ржыга, І.​Томан і інш.). Узніклі т.зв. праблемная, або канфрантацыйная, проза (Б.​Бржэзаўскі, А.​Клімент), метафарычны, эксперым. раман (У.​Клевіс, В.​Лінгартава, Э.​Мандлер, В.​Сладкава). Узмацненне сувязі з еўрап. л-рамі прадвызначыла развіццё рамана сац. (Я.​Отчанашак, В.​Ржэзач), філас. рамана-міфа (Чапек), неарамана (А.​Востра, І.​Фрыед), экзістэнцыяльнага (У.​Кёрнер), постмадэрнісцкага (М.​Вівег, Грабал), навук.-фантаст. (Я.​Вейс, І.​Несвадба, Л.​Соўчак), гумарыст. (М.​Горнічак, М.​Капек), «пра вайну» (К.​І.​Бенеш, Э.​Ф.​Бурыян, Гашак, Дрда, Чапек, І.​Шкворацкі) і інш. У 1990-я г. чэш. л-ру прадстаўлялі празаікі І.​Груша, Я.​Топаль, М.​Тршэшцік, О.​Філіп, паэты М.​Айваз, І.​Рульф, І.​Шыман, драматургі К.​Стэйгервальд, Д.​Фішэр.

На бел. мове выдадзены «Чэшскія і славацкія апавяданні» (1958), зб. чэш. нар. казак «Кубачак, вары!» (1977), анталогія сучаснай чэш. паэзіі «Высокае неба» (1980), творы Гашака («Цвёрдая скура», 1931; «Прыгоды ўдалага ваякі Швейка ў сусветную вайну», ч. 1—3, 1931—32; «Госць у хату», 1984), Гашака і К.​Ванака («Прыгоды ўдалага ваякі Швейка», ч. 4, 1932), Ванака («Прыгоды ўдалага ваякі Швейка», ч. 5—6, 1931—32), Ольбрахта («Ганна-пралетарка», 1932), Фучыка («Слова перад пакараннем смерцю», 1953), Дрды («Нямая барыкада», 1955), І.​Марака («Маладыя змагары», 1958), П.​Бояра і В.​Бояравай («Закаханыя», 1960), Ржыгі («Паездка Гонзіка ў вёску», 1961), І.​Кубічка («Люцынка», 1965), Чапека («Казкі і вясёлыя гісторыі», 1966, 1997), Ірасека («Скалакі», 1974), Б.​Ногейла («Паводка»), В.​Стыблавай («Мой брацік», абодва 1977), Я.​Козака («Гняздо бусла», 1979), М.​Стынгла («Украдзены татэм», 1981), І.​Герцыкавай («Цень сну», 1985), Незвала («Васількі і гарады», 1986), Гавела («Свята ў садзе», 1995; «Аўдыенцыя», 1997), І.​Скалы («Вітаю вас, вокны!», 1995), С.​Рудольфа («Маё дзіўнае вужаня»), Э.​Баса («Клапзубава каманда», абодва 1998). Сярод перакладчыкаў на бел. мову Л.​Баршчэўскі, Я.​Васілёнак, У.​Дамашэвіч, Х.​Жычка, М.​Кенька, В.​Крайко, А.​Мажэйка, П.​Макаль, П.​Марціновіч, С.​Міхальчук, М.​Татур, І.​Шаблоўская, Г.​Шчарбатаў і інш.

