ГЛАБА́ЛЬНАЯ ЭКАЛО́ГІЯ,

раздзел экалогіі, які вывучае агульнабіясферныя заканамернасці прыродных працэсаў і іх змены пад уплывам антрапагеннага ўздзеяння. Інтэнсіўна развіваецца з сярэдзіны 20 ст., калі пачалі праяўляцца глабальныя экалагічныя праблемы. Разглядае іх на ўзроўні біясферы ў цэлым або дастасавальна да асобных яе падсістэм (гідрабіясферы, аэрабіясферы, глебы і інш.). Практычнае значэнне маюць даследаванні глабальнага забруджвання навакольнага асяроддзя, яго рэальных і патэнцыяльна магчымых наступстваў і ўплываў на стан розных экасістэм. На Беларусі асобныя аспекты глабальнай экалогіі рэалізуюцца праз абагульненне інфармацыі для сістэмы глабальнага маніторынгу (станцыі назіранняў у Бярэзінскім біясферным запаведніку).

т. 5, с. 280

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МІЖНАРО́ДНЫЯ КАСМІ́ЧНЫЯ НАВІГАЦЫ́ЙНЫЯ СІСТЭ́МЫ,

спадарожнікавыя сістэмы вызначэння каардынат рухомага аб’екта, аснашчанага адпаведнай апаратурай. Рас. сістэма наз. ГЛАНАСС (ад ГЛАбальная НАвігацыйная Спадарожнікавая Сістэма), амерыканская GPS (ад Global Positioning System глабальная сістэма вызначэння каардынат).

Кожная з сістэм мае 24 штучныя спадарожнікі Зямлі (ШСЗ) на спец. арбітах і сетку наземных станцый вызначэння каардынат ШСЗ і інш. параметраў. Апаратура карыстальніка прымае навігацыйныя радыёсігналы ад 4 ШСЗ і аўтаматычна вызначае каардынаты, скорасць руху і дакладны час аб’екта на зямлі, моры ці ў паветры і на ўбудаваным дысплеі паказвае напрамак руху да зададзенага пункта на электроннай карце мясцовасці. Навігацыйная інфармацыя ад прыёмніка можа выкарыстоўвацца таксама для работы аўтапілота, радара ці інш. апарата. Другое прызначэнне М.к.н.с. — аўтам. сачэнне за месцазнаходжаннем рухомых аб’ектаў (напр., з мэтай бяспекі руху). У гэтым выпадку рухомы аб’ект дадаткова мае спец. апаратуру для перадачы навігацыйнай інфармацыі на дыспетчарскі цэнтр, напр., авіякампаніі, параходства, аўтамаб. ці аўтобуснага парку.

А.​П.​Ткачэнка.

т. 10, с. 346

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МАБІЛІ́ЗМ (ад лац. mobilis рухомы),

геалагічная гіпотэза, якая дапускае вялікія (да некалькі тысяч кіламетраў) гарызантальныя перамяшчэнні буйных пліт літасферы на працягу геал. часу. Тэрмін уведзены швейц. геолагам Э.​Арганам (1924). М. супрацьпастаўляўся канцэпцыі фіксізму (гл. Тэктанічныя гіпотэзы). Навук. тэорыя М. распрацавана ў 1910—12 амер. вучоным Ф.​Тэйларам і ням. геафізікам А.​Вегенерам (гл. Вегенера гіпотэза). Сучасны варыянт М., т.зв. тэктоніка пліт або новая глабальная тэктоніка, заснавана на выніках даследаванняў рэльефу дна акіяна і магнітных анамалій яго парод і на даных палеамагнетызму.

т. 9, с. 440

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГЛАБА́ЛЬНАЕ ЗАБРУ́ДЖВАННЕ,

забруджванне навакольнага асяроддзя, пры якім пэўныя віды забруджвальнікаў выяўляюцца па ўсім зямным шары; адна з глабальных праблем сучаснасці (гл. Глабальная экалогія). Бывае глабальнае забруджванне атмасферы, вод, глебы і г.д. або як агульнае забруджванне хім. рэчывамі, у т. л. дыаксідам вугляроду (гл. Парніковы эфект), радыенуклідамі (гл. Радыеактыўнае забруджванне), лёгкалятучымі газамі (напр., фрэонамі), нафтапрадуктамі і інш. Інфармацыя пра глабальнае забруджванне падаецца праз сістэмы глабальнага маніторынгу, у т. л. назіранні на базе міжнар. біясферных запаведнікаў, са штучных спадарожнікаў Зямлі і інш. У фарміраванні глабальнага забруджвання значную ролю адыгрывае вышынны трансгранічны перанос забруджвальнікаў паветр. плынямі (напр., пры ўзрывах ядзерных бомбаў, аварыях на АЭС).

