Глінскія (кн. род) 3/512; 4/463; 6/516; 9/186; 10/335; 11/80

- » - А. В. 3/512; 5/30

- » - І. Л. 7/350

- » - М. Л. 1/280; 2/615; 3/512, 515; 4/291; 9/186; 11/80

Беларуская Савецкая Энцыклапедыя (1969—76, паказальнікі; правапіс да 2008 г., часткова)

ГЛІ́НСКІЯ,

княжацкі род уласнага герба ў ВКЛ і Маскоўскім вял. княстве. Заснавальнікам лічыцца ўнук залатаардынскага хана Мамая Лекса (у хрышчэнні Аляксандр), які выехаў у ВКЛ і атрымаў ад вял. князя Вітаўта землі на мяжы з Залатой Ардой і гарады Палтаву і Глінск. Ад назвы апошняга горада (верагодна, на месцы сучаснага г. Залатаноша ў Чаркаскай вобл. Украіны) паходзіць прозвішча. Першым у гіст. крыніцах у 1398 упамінаецца Іван Аляксандравіч Глінскі, ад сыноў якога Барыса, Фёдара і Сямёна пайшлі 3 галіны роду. Нашчадкі Сямёна вядомы да 19 ст. ў Гродзенскай губ., але паступова страцілі княжацкі тытул. Найб. вядомыя прадстаўнікі старэйшай галіны Глінскіх:

Іван Львовіч (мянушка Мамай, каля 1460 — да 1522), намеснік ожскі і пераломскі (1495), ваявода кіеўскі (1505) і навагрудскі (1507). У час Глінскіх мяцяжу 1508 падтрымаў малодшага брата Міхаіла, разам з ім з’ехаў у Маскоўскае княства, атрымаў там г.Мядынь. Васіль Львовіч (мянушка Сляпы, каля 1465 — да 1522), намеснік васілішскі (з 1501), слонімскі (1505), падстолі літоўскі (1502—07). Прымаў удзел у мяцяжы братоў, з’ехаў у Маскву. Міхаіл Львовіч, гл. Глінскі М.Л. Алена Васілеўна (каля 1505 — 13.4.1538), дачка Васіля Львовіча. З 1526 другая жонка вял. кн. маскоўскага Васіля III, пасля смерці якога (1533) кіравала дзяржавай як рэгентша пры малалетнім сыне Іване IV. Юрый Васілевіч (? — 1547), сын Васіля Львовіча. Адзін з ініцыятараў абвяшчэння свайго пляменніка Івана IV першым рас. царом. Забіты ў час бунту ў Маскве.

В.Л.Насевіч.

т. 5, с. 298

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

Паўстанне Глінскіх 1508, гл. Глінскія

Беларуская Савецкая Энцыклапедыя (1969—76, паказальнікі; правапіс да 2008 г., часткова)

ГАЛБІ́ЦА, Галбеіца, Галубейка,

рака пераважна ў Пастаўскім р-не Віцебскай вобл., правы прыток Дзісны (бас. Зах. Дзвіны). Даўж. 63 км. Пл. вадазбору 1050 км². Пачынаецца за 0,5 км на ПдЗ ад в. Глінскія, цячэ ў межах Свянцянскіх град пад назвай Заражанка (на працягу 5 км у Мядзельскім р-не Мінскай вобл.), ніжняе цячэнне на Полацкай нізіне. Асн. прытокі Лаўрыха, Шурыца, Паловіца (злева), Чэртка, Карнееўка, Ласіца і Плісаўка (справа). Даліна трапецападобная, шыр. 200—400 м. Пойма шыр. 50—150 м. Рэчышча ў верхнім цячэнні на працягу 11 км каналізаванае, у сярэднім і ніжнім цячэнні яго шыр. 20—30 м. Рака працякае праз азёры Задняе возера і Галбея, створаны сажалкі.

