Горлаўка (г.) 3/567—568; 4/136

Беларуская Савецкая Энцыклапедыя (1969—76, паказальнікі; правапіс да 2008 г., часткова)

ГО́РЛАЎКА,

горад на Украіне, у Данецкай вобл. Засн. ў 1867. 345 тыс. ж. (1987). Чыг. вузел. Асн. галіны прамысл.: кам.-вуг., маш.-буд. (вугальныя камбайны і інш.), хім. і коксахім., металургічная. Развіты харчасмакавая (мясная, малочная і інш.), лёгкая (трыкат., швейная і інш.), дрэваапр. прам-сць; вытв-сць буд. матэрыялаў. Ртутны камбінат. Пед. ін-т замежных моў. Гіст.-рэв. і маст. музеі.

т. 5, с. 361

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВО́ЛКАЎ (Аляксандр Аляксандравіч) (н. 27.5.1948, г. Горлаўка, Украіна),

савецкі касманаўт. Герой Сав. Саюза (1985), лётчык-касманаўт СССР (1985). Скончыў Харкаўскае вышэйшае ваен. авіяц. вучылішча лётчыкаў (1970), 17.9—21.11.1985 з Г.М.Грэчкам і У.​У.​Васюціным здзейсніў палёт (як касманаўт-даследчык) на касм. караблі «Саюз Т-14» і арбітальнай станцыі «Салют-7». Правёў у космасе 64,87 сут.

т. 4, с. 263

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПРЫСЕ́ВАК (Альберт Фаміч) (н. 19.8.1939, г. Горлаўка Данецкай вобл., Украіна),

бел. вучоны ў галіне тэхналогіі машынабудавання. Д-р тэхн. н. (1998), праф. (1999). Скончыў Укр. ін-т інжынераў воднай гаспадаркі (1963; Кіеў). З 1971 у БПА. Навук. працы па асновах тэхналогіі машынабудавання, праблемах эфектыўных тэхналогій ахоўных пакрыццяў з павышанымі эксплуатацыйнымі ўласцівасцямі, стварэнні новых кампазіцыйных матэрыялаў.

Тв.:

Технология формирования газотермических водородостойких покрытий. Мн., 1998;

Математическое моделирование технологических задач в машиностроении. Мн., 2000 (разам з Ф.​Ф.​Клімовічам).

т. 13, с. 82

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КУЗНЯЦО́Ў (Анатоль Васілевіч) (н. 14.1.1940, г. Горлаўка Данецкай вобл., Украіна),

бел. спявак (лірыка-драм. тэнар). Засл. арт. Беларусі (1977). Скончыў Мінскае муз. вучылішча (1969). З 1962 саліст Дзярж. нар. хору БССР, з 1964 артыст хору Дзярж. т-ра оперы і балета Беларусі, з 1969 саліст хору ансамбля песні і танца Цэнтр групы войск, з 1973 саліст Ансамбля песні і танца Узбр. сіл Рэспублікі Беларусь. Выступае сола і ў дуэце. Валодае тонкай музыкальнасцю, пачуццём ансамбля. У рэпертуары творы ваен.-патрыят. тэматыкі, бел., рус. і ўкр. нар. песні, творы бел. кампазітараў.

т. 8, с. 561

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГАЎРЫ́ЛАЎ (Віктар Георгіевіч) (н. 14.7.1927, г. Горлаўка, Украіна),

бел. мастак дэкар.-прыкладнога мастацтва, мастацтвазнавец. Канд. мастацтвазнаўства (1966). Скончыў Львоўскі ін-т прыкладнога і дэкар. мастацтва (1959). У 1963—67 гал. мастак Мінскага фарфоравага з-да. З 1964 выкладчык Бел. АМ, з 1993 — Бел. маст. ліцэя. Працуе пераважна ў керамічнай пластыцы. Яго творы вызначаюцца выразнасцю вобразаў, гармоніяй пластычных формаў: сервіз «Юбілейны» (1967), анімалістычныя скульптуры «Залаты ражок» (1969) і «Конік» (1970), пластыка «Бярэзінскі запаведнік» (1980), серыі талерак «Спорт» і «Беларуская песня» (1980—81), кампазіцыі «Каляды» (1982), «Налібокі» (1993), вазы «Зубр» (1990), «Папараць-кветка» (1995) і інш.

Тв.:

Мастацтва, створанае народам. Мн., 1978 (разам з І.​М.​Паньшынай);

Беларуская кераміка. Мн., 1984.

В.Гаўрылаў. Зубр. 1990.

т. 5, с. 90

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛЕАНТО́ВІЧ (Валерый Аляксеевіч) (н. 29.1.1939, г. Горлаўка Данецкай вобл., Украіна),

бел. мастак дэкар.-прыкладнога мастацтва. Засл. дз. маст. Беларусі (1983). Скончыў Львоўскі ін-т прыкладнога і дэкар. мастацтва (1964). Працуе на Мінскім фарфоравым з-дзе (з 1966 гал. мастак). Распрацоўвае для масавай вытв-сці ўзоры сервізаў, ваз, сувеніраў і інш. Сярод работ: сервізы «Віды Мінска» (1966), «Гербы беларускіх гарадоў» (1969), «Вішнёвы» (1976), «Раўбічы» (1981), «Карункі» (1990), «Казіно» і «Сетачка» (абодва 1996), «Кветкі» і «Восень» (абодва 1998); вазы «Гісторыя» (1965), «Народная» (1971), «Юбілейная» (1978), «100 гадоў Янку Купалу» і «100 гадоў Якубу Коласу» (1982), «Каласок» (1986), «Слуцкая» і «Лотас» (абедзве 1998); набор дэкар. блюд «Слуцкія матывы» (1997). Аўтар дэкар. пано ў рэстаранах «Вячэрні» (1974) і аэравакзала (1980) у Мінску, інтэр’ера гасцініцы «Мальбарк» (г. Мальбарк, Польшча; 1993, у сааўт.). Залаты медаль Міжнар. кірмашу ў г. Брно (Чэхія, 1983).

