ГО́ТА (Gotha),
горад на У Германіі, у зямлі Цюрынгія. Вядомы з 10 ст. Каля 70 тыс. ж. (1994). Трансп. вузел. Прам-сць: станкаінстр. і трансп. машынабудаванне (у т. л. вагонабудаванне), гумава-тэхнічная, харчасмакавая, паліграф., хімічная. Традыцыйная галіна — выданне і друкаванне геагр. картаў і атласаў. Картаграфічны музей. Арх. помнікі 16—17 ст.
т. 5, с. 370
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГАНО́ВЕРСКАЯ ДЫНА́СТЫЯ,
каралеўская дынастыя ў Вялікабрытаніі ў 1714—1901. Змяніла дынастыю Сцюартаў. Прадстаўнікі Гановерскай дынастыі: Георг I
[1714—27],
Георг II [1727—60], Георг III [1760—1820], Георг IV [1820—30], Вільгельм IV [1830—37], Вікторыя [1837—1901]. Пасля ўступлення на прастол Эдуарда VII, сына Вікторыі і прынца Альберта (прадстаўнік герм. дома Сакс-Кобург-Гота), пачалося праўленне Сакс-Кобург-Гоцкай дынастыі (з 1917 Віндзорская дынастыя).
т. 5, с. 29
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВІНДЗО́РСКАЯ ДЫНА́СТЫЯ,
каралеўская дынастыя ў Вялікабрытаніі. Засн. ў 1901, калі брыт. манархам стаў Эдуард VII (правіў у 1901—10), сын каралевы Вікторыі (Гановерская дынастыя) і прынца Альберта (прадстаўніка герм. дома Сакс-Кобург-Гота). Да 1917 наз. Сакс-Кобург-Гоцкая. Ва ўмовах пашырэння антыням. настрояў Георгам V [1910—36] уведзена сучасная назва. Інш. прадстаўнікі Віндзорскай дынастыі: Эдуард VIII [студз. — снеж. 1936], Георг VI [1936—52], Лізавета II [з 1952].
т. 4, с. 183
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПО́ЛАЦКА АБАРО́НА 1941,
абарончыя баі сав. войск супраць ням.-фаш. захопнікаў 27 чэрв. — 15 ліп. ў Вял. Айч. вайну. Вялася 6 дывізіямі 22-й арміі (ген.-лейт. Ф.А.Ершакоў) Зах. фронту. Лінія абароны праходзіла на рубяжы Дзісна—Ула з уключэннем дотаў Полацкага ўмацаванага раёна, які абараняла 174-я стралк. дывізія (камбрыг А.І.Зыгін, з 29 чэрв. нач. Полацкага баявога ўчастка). У паласе 260 км гітлераўцы сканцэнтравалі 16 дывізій. Насельніцтвам Полацка былі падрыхтаваны траншэі і абарончыя ўмацаванні, створаны ахоўны батальён, пярэдні край абароны быў умацаваны процітанк. збудаваннямі. З 29 чэрв. пачаліся масіраваныя атакі на горад, з 3 ліп. — бамбардзіроўкі. З боку Даўгаўпілса і Маладзечна былі затрыманы гал. калоны ворага, 6 ліп. адкінуты на паўд. бераг Зах. Дзвіны з вял. стратамі тэхнікі часці 3-й танк. групы Гота. 7—9 ліп. ў абыход умацаванага раёна абарона месцамі была прарвана, стварылася пагроза акружэння полацкага гарнізона. У ноч на 16 ліп. Зыгін пачаў выводзіць дывізію з акружэння і 20 ліп. прарваў яго, збярогшы людзей і тэхніку. П.а. затрымала прасоўванне захопнікаў на У больш як на 2 тыдні, што паспрыяла зрыву гітлераўскага плана «маланкавай вайны».
Літ.:
Беларусь у Вялікай Айчыннай вайне. 1941—1945: Энцыкл. Мн., 1990. С. 500.
т. 12, с. 454
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
САЦЫЯ́Л-ДЭМАКРАТЫ́ЧНАЯ ПА́РТЫЯ ГЕРМА́НІІ (СДПГ; ням. Sozialdemokratische Partei Deutschlands),
адна з вядучых паліт. партый (належыць да левага кірунку) у ФРГ. Засн. ў 1869 В.Лібкнехтам і А.Бебелем на кангрэсе ў г. Айзенах (адсюль неафіц. назва членаў партыі — айзенахцы) як С.-д. рабочая партыя; ідэалогія — марксізм. У 1875 на з’ездзе ў г. Гота аб’ядналася з ласальянскім (гл. ў арт. Ф.Ласаль) Усеагульным герм. рабочым саюзам у адзіную Сацыяліст. рабочую партыю; з 1890 наз. Германская с.-д. партыя. У 1878—90 праследавалася ўладамі Герм. імперыі паводле выключнага закону супраць сацыялістаў. З 1890 прадстаўлена ў парламенце. У 1890—1913 старшынёй партыі быў Бебель, з 1913 — Ф.Эберт. У канцы 19 — пач. 20 ст. перайшла на пазіцыі рэвізіянізму і рэфармізму. Гэтыя ідэі распрацоўвалі Э.Бернштэйн, К.Каўцкі і інш. Уваходзіла ў 2-і Інтэрнацыянал. У 1917 з партыі вылучылася Незалежная сацыял-дэмакратычная партыя Германіі. Удзельнічала ў Лістападаўскай рэвалюцыі 1918 у Германіі. Значна ўплывала на паліт. жыццё Веймарскай рэспублікі, сярод прэзідэнтаў якой ад партыі быў Эберт (1919—25), а канцлерамі — Г.Баўэр (1919—20), Б.Мюлер (1920, 1928—30). У 1933—45 забаронена нацыстамі; частка членаў партыі зняволена або загінула ў канцлагерах, іншая ч. дзейнічала ў эміграцыі (у 1933—37 у Празе, з 1938 у Парыжы, у 1940—45 у Лондане). Пасля 2-й сусв. вайны адноўлена пад сучаснай назвай (у зах. акупац. зонах Германіі пад старшынствам К.Шумахера), у сав. акупац. зоне ў 1946 на базе мясц. с.-д. арг-цый утворана Сацыялістычная адзіная партыя Германіі. У ФРГ (з 1990 аб’яднанай) у 1949—66 і 1982—98 апазіц. партыя, у 1966—82 утварала кааліцыйныя ўрады на чале з В.Брантам (1969—74) і Г.Шмітам (1974—82). Прынятыя ў 1959 і 1989 парт. праграмы (Бад-Годэсбергская і Берлінская) аформілі яе канцэпцыю дэмакр. сацыялізму. У кастр. 1998 урад ФРГ узначаліў сацыял-дэмакрат Г.Шродэр (з крас. 1999 старшыня партыі). Прэзідэнтам ФРГ ад партыі стаў у ліп. 1999 І.Рау. Друкаваны орган — час. «Neúe Gesellschaft» («Новае грамадства»). Уваходзіць у Сацыяліст. інтэрнацыянал.
Літ.:
Миллер С., Поттхоф Х. Краткая история СДПГ, 1848—1990: Пер. с нем. М., 1990;
Брандт В. Демократический социализм: Ст. и речи: Пер. с нем. М., 1992.
Н.Г.Клюева.
т. 14, с. 210
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)