Архітэктура. Рэшткі ўмацаваных паселішчаў 9 ст. выяўлены ў Празе і ў Паўд. Маравіі; найб. значнае з іх «На валах» у с. Мікульчыцы — з драўлянымі і каменнымі ўмацаваннямі і дамамі, храмамі ў познаант., візант. і познакаралінгскіх традыцыях (храм-ратонда св. Віта ў Празе, каля 935). У 11—13 ст. склаўся раманскі стыль: базілікі св. Віта і св. Іржы ў Пражскім Градзе, рэшткі крэпасці Пржэмыславічаў у Оламаўцы; кляштары і замкі (Пражскі Град, Кршываклат, Чэскі-Крумлаў і інш.), каля якіх узнікалі гар. паселішчы з каменнымі дамамі, умацаваннямі, мастамі. Росквіт сярэдневяковай архітэктуры звязаны з готыкай 13—15 ст. Для пабудоў характэрны велічнасць форм, стрыманасць урачыстага канструктыўна выразнага дэкору: усх. ч. сабора св. Віта [арх. Мацвей з Араса і П.​Парлерж (гл. Парлер)], ратуша ў Старым горадзе, Карлаў мост (усе ў Празе). У гатычным стылі перабудоўваліся старыя і будаваліся новыя гарады з рэгулярнай планіроўкай (Новы горад у Празе) і цэнтр. прамавугольнай плошчай (Чэске-Будзеёвіцы, Чэскі-Крумлаў). Замкі 13—16 ст. складаліся з «града» і «перадграддзя», звычайна мелі данжон, капліцу, унутр. двары з гатычнымі аркаднымі галерэямі, парадныя памяшканні з сеткавымі скляпеннямі (Кршываклат, Звікаў, Чэскі-Крумлаў, Карлштэйн). У 2-й пал. 15 — пач. 16 ст. ўзрос дэкор, ускладніліся ўзоры скляпенняў (Уладзіслаўская зала каралеўскага палаца ў Пражскім Градзе, сабор св. Барбары ў Кутна-Горы). Базілікальныя храмы змяняліся на зальныя. Падзеленыя на нефы залы набылі некат. ратушы (у Табары). З 1530-х г. пашырыўся стыль рэнесанс (палацы летні каралеўскі Бельведэр з «пяючым» фантанам, Шварцэнбергскі ў Празе). У перабудаваных замках з’явіліся аркадныя ўнутр. двары, лоджыі, садовыя павільёны, парадныя залы з размалёўкамі і лепкай (Літамішль, Йіндржыхуў-Градзец). Дамы і ратушы аздаблялі дэкар. атыкамі, узорыстымі франтонамі, арачнымі галерэямі, эркерамі, размалёўкамі сграфіта (у Табары, Тэльчы, Кутна-Горы). У 17—18 ст. дынамічна развіваўся стыль барока рэгіянальнага тыпу, адметны экспрэсіўным дэкорам, манументальнасцю, арган. сувяззю з горным ландшафтам. Вылучаліся 1-нефавыя ці цэнтрычныя з велічным купалам і вежамі сабор Ушэсця Маці Божай у Кутна-Горы, касцёл св. Ігнація ў Новым горадзе, палацы Чэрнінскі, Вальдштэйнскі, Кінскіх, маляўнічыя палацава-паркавыя комплексы Міхнаўскі, Лобкавіцкі ў раёне Мала-Страна (усе ў Празе). У сярэдзіне 19 ст. сцвердзіўся кірунак т.зв. рамантыкі з уласцівымі яму тэндэнцыямі эклектыкі. Параднай манументальнасцю і багаццем убрання вылучаліся пабудовы ў духу неарэнесансу і неабарока ў Празе (Нац. т-р, музей). У канцы 19 — пач. 20 ст. пашырыўся стыль мадэрн з характэрнымі яму пошукамі нац. своеасаблівасці і тэндэнцыямі рацыяналізму (пабудовы Я.Коцеры ў Градзец-Кралаве і Просцеёве). Пераходам да архітэктуры функцыяналізму ў 1910-я г. адзначаны пабудовы І.Гочара і інш. (т. зв. чэш. кубізм). У 1930-я г. сфарміравалася нац. школа функцыяналізму (арх. Гочар, К.​Гонзік, І.​Гаўлічак, І.​Крога). У Празе (1929) завершана зах. ч. сабора св. Віта (на аснове чарцяжоў і праектаў Парлержа), узведзены Нац. помнік Вызвалення на гары Віткаў (1929—32). У пасляваен. гады пабудаваны новыя жылыя раёны ў Празе, у гарадах Злін, Горні-Літвінаў, Оламаўц і інш., выраслі новыя гарады (Млада-Болеслаў). У 1934 у Празе пабудаваны адкрыты стадыён (Страгаўскі) на 240 тыс. гледачоў (самы буйны ў свеце). Пабудовы 2-й пал. 20 ст. адметныя функцыян. выразнасцю, рацыянальнай прастатой форм, выкарыстаннем сучасных матэрыялаў (шкло, бетон, алюміній, пластыкі). Пры ўзвядзенні спарт. і прамысл. збудаванняў выкарыстоўваюцца арыгінальныя зборныя канструкцыі (водны стадыён у р-не Падолі ў Празе, тэлевежа на гары Ештэд каля г. Ліберац). Узмацняюцца пошукі пластычнай выразнасці і індывід. аблічча будынкаў (Федэральны сход, «Дом, які танцуе», абодва ў Празе), вядзецца рэканструкцыя гіст. цэнтраў гарадоў, у т. л. Вацлаўскай пл. ў Празе). У аздабленні грамадскіх будынкаў (Чэш. тэлебачанне, 1980; Палац культуры, 1982, у Празе; універмаг «Дон» у Градзец-Кралаве, 1983) шырока выкарыстоўваюцца мясц. матэрыялы: шкло, фарфор, кераміка, дэкар. тканіны і інш.