В.Леантовіч. Сервіз для кавы і гарбаты «Сетачка». 1996.

т. 9, с. 171

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДАНЕ́ЦКІ ВУ́ГАЛЬНЫ БАСЕ́ЙН, Данбас,

на тэр. Днепрапятроўскай, Данецкай, Луганскай абласцей Украіны і Растоўскай вобл. Расіі; адна з важнейшых паліўна-энергет. баз Еўропы. Пл. каля 60 тыс. км² (выцягнуты на 650 км у шыротным напрамку, пры макс. шыр. 200 км). Ахоплівае слабаўзвышаную стэпавую раўніну паміж р. Северскі Данец і Азоўскім м. У цэнтр. ч. басейна размешчаны Данецкі краж. Данбас складзены пераважна з асадкавых парод палеазою, мезазою і кайназою, якія залягаюць на крышт. пародах дакембрыйскага фундамента. Пласты і праслоі вуглёў характэрны для ўсяго разрэзу каменнавугальных адкладаў. Агульныя запасы вугалю да глыб. 1800 м — 140,8 млрд. т.

Звесткі пра каменны вугаль у Данбасе вядомы з канца 16 — пач. 17 ст. Сістэматычныя даследаванні з 1820-х г., прамысл. асваенне з канца 19 ст. Сярэдняя магутнасць рабочых пластоў 0,6—1,2 м. Колькасць пластоў у вугляноснай тоўшчы да 300. Вуглі каменныя (антрацыты, газавыя, каксавальныя, бедныя). Цеплыня згарання 21,2—26,1 МДж/кг. Здабыча вядзецца на глыб. 400—800 м, некат. шахты маюць глыб. 1 км і больш. Асн. цэнтры здабычы — гарады Данецк, Макееўка, Горлаўка, Лісічанск, Краматорск, Шахты, Паўлаград і інш.

У.​Я.​Бардон.

т. 6, с. 37

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДАНЕ́ЦКАЯ ВО́БЛАСЦЬ,

на ПдУ Украіны. Утворана 2.7.1932. Пл. 26,5 тыс. км². Нас. 5,2 млн. чал. (1996), гарадскога 90%. Цэнтр — г. Данецк. Найб. гарады: Марыупаль, Макееўка, Горлаўка, Краматорск, Славянск, Канстанцінаўка, Янакіева.

Прырода. Паверхня пераважна раўнінная. Большая ч. тэр. — Данецкі краж (выш. да 240 м) і Прыазоўскае ўзв., на ПнЗ — Прыдняпроўская нізіна. Карысныя выкапні: каменны вугаль (гл. Данецкі вугальны басейн), каменная соль, ртутныя руды, вогнетрывалыя гліны, даламіты, флюсавыя і буд. вапнякі, мергель, мел, кварцавыя пяскі. Клімат умерана кантынентальны. Сярэдняя т-ра студз. ад -5 °C да -8 °C, ліп. 21—23 °C. Гадавая колькасць ападкаў каля 500 мм. Гал. рэкі: Северскі Данец, Воўчая, Самара, Кальміус, Крынка, Кальчык. Вобласць размешчана ў межах стэпавай зоны. Глебы пераважна чарназёмныя. Пад лесам і лесапасадкамі каля 6% тэр. (дуб, ясень, клён, ліпа). Запаведнік Хамутоўскі стэп.

Гаспадарка. Буйны раён вугальнай прам-сці (шахты ў Данецку, Макееўцы, Горлаўцы, Янакіева, Шахцёрску, Вуглягорску і інш.), здабыча каменнай солі (Славянск, Арцёмаўск), руд ртуці. Развіты чорная (чыгун, сталь, пракат, стальныя трубы і інш.) і каляровая (цынк, ртуць) металургія, коксахім., хім. (мінер. ўгнаенні, кіслоты, сода, сінт. смолы, пластмасы і інш.) прам-сць, цяжкае машынабудаванне (горнашахтавае і металургічнае абсталяванне, чыг. вагоны, станкі, прэсы). Вытв-сць буд. матэрыялаў (цэмент, шыфер, вогнетрывалыя матэрыялы і інш.), лёгкая (тэкст., абутковая, швейная), харч. (рыбныя і агароднінныя кансервы, шампанскія віны, кухонная соль) прам-сць. ДРЭС: Вуглярская, Старабешаўская, Славянская, Курахоўская, Міронаўская і інш. Пасевы пшаніцы, ячменю, кукурузы. Вырошчванне соі, сланечніка, кармавых культур, агародніны. Пладаводства. Вінаградарства. Малочная і малочна-мясная жывёлагадоўля, свінагадоўля, птушкагадоўля, авечкагадоўля. Буйныя масівы арашальных зямель. У вобласці самая густая чыг. сетка на Украіне; праходзяць чыгункі Данецк—Харкаў, Ясінаватая—Крывы Рог; аўтадарогі Харкаў—Растоў-на-Доне, Бярдзянск—Марыупаль—Таганрог, Данецк—Марыупаль. Марскі порт Марыупаль. Курорты: Славянск, Славянагорск, Марыупаль.

С.​І.​Сідор.

т. 6, с. 37

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)