Беларуская Савецкая Энцыклапедыя (1969—76, паказальнікі; правапіс да 2008 г., часткова)
ГНЮС,
сукупнасць відаў крывасосных двухкрылых насякомых з розных сямействаў. Каля 900 відаў. Трапляецца ўсюды, акрамя Арктыкі і Антарктыды, звычайныя ў тундры і лясах.
Да гнюсу адносяцца камары, мошкі, макрацы, маскіты, сляпні, крывасосныя мухі. Відавы склад і колькасць гнюсу залежаць ад ландшафтна-геагр. і кліматычных умоў, сезона, часу сутак. Раі гнюсу ўтвараюць толькі самкі. Развіццё і масавае размнажэнне гнюсу звязана з забалочанымі, слаба асвоенымі чалавекам тэрыторыямі, найчасцей у поймах буйных рэк. Насякомыя праколваюць хабатком скуру і крывяносны сасуд жывёл або чалавека, уводзяць рэчывы, якія выклікаюць сверб, пякоту, запаленчыя працэсы, павышэнне т-ры. Многія віды гнюсу — пераносчыкі ўзбуджальнікаў небяспечных хвароб (сібірскай язвы, сапу, малярыі і інш.).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДВУХКРЫ́ЛЫЯ (Diptera),
атрад насякомых. 3 падатр.: даўгавусыя (Nematocera) — камары, мошкі, макрацы і інш.; караткавусыя прамашвовыя (Brachycera-Orthorrhapha) — сляпні, ктыры, жужалы і інш.; караткавусыя круглашвовыя (Brachycera-Cyclorhapha) — мухі, авадні, тахіны, крывасмокі і інш. Больш за 150 сям., каля 100 тыс. відаў. Пашыраны ўсюды. На Беларусі каля 6 тыс. відаў.
Даўж. 0,3—50 мм. Афарбоўка цёмная або стракатая. Развіта адна пара (пярэдняя) крылаў (адсюль назва), задняя рэдукавана і пераўтварылася ў булавападобныя жужальцы. Галава круглаватая з вял. фасетачнымі вачамі. Вусікі шматчленікавыя (даўгавусыя Д.) або кароткія трохчленікавыя (караткавусыя Д.). Ротавыя органы калюча-сысучыя або ліжучыя, зрэдку рэдукаваныя. Развіццё з поўным ператварэннем; за год 1—9 генерацый. Лічынкі чэрвепадобныя, жывуць у вадзе, глебе, гнілых рэштках раслін, жывых раслінах і жывёлах, трупах. Дарослыя Д. кормяцца нектарам і пылком раслін, гнілымі рэчывамі, крывёй жывёл і чалавека (гнюс); некат. не кормяцца. Шэраг відаў Д. — пераносчыкі ўзбуджальнікаў хвароб чалавека і жывёл (пакаёвая муха, маскіты, камары, мошкі, сляпні і інш.). Лічынкі многіх Д. — небяспечныя шкоднікі раслін (даўганожкі, галіцы, збожжавыя мухі і інш.) і паразіты с.-г. жывёл (авадні, гнюс). Некаторыя Д. карысныя як апыляльнікі раслін (журчалкі і інш.), глебаўтваральнікі (грыбныя камарыкі і інш.), знішчальнікі шкодных насякомых (тахіны).
Літ.:
Систематика и эволюция двукрылых насекомых. Л., 1977;
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МО́ШКІ (Simulidae),
сямейства насякомых атр. двухкрылых. Больш за 1200 відаў. Пашыраны ўсюды. З камарамі, макрацамі і інш. насякомымі-крывасмокамі атр. двухкрылых утвараюць гнюс. На Беларусі 16 відаў. Найб. трапляюцца М. аздобленая (Odagmia ornata), М. насатая (Gnus rostratum), М. паўзучая. (Simulium repens), М. рачная (Schoenbaueria galeratum), М. тундравая (S. pusilla). Актыўныя ў гарачыя сонечныя дні. Укусы выклікаюць мясц. (папулы, пухліны) і агульныя (ацёкі, гіперэмія, павышэнне т-ры) рэакцыі. М. пераносяць узбуджальнікаў анхацэркозу буйн. раг. жывёлы, тулярэміі, лейкацытазаозу і гемаспарыдыёзу птушак і інш.
Даўж. цела да 7 мм. Ногі кароткія, дужыя. Афарбоўка найчасцей чорная, крылы шырокія, празрыстыя. Ротавыя органы колючага тыпу. Хабаток кароткі. Вусікі 11-членікавыя, кароткія, тоўстыя. Самцы кормяцца нектарам кветак, самкі — крывасмокі. Яйцы адкладваюць у вадзе на камяні, лісце і інш. прадметы. Лічынкі і кукалкі развіваюцца ў праточнай вадзе (патрабавальныя да ўзроўню кіслароду), маюць павуцінавыя залозы, сакрэт якіх спрыяе прымацаванню лічынак да субстрату і з’яўляецца матэрыялам для коканаў, у якіх яны акукліваюцца. Даюць да 4 пакаленняў за год.