Выяўленчае і дэкаратыўна-прыкладное мастацтва. Ранняе сярэдневяковае мастацтва бярэ пачатак ад эпохі росквіту Вялікамараўскай дзяржавы і ўзвышэння Чэш. княства. У мастацтве 11—13 ст. уплывы Германіі і Візантыі: мініяцюры «Вышаградскага кодэкса» (1085), размалёўкі ратонды св. Катаржыны ў Знойме (1134), рэльефы моста Юдзіфі ў Празе (1170) і інш. У 1-й пал. 14 ст. строгі кананізм вобразаў змяніўся лірычнымі і вытанчанымі выявамі (статуі т.зв. Майстра Міхельскай Мадонны). У 2-й пал. 14 ст. пашырылася готыка: скульпт. партрэты на трыфорыях сабора св. Віта ў Празе (скульпт. П.​Парлерж з памочнікамі), жывапісныя выявы святых для капліцы замка Карлштэйн (майстар Тэадорык). Протарэнесансавыя тэндэнцыі выявіліся ў мініяцюры (малітоўнік Яна са Стршэды, каля 1364). З канца 14 ст. ў скульптуры і жывапісе пашырыўся т.зв. мяккі стыль (цыкл алтарных кампазіцый для сабора св. Ільі ў Тршэбані, жывапісец т.зв. Майстар Тршэбанскага алтара), узмацніўся свецкі і дэкар. пачатак. У мініяцюры і жывапісе пач. 15 ст. дэмакр. і антыклерыкальныя тэндэнцыі (творы т.зв. Майстра Райградскага алтара, мініяцюры «Гётынгенскага кодэкса». У познагатычную эпоху вылучалася скульптура т.зв. Майстра «Аплаквання» з Жэбрака. У 14—15 ст. дасягнула росквіту дэкар.-прыкладное мастацтва: маст. шкло, ювелірныя вырабы, кафля, мазаіка, вітраж. Рэнесанс у жывапісе найб. ярка выявіўся ў творчасці т.зв. Майстра Літамержыцкага алтара (алтар касцёла ў г. Літамержыц, размалёўкі ў капэле св. Вацлава ў саборы св. Віта ў Празе, абодва пач. 16 ст.), а таксама ў мініяцюры («Чэшскі канцыянал», «Іенскі кодэкс»). Развіваліся дэкар. ўбранне са стука, размалёўкі сграфіта, надмагіллі з партрэтнымі выявамі, медальернае мастацтва. На мяжы 16—17 ст. Прага стала адным з цэнтраў еўрап. маньерызму. Пры каралеўскім двары працавалі італьян., нідэрл., ням. майстры (Х. фон Ахен, А. дэ Врыс, Б.​Спрангер і інш.). У эпоху барока (17—18 ст.) пачала фарміравацца нац. школа: партрэты і алтарныя кампазіцыі К.Шкрэты, П.​Брандля, пейзажы і насценныя размалёўкі В.​В.​Рэйнера, партрэты Я.Купецкага, гравюры В.​Голара, нацюрморты Я.​Р.​Біса. У скульптуры вылучаліся дэкар. статуі і групы Ф.​М.​Брокафа і М.​Б.​Браўна, у якіх уплыў Л.Берніні. У сярэдзіне 18 ст. будынкі аздаблялі ў стылях ракако і класіцызму (скульптура І.​Ф.​Платцэра, жывапіс Н.​Грунда).У 17—18 ст. на высокім узроўні маст. шкло (гл. Чэшскае шкло), ювелірнае мастацтва, разьба па камені, апрацоўка металу, ткацтва. На развіццё мастацтва паўплывала заснаванне ў Празе «Патрыятычнага т-ва сяброў мастацтва» (1796) і Акадэміі мастацтва (1799). У 19 ст. пашыраны класіцызм і рамантызм: творы А.