БЕРНАНО́С ((Bernanos) Жорж) (20.2.1888, Парыж — 5.7.1948),

французскі пісьменнік і публіцыст. У 1906—13 вучыўся ў Сарбоне і парыжскім Каталіцкім ін-це. У раманах «Пад сонцам сатаны» (1926; рус. пер. 1978), «Падман» (1927), «Радасць» (1929), «Дзённік сельскага святара» (1936; рус. пер. 1978), «Новая гісторыя Мушэты» (1937; рус. пер. 1978), «Спадар Уін» (1943) і інш. раскрыў крызіс «еўрап. душы» (бязвер’е, спустошанасць, індывідуалізм чалавека, пакінутага Богам), норавы клерыкальных колаў, з рэліг.-этычных (каталіцкіх) пазіцый крытыкаваў тагачасную рэчаіснасць. Аўтар публіцыст. кн. «Вялікі страх добрапрыстойных» (1931), «Вялікія могілкі пад месяцам», памфлета «Мы, французы» і інш.

Тв.:

Рус. пер. — Дневник сельского священника;

Господин Уин: Романы. М., 1993;

Сохранять достоинство: Худож. публицистика. М., 1988.

т. 3, с. 118

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВЕРЫ́СІМУ ((Veríssimo) Эрыку Лопес) (17.12.1905, г. Крус-Алта, Бразілія — 28.11.1975),

бразільскі пісьменнік. Творча асвоіўшы авангардысцкія і маст. набыткі паўн.-амер. прозы і драматургіі канца 19 — пач. 20 ст., магчымасці псіхааналізу, сканцэнтраваўся на гар. праблематыцы. У раманах «Кларыса» (1933), «Скрыжаваныя дарогі» (1935), «Месца пад сонцам» (1936), «Глядзіце на палявыя лілеі» (1938) адлюстраваў складаныя нац.-псіхал. калізіі сучаснасці. Антыфаш. барацьбе ў Іспаніі прысвяціў раман «Сага» (1940), жыццю паўд. штатаў Бразіліі — дылогію «Час і вецер» (1949—62). У раманах «Далей — маўчанне» (1943), «Ноч» (1954) імкнуўся раскрыць глыбінныя пласты чалавечай свядомасці і падсвядомасці. Разгляд актуальных праблем рэв.-вызв. рухаў праз унутр. свет іх удзельнікаў у раманах «Спадар пасол» (1965), «Палонны» (1967), «Здарэнне ў Антарэсе» (1971). Аўтар кніг нарысаў «Чорны кот на снежным полі» (1941), «Вяртанне Чорнага ката» (1946) і мемуараў «Сола на кларнеце» (1973—76), падарожных нататкаў і інш.

Тв.:

Рус. пер.Господин посол: Роман. М., 1969;

Пленник // Вериссимо Э. Пленник;

Вейга Ж. Тени бородатых королей: Повести. М., 1981.

І.​Л.​Лапін.

т. 4, с. 114

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВА́ЛЬЗЕР ((Walser) Марцін Іаганес) (н. 24.3.1927, Васербург-на-Бодэн-Зе, Германія),

нямецкі пісьменнік. Скончыў Цюбінгенскі ун-т (1951). Аўтар раманаў «Шлюбы ў Філіпсбургу» (1957), «Палова гульні» (1960), «Адзінарог» (1966), «Па той бок кахання» (1976), «Намаганні душы» (1979), «Прыбой» (1985), «Абарона дзяцінства» (1991), аповесцяў і навел «Хвароба Галістля» (1972), «Лятучы конь» (1978), «Дорле і воўк» (1987), п’ес «Кароткі выезд» (1961), «Дуб і трус» (1962), «Спадар Крот у звышнатуральную велічыню» (1964), «Бойка ў пакоі» (1967) і інш., літ.-знаўчых прац. Пад уплывам творчасці Б.​Брэхта і Ф.​Кафкі у творах у цэнтр увагі ставіць праблему маральных пошукаў, імкнення асобы да самаідэнтыфікацыі ў сучасным свеце. Важнае месца ў раманах і драмах Вальзера займаюць сацыяльна-крытычныя матывы.

Тв.:

Aus dem Wortchatz unserer Kämpfe, Szenen, Stierstadt. Frankfurt am Main, 1971;

рус. пер. — Дуб и кролик;

Господин Кротт в сверхнатуральную величину;

Черный Лебедь: Пьесы. М., 1974;

Браки в Филиппсбурге;

По ту сторону любви;

Романы;

Рассказы. М., 1979.

Літ.:

История немецкой литературы: Пер. с нем. М., 1986. Т. 3. С. 221—222, 253—255, 276—280.

Л.​П.​Баршчэўскі.

