ГО́РСКІ Геральд Міхайлавіч

(н. 17.7.1935, г. Бабруйск),

бел. вучоны ў галіне тэхналогіі паперы. Д-р тэхн. н. (1992), праф. (1993). Скончыў Ленінградскую лесатэхн. акадэмію (1958). З 1964 у Бел. тэхнал. ун-це. Распрацаваў тэарэт. асновы і тэхналогію вытв-сці паперы і кардону з полівінілспіртавымі валокнамі для эл.-тэхн., аўтатрактарнай і паліграфічнай прам-сці.

Л.М.Скрыпнічэнка.

т. 5, с. 366

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГО́РСКІ Станіслаў Батыс

(6.5.1802, в. Дварэц Камянецкага р-на Брэсцкай вобл. — 3.5.1864),

бел. батанік-фларыст, медык, педагог. Скончыў Віленскі ун-т (1825). У 1829—32 заг. бат. саду Віленскага ун-та, у 1832—42 ад’юнкт, праф. Віленскай мед.-хірург. акадэміі. У 1842—47 жыў у Паставах, займаўся батанікай і энтамалогіяй, працаваў з арнітолагам К.Тызенгаўзам. Некаторы час жыў за мяжой, працаваў у музеях і б-ках Берліна. Горскі адзін з першых даследчыкаў флоры Белавежскай пушчы. Склаў пералік сабраных ім у 1820—29 насенных раслін (1830), каталог раслін бат. саду Віленскай мед.-хірург. акадэміі (1834), табліцы з малюнкамі 20 відаў раслін (выдадзены ў 1849), меў цесныя сувязі з батанікамі Еўропы, забяспечваў гербарыямі і ўзорамі расліннасці Беларусі і Літвы вучоных-прыродазнаўцаў Вены, Неапаля, Палерма, Жэневы, Падуі, Фларэнцыі. Імем Горскага названы некат. віды раслін і насякомых.

т. 5, с. 366

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГО́РСКІ Мікалай Аляксеевіч

(4.8.1904, г. Кастрама, Расія — 1.10.1968),

бел. савецкі вучоны ў галіне селекцыі с.-г. жывёлы. Д-р с.-г. н. (1967), праф. (1968). Скончыў Казанскі с.-г. ін-т (1926). З 1954 у Бел. НДІ жывёлагадоўлі, з 1959 у Віцебскім вет. ін-це. Навук. працы па метадах фарміравання вытв. статкаў кастрамской і швіцкай парод буйн. раг. жывёлы. Дзярж. прэмія СССР 1945.

т. 5, с. 366

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГО́РСКІ Пётр Андрэевіч

(10.6.1874, в. Валок Харкаўскай вобл., Украіна — ?),

бел. вучоны ў галіне гігіены. Д-р медыцыны (1910). Скончыў Ваенна-мед. акадэмію ў Пецярбургу (1898). Працаваў ваен. урачом у г. Бабруйск. Навук. працы па вывучэнні сан. стану Бабруйска, пра фіз. развіццё, здароўе насельніцтва Бабруйскага павета. Сфармуляваў прапановы пра паляпшэнне сан. стану, развіццё мед. дапамогі і ўвядзенне сан. нагляду ў Бабруйску.

т. 5, с. 366

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГО́РСКІ Канстанцін Канстанцінавіч

(13.6.1859, г. Ліда Гродзенскай вобл. — 31.5.1924),

скрыпач, кампазітар, педагог. Ігры на скрыпцы вучыўся ў А.Концкага ў Варшаве. Скончыў Пецярбургскую кансерваторыю (1881, клас Л.Аўэра), па кампазіцыі займаўся ў М.Рымскага-Корсакава. Выкладаў у муз. вучылішчах Саратава, Харкава, Тбілісі і інш. Канцэртаваў (у 1893 выканаў у Харкаве канцэрт для скрыпкі з аркестрам П.Чайкоўскага пад кіраўніцтвам аўтара). З 1919 у Польшчы, канцэртмайстар аркестра опернага т-ра ў Познані. Аўтар оперы «Маргер» (паводле У.Сыракомлі, клавір выд. 1905, паст. 1927), сімф. паэмы, п’ес для скрыпкі і фп., арганнай фантазіі, песень, духоўнай музыкі і інш.

Літ.:

Wrocki E. Konstanty Gorski: Życie i działalność. 1859—1924. Warszawa, 1924.

т. 5, с. 366

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГО́РСКІ Аляксандр Аляксеевіч

(18.8.1871, С.-Пецярбург — 20.10.1924),

рускі балетмайстар, артыст, педагог. Засл. арт. імператарскіх т-раў (1915). Пасля заканчэння Пецярбургскага тэатр. вучылішча (педагогі П.Карсавін і М.Петыпа) у 1889—1900 у Марыінскім т-ры, з 1896 выкладаў у Пецярбургскім і Маскоўскім тэатр. вучылішчах. Выконваў класічныя і гратэскавыя партыі: Дэзірэ («Спячая прыгажуня» П.Чайкоўскага), Сатыр, Арлекін («Поры года», «Выпрабаванне Даміса» А.Глазунова) і інш. У 1902—24 балетмайстар Вял. т-ра ў Маскве. Рэфарматар балетнага т-ра, у спектаклях імкнуўся пераадолець умоўнасці акад. балета 19 ст., дамагаўся гіст. праўды, стылявога адзінства: «Дачка Гудулы» А.Сімона (1902), «Саламбо» А.Арэндса (1910), «5-я сімфонія» на муз. Глазунова (1916) і інш. Сярод вучняў: Т.Карсавіна, А.Месерэр, М.Габовіч.