Косарака, А. і І. Манесаў (гл. ў арт. Манес), І.Навраціла, К.Пуркіне, Я.​Чэрмака. У канцы 19 ст. вял. значэнне мела т.зв. пакаленне Нац. т-ра на чале з жывапісцам М.Алешам. Пленэрныя, рэаліст. пошукі характэрны для пейзажнага жывапісу (Ю.​Маржак, А.​Хітусі). Асновы чэш. скульпт. школы заклаў І.В.Мысльбек. У пач. 20 ст. нац. рэаліст. традыцыі спалучаліся з прыёмамі імпрэсіянізму і постімпрэсіянізму [А.​Славічак (гл. ў арт. Славічак), А.Гудачак, Л.Куба], з’явілася абстрактнае мастацтва (Ф.Купка). Рысы сімвалізму ўласцівы работам Б.Кафкі, Я.Прэйслера, М.Швабінскага. Высокага ўзроўню дасягнула графіка, што развівалася ў рэчышчы мадэрну: плакаты А.Мухі, А.​Хофбаўэра, кніжнае афармленне І.Лады, А.​Кашпара, гравюры В.​Прэйсіга. У стылі неакласіцызму работы Я.Штурсы, С.​Сухарды і інш. У дэкар.-прыкладным мастацтве працавалі Ф.​Білек, Муха, Сухарда. Да пач. 20 ст. адносіцца першая спроба сінтэзу мастацтваў (творчая садружнасць арх. Я.​Коцеры з Прэйслерам, Сухардам, Штурсам). Зварот да еўрап. авангардызму (жывапіс Э.Філы, Б.​Кубішты, В.​Новака) спалучаўся са спробамі яго нац. пераасэнсавання (Я.​Зрзаві, Р.​Крэмлічка, В.​Шпала, І.​Чапек). У 1920—30-я г. склалася т.зв. сац. мастацтва (О.Гутфройнд, К.Покарні, жывапісцы К.​Голан, М.​Голі, П.​Коцік. графік В.​Сілаўскі, скульпт. К.​Котрба, Я.​Лаўда) з уласцівымі яму драматызмам, зваротам да прыёмаў экспрэсіянізму і прымітывізму. У работах Ф.Музікі, К.​Тэйге, І.​Шымы тэндэнцыі канструктывізму. У пасляваен. гады пашырана манум.-дэкар. мастацтва (мазаікі У.​Сіхры, Швабінскага, сграфіта А.​Забранскага, фрэскі В.​Ціцельбаха), высокага ўзроўню дасягнулі кніжная графіка і плакат (Ц.​Боўда, Музіка, К.​Сволінскі, А.​Стрнадэль, В.​Фіяла), творчасць жывапісцаў І.​Брожа, Я.​Груса, Я.​Славічака, Я.​Сметаны, К.​Соўчака. Для дэкар.-прыкладнога мастацтва характэрны пошукі выразных форм, выкарыстанне прыродных матэрыялаў (шкло Я.​Брыхты, Л.​Смрчковай, габелены і тканіны А.​Кібаля, А.​Фішарака, кераміка О.​Экерта, В.​Цікаля). Развівалася тэатр.-дэкарацыйнае мастацтва (І.​Свобада, Ф.​Трэстэр). Сярод мастакоў 2-й пал. 20 ст.: скульптары М.​Аксман, Б.​Добравольні, І.​Маляёўскі, жывапісцы і графікі Брож, Забранскі, Соўчак, фотамастак К.​Пліцкі. У традыц. нар. мастацтве захоўваецца вытв-сць набіўных тканін, кераміка, кавальства, жывапіс на шкле, драўляная скульптура. У 1948 засн. Саюз чэш. мастакоў.