т. 3, с. 492

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КУРБЭ́ ((Courbet) Жан Дэзірэ Гюстаў) (10.6.1819, г. Арнан, Францыя — 31.12.1877),

французскі жывапісец; заснавальнік рэалізму. З 1837 вучыўся ў рысавальнай школе Ш.​А.​Флажуло ў Безансоне, з 1839 у прыватных атэлье ў Парыжы. Зазнаў уплывы ісп. і галандскага жывапісу 17 ст. У ранні перыяд творчасці блізкі да рамантызму: «Лот з дочкамі», «Вальпургіева ноч» (абодва 1841), «Аўтапартрэт з чорным сабакам» (1842), «Закаханыя ў вёсцы» (1844) і інш. Пасля паездкі ў Галандыю ў 1846 супрацьпаставіў рамантызму і акад. класіцызму мастацтва новага тыпу, якое сцвярджала матэрыяльную каштоўнасць свету і адвяргала маст. каштоўнасць таго, што нельга ўвасобіць адчувальна-прадметна. Імкнуўся да перадачы натуральнай прыгажосці колераў, святлоценявых эфектаў, градацый тонаў, жывапіснай пластыкі, да раскрыцця значнасці і паэтычнасці паўсядзённага жыцця, фіз. працы. У шматфігурных манум. палотнах «Пахаванне ў Арнане» (1849—50), «У майстэрні мастака» (1855) стварыў партрэт франц. грамадства. Сярод інш. твораў: «Каменячосы», «Вячэра ў Арнане» (абодва 1849), «Купальшчыцы» (1853), «Сустрэча (Добры дзень, пан Курбэ!)» (1854), «Веяльшчыцы» (1855), «Жанчыны на беразе Сены» (1857), «Каменяломня ў Аптэво» (каля 1865), «Хваля» (1870). У 1855 у сваім каталогу да Сусв. выстаўкі ў Парыжы апублікаваў «Маніфест рэалізму». Удзельнік Парыжскай камуны 1871, пасля яе падзення абвінавачаны ў разбурэнні Вандомскай калоны і прыгавораны да выгнання. У 1873 эмігрыраваў у Швейцарыю, дзе яго творчасць прыйшла ў заняпад.

Літ.:

Гюстав Курбе: Письма, док., воспоминания современников: Пер. с фр. М., 1970;

Шури М. Здравствуйте, господин Курбе!: Пер. с фр. М., 1977;

Калитина Н. Г.​Курбе: Очерк жизни и творчества. М., 1981.

В.​Я.​Буйвал.

Г.Курбэ. Веяльшчыцы. 1855.

т. 9, с. 45

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПАНЫ́,

1) прадстаўнікі вышэйшых пластоў феадалаў у Чэхіі і Польшчы ў 13—14 ст. Лац. адпаведнік у афіц. граматах — «barones». У 14—15 ст. у Польшчы тэрмін «П.» ўсё больш замяняўся тэрмінам «можнаўладцы» або «магнаты».

2) У ВКЛ у 15—16 ст., у час юрыд. афармлення шляхецкага саслоўя, другая пасля князёў група феадалаў, нашчадкі знатных і заможных баяр, якія мелі буйныя маёнткі. Землі належалі П. паводле вотчыннага права («з поўным правам і панствам»). У дакументах 16 ст. згаданы розныя групы П.: П. радныя (паны-рада) — найб. буйныя свецкія і духоўныя землеўласнікі, якія адпаведна сваім дзярж. пасадам засядалі ў Радзе ВКЛ; П. (панове) харугоўныя — буйныя землеўласнікі, якія выходзілі на вайну не ў складзе павятовай шляхты, асобна са сваімі атрадамі васалаў; проста П. (паняты) — заможныя землеўласнікі, якія ў войску выступалі асобнай харугвай. У 2-й пал. 16 ст. паны-рада і князі (княжаты) складалі вышэйшую групу феадалаў ВКЛ — магнатаў. Астатнія П. зліліся з асн. масай шляхецкага саслоўя, якое стала юрыдычна аднастайным. Словам «пан» пры прозвішчы ці імю пачалі называць не толькі шляхціцаў-землеўласнікаў, але і ўсіх прадстаўнікоў шляхецтва. Паступова гэта слова набыло значэнне, адпаведнае рус. слову «господин» — спачатку толькі як абазначэнне гаспадара, валадара, а пазней і як ветлівы зварот да мужчын, незалежна ад іх паходжання і сац. становішча. У апошнім значэнні слова «пан» пры прозвішчы шырока ўжываецца ў Польшчы, Чэхіі, Славакіі, Літве і на Украіне. Для Беларусі больш характэрна слова «спадар».

Літ.:

Грицкевич А.П. Формирование феодального сословия в Великом княжестве Литовском и его правовые основы (XV—XVI) // Первый Литовский Статут 1529 г. Вильнюс, 1982.

А.​П.​Грыцкевіч.

т. 12, с. 57

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)