Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГА́ЛЫША,
Гольша, рака ў Горацкім і Дрыбінскім р-нах Магілёўскай вобл., правы прыток р. Проня (бас. Дняпра). Даўж. 37 км. Пл. вадазбору 225 км². Пачынаецца за 3 км на ПнЗ ад в. Чапялінка Горацкага р-на. Асн. прыток — р. Дабранка (справа). Вадазбор на паўн. ускраіне Аршанска-Магілёўскай раўніны. Даліна скрынкападобная, глыбокаўрэзаная, шыр. 500 м — 1 км. Пойма двухбаковая, месцамі забалочаная. Рэчышча каналізаванае на 10 км ад вытоку, ніжэй свабодна меандруе. Берагі стромкія, абрывістыя, параслі лесам.
т. 4, с. 475
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГАЛЬША́НСКАЕ КНЯ́СТВА,
феадальная вотчына князёў Гальшанскіх у канцы 13 — сярэдзіне 16 ст. Цэнтр — Гальшаны. Займала першапачаткова тэр. міжрэчча Віліі і Нёмана, у 15 ст. распасціралася з Пн на Пд ад Вількаміра (цяпер г. Укмерге, Літва) і Паставаў да Глуска і Турава, з У на З ад Мінска да Мастоў. Упершыню ўпамінаецца ў крыніцах каля 1280, калі Гольша «замак сталічны княства свайго заснаваў на рэчцы Карабель». Князі Гальшанскія доўгі час займалі высокія пасады ў ВКЛ, у 1440 і 1492 у Гальшанах адбыліся нарады для выбараў кандыдатаў на велікакняжацкі прастол. У сярэдзіне 16 ст. большасць радавых уладанняў Гальшанскіх перайшла да Сапегаў.
Э.С.Корзун.
т. 5, с. 5
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГАЛЬША́НЫ,
вёска ў Ашмянскім р-не Гродзенскай вобл., на левым беразе р. Гальшанка. Цэнтр сельсавета і калгаса. За 22 км на Пд ад г. Ашмяны, 198 км ад г. Гродна, 12 км ад чыг. ст. Багданаў. 1260 ж., 495 двароў (1996).
Вядомы з 13 ст. Паводле Хронікі Быхаўца, Гольша заклаў горад на р. Карабель, пачаў там княжыць і назваўся кн. Гальшанскім. У 14—15 ст. Гальшаны — цэнтр Гальшанскага княства. У канцы 14 — пач. 15 ст. горад, цэнтр гандлю і рамёстваў. Да сярэдзіны 16 ст. належалі Гальшанскім, потым Сапегам. У канцы 16 — пач. 17 ст. пабудаваны Гальшанскі палац, у 17—18 ст. — Гальшанскі касцёл і кляштар францысканцаў. З 1795 у складзе Рас. імперыі, цэнтр воласці Ашмянскага пав. У 19 ст. мястэчка, праводзіліся кірмашы. У 1897 — 2883 ж. У 1922—39 у складзе Польшчы. З 1939 у БССР, з 1940 цэнтр сельсавета Ашмянскага р-на. У 1970 — 1745 жыхароў.
У вёсцы сярэдняя школа, Дом культуры, 2 б-кі, бальніца, аптэка, амбулаторыя, камбінат быт. абслугоўвання, аддз. сувязі.
т. 5, с. 6
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)