Музыка. Для чэш. нар. музыкі характэрна цесная ўзаемасувязь паміж песняй і танцам, аднагалосы склад мелодыкі. Разнастайныя танцы зводзяцца да 3 асн. тыпаў: жвавыя 2-дольныя (сярод іх полька), умерана хуткія плаўныя 3-дольныя і танцы з пераменным рытмам. Чэш. прафес. царк. і свецкая музыка складвалася ў 9—14 ст. Сярод першых чэш. кампазітараў і выканаўцаў 12 ст. Добржата, Коята. У 13 ст. песенная творчасць развівалася пад уплывам ням. мінезінгераў. З 15 ст. ўзмацнілася сац.-этычная роля музыкі (гусіцкія песні), пашырыліся шматгалосыя спевы (Я.​Т.​Турноўскі, К.​Гарант з Полжыц і інш.). У 16 — пач. 17 ст. Прага — адзін з буйных муз. цэнтраў Еўропы. У 17 — сярэдзіне 18 ст. фарміравалася поліфанічная школа (Б.​Чарнагорскі, Я.​Зах, Ф.​І.​Тума, І.​Н.​Сегер, Ф.​К.​Брыксі і інш.). Чэш. музыканты зрабілі вял. ўклад у развіццё еўрап. сімфанізму, оперы, меладрамы, «камерных жанраў» (Ф. і І. Бенды, Я.​Дусік, Я.​Зеленка, І.​Мыслівечак, Ф.​К.​Рыхтэр, А.​Рэйха, К. і А. Стаміцы, А.​Фільц). Нац.-вызв. рух 1-й пал. 19 ст. садзейнічаў актывізацыі муз. жыцця: у Празе адкрыліся кансерваторыя (1811), арганная школа (1831), Нац. т-р (1881), філармонія (1894); пачалося збіранне нар. музыкі, фалькл. элементы ўвайшлі ў творы Я.​Воржышака, В.Я.Томашака, Ф.​Шкроўпа (аўтар першай оперы на чэш. тэкст «Дротар», 1826). Пачатак чэш. муз. класіцы паклалі оперы і сімф. творы Б.Сметаны і А.Дворжака. Розныя жанры нац. музыкі ўзбагаціў З.Фібіх. Традыцыі нац. класікі на мяжы 19—20 ст. працягвалі кампазітары О.​Ераміяш, В.Новак, О.​Острчыл, І.Сук, І.Б.Фёрстэр, Л.Яначак; еўрап. вядомасць набылі спевакі І.​Леў, І.​Палечак, М.​Сітава, К.​Чэх; скрыпачы Я.Кубелік, Ф.​Лаўб, І.​Славік, О.​Шэўчык; віяланчэліст Г.Віган. На агульнаеўрап. класічныя і нац. традыцыі абапіраліся кампазітары 1920—30-х г. Ф.​Барташ, П.​Боржкавец, Я.​Ежак, І.​Крэйчы, Б.Марціну; кірунак, які знаходзіўся пад уплывам экспрэсіянізму, узначальваў А.​Хаба. Павялічылася цікавасць да масавай песні, а таксама антыфаш. характару. Значны ўклад у муз. мастацтва 2-й пал. 20 ст. зрабілі кампазітары Я.​Гануш, В.Добіяш, Г.​Дусік, М.К.Кабелач, Д.Кардаш, Я.​Сейдль, У.​Сомер. У Ч. працуюць: оперныя т-ры, сімф. аркестры, камерна-інстр. ансамблі розных складаў [у т. л. Чэш. нанет (1923), Квартэт імя Б.​Сметаны (1945), ансамбль песні і танца «Слук»], акадэміі прыгожых мастацтваў, кансерваторыі ў Празе і Брно. Праводзяцца штогоднія Міжнар. фестывалі «Пражская вясна» (у яго межах міжнар. конкурсы піяністаў, скрыпачоў, віяланчэлістаў, смыковых квартэтаў і інш.), джазавы фестываль у Празе.