Літ.:

Бахрушин Ю. А.А.Горский. М.; Л., 1946;

Суриц Е.Я. Хореографическое искусство двадцатых годов. М., 1979.

т. 5, с. 366

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГО́РСКІ ЗА́МАК.

Існаваў у 16—18 ст. у стараж. г. Горы Вялікія (цяпер в. Горы Горацкага р-на Магілёўскай вобл.). Быў умацаваны 7 бастыёнамі, злучанымі паміж сабой валамі-курцінамі, а таксама шырокім і глыбокім ровам. У вайну Расіі з Рэччу Паспалітай 1654—67 замак быў заняты ў вер. 1654 войскамі А.М.Трубяцкога. У 1663 «фортеция Горская» згадваецца як вельмі разбураная, але ў дакументах 1680-х г. ужо ўпамінаюцца замак і гар. астрог. У апошні раз умацаванні Горскага замка спрабаваў выкарыстаць у 1708 шведскі кароль Карл XII. Пазней Горскі замак страціў сваё ваен. значэнне.

т. 5, с. 366

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГО́РЫ,

археалагічныя помнікі каля в. Горы Горацкага р-на. Гарадзішча зарубінецкай культуры, банцараўскай культуры і ранняга сярэдневякоўя. Пляцоўка авальная, памерам 180×70 м. Культурны пласт 0,8—1,2 м. Знойдзены фрагменты ляпнога і ганчарнага посуду, касцяныя арнаментаваныя пласціны, медныя скроневыя кольцы, медны і каменны абразкі. Замчышча на ПдУ ад гарадзішча (гл. Горскі замак).

А.А.Мяцельскі.

т. 5, с. 367

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АНА́НЬЕЎ Барыс Герасімавіч

(14.8.1907, Уладзікаўказ — 18.5.1972),

рускі псіхолаг, правадзейны чл. АПН СССР (1968). Скончыў Горскі пед. ін-т (1928, г. Арджанікідзе). З 1967 дэкан ф-та псіхалогіі Ленінградскага ун-та. Даследаванні па агульнай тэорыі і гісторыі псіхалогіі, праблемах адчуванняў, узроставай і дыферэнцыраванай псіхалогіі: «Псіхалогія педагагічнай ацэнкі» (1953), «Нарысы псіхалогіі» (1945), «Нарысы гісторыі рускай псіхалогіі XVIII і XIX стст.» (1947), «Прасторавае адрозненне» (1955), «Псіхалогія пачуццёвага пазнання» (1960), «Тэорыя адчуванняў» (1961). У працы «Чалавек як прадмет пазнання» (1968) выступіў з ідэяй стварэння адзінай канцэпцыі чалавеказнаўства як комплекснай дысцыпліны, што сінтэзуе шырокае кола навук пра чалавека.

т. 1, с. 338

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГО́РЫ,

вёска ў Горацкім р-не Магілёўскай вобл., на р. Быстрая, на аўтадарозе Горкі—Мсціслаў. Цэнтр сельсавета і закрытага акц. прадпрыемства. За 15 км на У ад Горак, 101 км ад Магілёва, 17 км ад чыг. ст. Пагодзіна. 722 ж., 244 двары (1996).

У пісьмовых крыніцах упамінаюцца ў сувязі з падзеямі вайны ВКЛ з Маскоўскай дзяржавай 1500—01. Да 17 ст. цэнтр Горы-Горацкага маёнтка. У канцы 16 ст. закладзены Горскі замак. Належала Сапегам, А.Д.Меншыкаву, графам Салагубам. З 1772 Горы ў складзе Рас. імперыі, у Чавускім пав. Магілёўскай губ. У 1784 у Горах 930 ж., 146 двароў, панскі дом, кузня, царква. З пач. 1830-х г. пад казённай апекай. У 1811—44 дзейнічала Горы-Горацкая парусінава-палатняная мануфактура. У 1897 у Горах 1665 ж., 273 двары. У 1909 цэнтр. воласці, 1615 ж., 285 двароў, нар. вучылішча, вадзяны млын, паштовая станцыя. З 1918 мястэчка ў Горацкім пав., з 1919 у Гомельскай губ. РСФСР, з 1922 у Смаленскай губ. З 1924 у БССР. У Вял. Айч. вайну ў 1943 ням.-фаш. захопнікі спалілі 180 двароў, загубілі 93 вяскоўцаў. У 1970 у Горах 469 ж., 165 двароў.

Сярэдняя школа, б-ка, бальніца, аптэка, амбулаторыя, аддз. сувязі. Брацкая магіла сав. воінаў. Каля вёскі комплекс археал. помнікаў Горы.

В.М.Князева.

т. 5, с. 367

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)