ГО́РДЗІЯН
(грэч. Gordion, Gordieion),
старажытная сталіца фрыгійцаў (8—5 ст. да н.э.), на правым беразе р. Сакар’я, каля в. Пебі (Турцыя). Засн. легендарным стваральнікам Фрыгійскага царства Гордзіем. У выніку раскопак выяўлены рэшткі абарончых сцен з каменю і сырцовай цэглы, жытлы, могільнік з багатымі пахаваннямі, якія нагадваюць стараж. пахаванні скіфаў. У 7 ст. да н.э. Гордзіян моцна пашкоджаны кімерыйцамі.
т. 5, с. 359
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГО́РДЗІЙ,
легендарны заснавальнік Фрыгійскага царства, бацька Мідаса. Паводле легенды, аракул параіў фрыгійцам абраць царом таго, хто будзе першы ехаць на калёсах да храма Зеўса. Гэта быў Гордзій. Стаўшы царом, Гордзій пабудаваў г. Гордзіян, свае калёсы ён прынёс у дар Зеўсу, паставіў іх у храме і заблытаным вузлом прывязаў ярмо да дышля калёс. Лічылі, што той, хто развяжа вузел, будзе валодаць усёй Азіяй. У 334 да н.э. Гордзіян наведаў Аляксандр Македонскі і паспрабаваў развязаць вузел, але не змог і рассек яго мячом (адсюль выраз «рассекчы гордзіеў вузел» — хуткае і смелае вырашэнне заблытанага і складанага пытання).
т. 5, с. 359
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)