т. 4, с. 456

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГЛІ́НСКІХ МЯЦЕ́Ж 1508,

выступленне групоўкі феадалаў у ВКЛ, якую ўзначальваў М.Л.Глінскі з братамі Васілём і Іванам. Непасрэднымі падставамі для мяцяжу стаў канфлікт Глінскіх з групоўкай старой прыдворнай знаці (Радзівіламі, Кежгайламі, Забярэзінскімі) і імкненне Глінскага паказаць сябе абаронцам праваслаўя ў ВКЛ (хоць сам быў католікам). Вырашальную ролю адыграла Маскоўская дзяржава, якая падштурхнула яго да мяцяжу, абяцаючы сваю падтрымку. Глінскі меў намер стварыць ва ўсх. частцы ВКЛ асобнае княства з цэнтрам у Кіеве. Аб’ектыўна Глінскіх мяцеж у выпадку поспеху мог прывесці да далучэння гэтай тэрыторыі да Маскоўскай дзяржавы, як гэта было ў 1500 з Ноўгарад-Северскім і Чарнігаўскім княствамі. Мяцеж пачаўся ў Тураве, які належаў Глінскаму, і ахапіў пераважна ПдУ Беларусі і Кіеўшчыну, дзе яго падтрымалі кіеўскі ваявода В.Глінскі (брат М.Глінскага) і мазырскі намеснік Я.Івашанцэвіч. Глінскіх мяцеж адбыўся ў час вайны Маскоўскай дзяржавы з Вялікім княствам Літоўскім 1507—08, у якой прыхільнікі Глінскіх дзейнічалі сумесна з маск. войскам у напрамку Бабруйск—Мінск, з наступным адыходам на Друцк—Оршу. Выступленне не было падтрымана шляхтай, таму Глінскія і некалькі дзесяткаў іх прыхільнікаў былі вымушаны ўцячы ў Маскву, страціўшы свае маёнткі ў ВКЛ. Вял. кн. маскоўскі Васіль III выкарыстаў Глінскіх мяцеж для заключэння выгаднага для яго перамір’я з ВКЛ.

В.Л.Насевіч.

т. 5, с. 298

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ІВА́Н IV Васілевіч Грозны

(Жахлівы; 25.8.1530, Масква — 18.3.1584),

вялікі князь маскоўскі і ўсяе Русі [з 1533], першы рус. цар [1547—84], З дынастыі Рурыкавічаў. Сын вял. кн. Васіля III Іванавіча і княгіні Алены Васілеўны Глінскай (гл. Глінскія). У 7 гадоў застаўся сіратой, выхоўваўся ва ўмовах баярскага кіравання, якое вызначалася зацятай барацьбой груповак Бельскіх, Шуйскіх і Глінскіх. Самаст. правіў з 1549. Пры ім пачалі склікацца Земскія саборы, складзены Судзебнік 1550. У 1549—60 правёў рэформы цэнтр. і мясц. кіравання, арміі, суда, фінансаў і інш. Для барацьбы з рэшткамі феад. раздробленасці і баярскай апазіцыяй увёў апрычніну (1565, адмяніў у 1572), фізічна знішчаў сваіх праціўнікаў, канфіскоўваў іх уладанні. За дэспатычны характар празваны Грозным. Пры ім узмацнілася запрыгоньванне сялян: увёў часовую забарону ў 1581 сял. выхаду ў Юр’еў дзень. У знешняй палітыцы прытрымліваўся курсу на пашырэнне межаў дзяржавы. У часы яго праўлення далучаны Казанскае ханства (1552), Астраханскае ханства (1556), у залежнасць трапіла Сібірскае ханства (1555, далучана ў 1581), Вял. Нагайская арда (1557). Вёў Лівонскую вайну 1558—83, у 1562 на чале 80-тысячнага войска ўступіў у межы ВКЛ, што прывяло да вял. разбурэнняў і чалавечых ахвяр на тэр. Беларусі. Пры І. IV наладжаны гандл. сувязі з Англіяй (1553), створана 1-я друкарня ў Маскве. У гістарыяграфіі пра яго з пач. 17 ст. складвалася канцэпцыя «двух Іванаў» — мудрага дзярж. дзеяча ў 1-й пал. царавання і тырана ў 2-й. І. IV быў адукаваным для свайго часу чалавекам; аўтар пасланняў кн. А.М.Курбскаму, англ. каралеве Лізавеце I, швед. каралю Юхану III і інш. Вобраз І. IV шырока адлюстраваны ў фальклоры, л-ры (М.Ю.Лермантаў, А.К.Талстой, А.М.Талстой), выяўл. мастацтве (І.Я.Рэпін, В.М.Васняцоў, М.М.Антакольскі).

Літ.:

Ткаченко В.А. Московские великие и удельные князья и цари. М., 1992;

Зимин А.А., Хорошкевич А.Л. Россия времени Ивана Грозного. М., 1982;

Скрынников Р.Г. Царство террора: Монография. СПб., 1992;

Яго ж. Великий государь Иоан Васильевич Грозный. Т. 1—2. Смоленск, 1996;

Альшиц Д.Н. Начало самодержавия в России;

Государство Ивана Грозного. Л., 1988.

Іван IV Васілевіч Грозны. Малюнак з «Вялікай гасударавай кнігі» («Царскага тытулярніка»), 1672.

т. 7, с. 146

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)