Тэатр. Тэатральнае мастацтва ў Ч. развіваецца з 12 ст. У 16—17 ст. пашыраны школьны тэатр, якому процістаяў нар. аматарскі т-р. Першая школьная драма, напісаная і пастаўленая на чэш. мове, — «Чэшская камедыя пра багача Лазара» П.​Кірмезера (выд. 1566). У 1737 у Празе пабудаваны «Тэатр у Котцу», дзе ставілі оперныя і драм. спектаклі. У 1783 адкрыўся Носціцкі т-р для спектакляў на ням. мове (з 1797 Саслоўны т-р), з 1785 у ім ставіліся спектаклі і на чэш. мове. У 1786—89 у т-ры «Боўда» 4 разы на тыдзень ішлі спектаклі на чэш. мове. У 1806 паказы на чэш. мове забаронены. З 1824 чэш. спектаклі ставіліся ў Саслоўным т-ры (рэж. Я.​Штэпанек, акцёры Б.​Альрамава, І.​Грабінгер). У 1834 паказы на чэш. мове зноў спынены. Драматург І.​К.​Тыл аб’яднаў акцёраў у трупу, якая выступала як аматарскі калектыў «Тэатр у Каэтана» (да 1837). З 1846 спектаклі ў Саслоўным т-ры аднавіліся (кіраўнік Тыл). Да гэтага часу сцэн. мастацтва набыло рысы прафесіяналізму, пашырылася нац. драматургія. Рамант. кірунак у тэатр. мастацтве прадстаўляў акцёр, драматург і тэатр. дзеяч І.​Колар. З 1845 Т-ва стварэння нац. чэш. т-ра на працягу многіх гадоў збірала сродкі на буд-ва тэатр. будынка. У 1862—83 у Празе працаваў Часовы т-р з опернай і драм. трупамі (рэжысёры І.​Колар, Э.​Хвалаўскі, акцёры Й.Мошна, Ф.​Колар, О.​Скленаржава-Мала, К.​Шыманаўскі і інш.). У 1883 у Празе пабудаваны Нац. т-р, у які ўвайшлі драм. оперная і балетная трупы. Узніклі т-ры ў Пльзені (1865), Брно (1884), т-р на Каралеўскіх Вінаградах у Празе (1907) і інш. У 1919 арганізаваны Бродскі т-р у Брно, у 1920 — Гар. т-р у Оламаўцы. У Нац. т-ры пастаўлены п’есы «З жыцця насякомых» (1922, 1926, 1932), «Белая хвароба» (1937), «Маці» (1938) К.​Чапека, «Дзіця» Ф.​Шальды (1923) і інш. У «Вызваленым т-ры» (засн. ў 1925) рэж. І.​Гонзль ставіў п’есы, якія папярэднічалі драматургіі абсурду. У 1933 Э.Бурыян стварыў т-р «Д-34». Для акцёраў характэрны імкненне да псіхал. раскрыцця сцэн. вобраза, увага да пластыкі, знешняга малюнка ролі (В.Выдра, Л.Досталава, Я.Пруха, З.​Балдава, З.​Штэпанек, О.​Шэйнпфлугава і інш.). У 1940—50-я г. створаны Рэаліст. т-р (пазней імя З.​Неедлы), «Т-р імя 5 мая», «Т-р сатыры» ў Празе. У канцы 1950 — пач. 60-х г. у Празе і Брно створаны невял. т-ры («малыя сцэны») «Ракако», «На Забрадлі», «Семафор» («Сем малых форм»), «За Бранай» і інш., дзе ставіліся п’есы маладых драматургаў В.​Гавела, П.​Когаўта. Сярод рэжысёраў: З.​Калача, Я.​Качар, З.​Міка, К.​Палаўш, П.​Шэрхаўфер, акцёраў — Г.​Врвнова, Б.​Забарскі, І.​Петравіцка, В.​Ружак, І.​Шворцава, В.​Шмераль. Чэшскі Нац. т-р мае 4 сцэны: гіст. будынак т-ра (опера і балет), Саслоўны т-р (драматургічныя пастаноўкі), Колаўрацкі т-р (драматург. і оперныя пастаноўкі), т-р «Латэрна Магіка» (эксперым.). Сярод драм. т-раў: «На Вінаградах», «На Забрадлі», «На Фідлавачцы», «Без Забрадлі», «Пад Пальмаўкай», «Дэйвіцкі тэатр» і інш. Найб. вядомыя «т-ры малых форм» — «Семафор» і «Жыжкаўскі тэатр Яры Цымрмана» ў Празе. Працуе таксама Нар. т-р марыянетак, «т-ры ценяў» і інш. У 1957 створаны Саюз творчых работнікаў т-ра.

Кіно. У 1898 архітэктар і фатограф Я.​Кршыжанецкі зняў дакумент. фільмы «Пажарныя», «Закладка падмурка пад помнік Палацкаму», а таксама ігравыя сцэнкі (сцэнарыст, рэж. і выканаўца комік І.​Шваб-Маластранскі). У 1911 створана фірма «Кінафа», на якой здымалі пераважна хроніку і дакумент. фільмы, у 1912 — «Ілюзіён-фільм» і «Асум». У 1913 «Ілюзіён-фільм» экранізаваў п’есу Л.​Строўпежніцкага «Благая кроў» (рэж. Э.​Візнер), фірма «Асум» сістэматычна выпускала маст. фільмы рэж. М.​Урбана («Канец кахання», «Прададзеная нявеста») і інш. Найб. значны фільм гэтага перыяду «Залатое сэрцайка» (паводле камедыі Шваба-Маластранскага, 1916, рэж. А.​Фенцл). У канцы 1910 — пач. 1920-х г. рэжысёры Я.​С.​Колар, К.​Ламач, В.​Маер, М.​Новы, П.​Пражскі пад уплывам амер. кіно ставілі салонныя меладрамы, прыгодніцкія і дэтэктыўныя фільмы, пад уплывам ням. экспрэсіянізму — містычныя і фантаст. драмы. Спробы стварыць нац. кіно звязаны з гіст. жанрам: «Чэшскае неба» (1918, рэж. Я.​А.​Палаўш), «Праз церніі да славы» (1919, рэж. Р.​Ф.​Бранальд) і экранізацыяй твораў нац. л-ры. У 1931 засн. кінастудыя «Барандаўфільм». У пач. 1930-х г. здымаліся фільмы т.зв. малога рэалізму пра псіхалогію «маленькага чалавека»: «Імператарска-каралеўскі фельдмаршал» (1930, рэж. Ламач), «Мужчыны ў афсайце» (паводле К.​Полачака, 1931, рэж. С.​Інеман), «Антон Шпелец—снайпер» (1932, рэж. М.​Фрыч) і інш.; гратэскна-фантаст. камедыі. Пошукам новых выразных сродкаў вылучаюцца фільмы У.​Ванчуры: «Біржа працы» (1933), «Каханне і людзі» (1937), «Нашы чэшскія танцы» (1938, з В.​Кубасекам). У 1939—45 экранізаваліся творы нац. л-ры, ставіліся забаўляльныя камедыі, у якіх здымаліся тэатр. акцёры Л.​Пешак, Т.​Піштак, Ф.​Смолік і інш., а таксама патрыят. фільмы «Гэта быў чэшскі музыкант» (1940, рэж. В.​Славінскі), «Гарадок на далоні» (паводле Я.​Дрды, 1942, рэж. В.​І.​Бінавец). Адна з асн. тэм у 1940—50-я г. — 2-я сусв. вайна: «Людзі без крылаў» (рэж. Ф.​Чап), «Героі не маўчаць» (рэж. М.​Цыкан; абодва 1946), «Пастка» (1950, рэж. Фрыч), «У той раз на Каляды» (1958, рэж. К.​Кахіня), «Рэпартаж з пятлёй на шыі» (1962, рэж. Я.​Балік), эпічная трылогія О.Ваўры «Дні здрады» (1973), «Сакалова» (1974), «Вызваленне Прагі» (1976). Здымаліся камедыі: «Пекар імператара», «Імператар пекара» (абодва 1951, рэж. Фрыч), «Адпачынак з анёлам» (1953, рэж. Б.​Земан, у сав. пракаце «Анёл у адпачынку»); гіст. фільмы, у т. л. гусіцкая трылогія Ваўры «Ян Гус» (1955), «Ян Жыжка» (1956), «Супраць усіх» (1958). Цікавасць да маральных праблем і даследавання характару сучасніка ў фільмах Кахіні («Кароль Шумавы», 1959), Ф.​Влачыла («Белая галубка», 1960), У.​Чэха («Дзе аднаго алібі мала», 1961). Тэматычнае і маст. абнаўленне чэш. кінематографа звязана з творчасцю прадстаўнікоў «новай чэхаславацкай кінахвалі»; В.​Хіцілавай («Мех блох», «Пра нешта іншае», абодва 1964), М.​Формана («Чорны Пётр», 1964; «Баль пажарнікаў», 1967), Э.​Шорма («Вяртанне блуднага сына», 1966; «Дзень сёмы, восьмая ноч», 1969). З 1970-х г. кінематаграфісты імкнуцца адлюстраваць аб’ектыўную праўду жыцця і гіст. падзей, складаныя ўзаемаадносіны паміж людзьмі і грамадствам: «Ключ» (1976, рэж. Чэх), «Пра мараўскую зямлю» (1977, рэж. А.​Кахлік), «Дзяўчынка з ракавінкамі» (1980, рэж. І.​Свобада), «Звар’яцелы канкан» (рэж. Балік), «Вандраванні Яна Амаса» (абодва 1983, рэж. Ваўра). Сярод вядучых рэжысёраў: Д.​Віганава, Кахіня, Д.​Кляйн, І.​Менцэль, Я.​Немец, Я.​Сверак, З.​Трошка, Хіцілава, Я.​Шваркмаер, Я.​Шміт; акцёраў: З.​Адамаўска, З.​Быджаўска, М.​Ванчурава, О.​Візнер, Р.​Грушынскі, М.​Дзейдар, Я.​Краўс, П.​Кршыж, К.​Родан, П.​Форман, П.​Чэпек і інш. Значнага ўзроўню дасягнула дакумент. кіно, мультыплікацыя (рэж. І.Трнка, Г.​Тырлава, К.Земан і інш.). У 1992 засн. Дзярж. фонд Чэш. рэспублікі па развіцці кінематаграфіі. Побач з дзярж. кінастудыямі маст. фільмы здымаюць прыватныя фірмы. Праводзяцца міжнар. кінафестывалі ў Карлавых Варах (з 1946), «Залаты голем» у Празе (з 1995), тэлевізійных фільмаў «Злата Прага» і інш.

Беларусы ў Чэхіі. Бел. прысутнасць у Ч. вядома з часоў сярэдневякоўя. Гал. асяродкам беларусаў здаўна з’яўляецца яе сталіца, а ў 20 ст. стала адным з гал. цэнтраў бел. эміграцыі (гл. раздзел пра беларусаў у арт. Прага). У 1920—30-я г. ў Празе, Подзебрадзі, Пшыбраме, Брно і інш. чэш. гарадах дзякуючы матэр. падтрымцы чэхаславацкага ўрада і грамадскага Чэшска-ўкр. к-та дапамогі ўкр. і бел. студэнтам вучыліся каля 300 студэнтаў з Зах. Беларусі, у т. л. В.Вальтар, Я.Мамонька, С.​Бусел, Я.​Геніюш, Л.​Красоўская, Л.​Рыдлеўскі, М.​Чарнецкі. Пры Укр. гасп. акадэміі ў Подзебрадзі у 1925—27 дзейнічаў Бел. студэнцкі гурток.

Літ.:

Краткая история Чехословакии. М., 1988;

Кузнецова Р. История чешской литературы. М., 1987;

История литератур западных и южных славян. Т. 1—2. М., 1997;

Маца И.Л. Архитектура Чехословакии. М., 1959;

Поп И.И. Искусство Чехии и Моравии IX — начала XVI в. М., 1978;

Гавлик Л. Искусство Чехословакии: Пер. с чеш. Прага, 1985;

Современное чешское и словацкое искусство. Л. 1989;

Ваницкий Я., Йиранек Я., Карасек Б. О чешской музыке: Пер. с чеш. М., 1965;

Ёсць на карце месца...: Грамад.-культ. чыннасць бел. і рас. эміграцыі ў Чэхаславакіі, 1921—1938: Каталог. Мн., 2002.

Н.​А.​Сцепанюга (прырода, насельніцтва, гаспадарка), Л.​В.​Міхайлоўская і Н.​А.​Царук (гісторыя), Л.​У.​Языковіч (асвета, навуковыя ўстановы), Л.​А.​Фядотаў (друк, радыё, тэлебачанне), А.​У.​Вострыкава (літаратура), Я.​Ф.​Шунейка (архітэктура, выяўленчае і дэкаратыўна-прыкладное мастацтва), Г.​У.​Шур (кіно), У.​Я.​Калаткоў (беларусы ў Чэхіі).

Герб і сцяг Чэхіі.
Да арт. Чэхія. Карлавы Вары зімой.
Да арт. Чэхія. Чэшска-Мараўскае ўзвышша.
Да арт. Чэхія. Панарама Прагі.
Да арт. Чэхія. Удзельнікі антыфашысцкага паўстання ў Празе. Май 1945.
Да арт. Чэхія. Бітва паміж гусітамі (злева) і нямецкімі крыжакамі ў час гусіцкіх войнаў 1419—34.
Да арт. Чэхія. Будучы прэзідэнт Чэхаславакіі і Чэхіі В.​Гавел на мітынгу апазіцыі ў час «аксамітнай рэвалюцыі» 1989.
Да арт. Чэхія. Сабор святой Барбары ў г. Кутна-Гора.
Да арт. Чэхія. Замак Карлштэйн.
Да арт. Чэхія. «Дом, які танцуе» ў Новым горадзе Прагі.
Да арт. Чэхія. Тройскі замак з французскім садам у Празе.
Да арт. Чэхія. Жывапісец т. зв. Майстар Тршэбанскага алтара. Уваскрэсенне. Каля 1380.
Да арт. Чэхія. Цэнтральная плошча ў г. Тэльч.
Да арт. Чэхія. М.​Швабінскі. Бедны край. 1900.
Да арт. Чэхія. І.​Чапек. Агонь. 1939.
Да арт. Чэхія. Я.​Зрзаві. Прыяцелькі. 1923.
Да арт. Чэхія. А.​Стрнадэль. Ілюстрацыя да кнігі І.​Стрнадэля «Я выгнаў авечак на гару Яварнічак». 1963.
Да арт. Чэхія. Сцэна са спектакля «Кароль Лір» У.​Шэкспіра. Нацыянальны тэатр у Празе.
Да арт. Чэхія. Сцэна са спектакля «Аіда» Дж.​Вердзі. Пражская дзяржаўная опера.
Да арт. Чэхія. Канцэрт «Пражская вясна» ў Сметана Холе.

т. 17, с. 339

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)