т. 5, с. 280

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МІЖНАРО́ДНАЯ ІНФАРМАЦЫ́ЙНА-ДАВЕ́ДАЧНАЯ СІСТЭ́МА ПА ПРАБЛЕ́МАХ АХО́ВЫ НАВАКО́ЛЬНАГА АСЯРО́ДДЗЯ, Інфатэра. Арганізавана ў 1972 у сістэме Міжнароднай праграмы ААН па навакольным асяроддзі (ЮНЕП) як глабальная сетка абмену аператыўнай інфармацыяй аб стане навакольнага асяроддзя, пошуку і выяўленні крыніц тэхн. і інш. інфармацыі па навакольным асяроддзі. Забяспечвае інфармацыяй пра атмасферу, клімат, хім. рэчывы, энергет. рэсурсы, чысціню вады, землекарыстанне, адходы вытв-сці, прыродаахоўнае заканадаўства і інш. Кіраванне сістэмай ажыццяўляецца ЮНЕП (штаб-кватэра ў Найробі, Кенія). У складзе сістэмы каардынацыйнае бюро пры штаб-кватэры і міжнар. сетка нац. цэнтраў (178 нац. цэнтраў, 11 цэнтраў рэгіянальнай службы і 34 спец. цэнтры рэгіянальных крыніц). Крыніцы інфармацыі размешчаны ў мін-вах і цэнтрах дакументацыі, НДІ, ун-тах, няўрадавых і грамадскіх арг-цыях, агенцтвах ААН, ЮНЕСКА і прыватных агенцтвах. На Беларусі цэнтр дзейнічае з 1982. У 1993 створаны Бел. рэгіянальны цэнтр супрацоўніцтва Інфатэра.

У.​Я.​Рошчын.

т. 10, с. 339

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАТАСТРО́ФА (ад грэч. katastrophē пераварот, паварот, канец, гібель),

раптоўнае вялікае бедства; падзея, якая цягне за сабой трагічныя вынікі: разбурэнні, знішчэнні, гібель людзей. Вылучаюць К.: прыродныя (землетрасенне, вывяржэнне вулкана і інш.), экалагічныя (гл. Катастрофа экалагічная), тэхналагічныя (аварыі, крушэнні чыгуначныя, авіякатастрофы), сацыяльныя (напр., гібель Рымскай імперыі, распад СССР), асобасныя (смерць блізкага чалавека, забойствы, самазабойствы і інш.). Па маштабах дзеяння К. падзяляюць на лакальныя, рэгіянальныя, краінныя, глабальныя. Некаторыя з іх з’яўляюцца унікальнымі, напр. Чарнобыльская катастрофа 1986, па прычынах яна тэхналагічная, па ўздзеянні на навакольнае асяроддзе — экалагічная, па наступствах для здароўя і жыцця людзей, разбурэнні іх ладу жыцця — сацыяльная, па маштабах уздзеяння на ўсе сферы жыцця і мыслення людзей — глабальная. Такога роду К. могуць адбывацца ў выніку прымянення ядзернай і інш. зброі масавага паражэння, ракетна-ядзернай вайны і інш. У сучасных умовах вялікае значэнне мае навук. прадказанне К. (землетрасенняў, вывяржэнняў вулканаў, сутыкненняў Зямлі з вялікімі касмічнымі целамі і інш.). Розныя тыпы К. з’яўляюцца аб’ектам даследавання катастроф тэорыі. У Рэспубліцы Беларусь папярэджваннем і пераадольваннем наступстваў К. займаецца Міністэрства па надзвычайных сітуацыях.

Літ.:

Арнольд В.И. Теория катастроф. 3 изд. М., 1990;

Бабосов Е.М. Катастрофы: социол. анализ. Мн., 1995;

Яго ж. Чернобыльская трагедия в ее социальных измерениях. Мн., 1996.

Я.​М.​Бабосаў.

т. 8, с. 173

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПАВЕ́РХНЯЎ ТЭО́РЫЯ,

раздзел дыферэнцыяльнай геаметрыі, які вывучае ўласцівасці паверхняў. Лакальная П.т. вывучае паверхні, атрыманыя ў выніку гладкай дэфармацыі простай вобласці (напр., круга), глабальная — паверхні, «склееныя» з простых, лакальна вызначаных частак. П.т. грунтуецца на тапалогіі і агульнай тэорыі мнагастайнасцей.

У П.т. разглядаюцца ўласцівасці паверхняў, нязменныя пры рухах. Адна з асн. яе задач — вымярэнні на паверхні. Сукупнасць фактаў, якія атрымліваюць пры гэтых вымярэннях, складаюць унутраную геаметрыю паверхні. Да яе паняццяў адносяцца даўжыня лініі, вугал паміж 2 напрамкамі, плошча вобласці, геадэзічная лінія, геад. крывізна лініі і інш. П.т. вылучае і даследуе асобныя класы паверхняў, геам. ўласцівасці ліній на паверхні, прасторавую будову наваколля пункта, выгінанне паверхняў, вызначэнне паверхняў па зададзеных першай і другой квадратычных формах, нармальнай і гаўсавай крывізне, даследаванне паверхні «ў цэлым» па ўласцівасцях наваколля яе пунктаў, тэорыі выпуклых паверхняў, праектыўна-інварыянтныя ўласцівасці паверхняў і інш. У П.т. вызначаюцца ізаметрычнае (пры якім не зменьваюцца даўжыні адпаведных ліній), канформнае (гл. Канформнае адлюстраванне) і інш. адлюстраванні паверхняў адна на адну, будуецца тэорыя сетак на паверхнях. Вывучаюцца паверхні ў мнагамерных эўклідавых і неэўклідавых прасторах, разглядаюцца негаланомныя паверхні (характарызуюць рух цела пад дзеяннем сувязей механічных). Ідэі і метады П.т. шырока выкарыстоўваюцца ў інш. раздзелах матэматыкі, у механіцы і фізіцы. Асновы П.т. закладзены ў працах Л.Эйлера, К.Ф.Гаўса, Т.Монжа.

Літ.:

Норден А.П. Теория поверхностей. М., 1956;

Погорелов А.В. Дифференциальная геометрия. 5 изд. М., 1969;

Дубровин Б.А., Новиков С.П., Фоменко А.Т. Современная геометрия: Методы и приложения. 2 изд. М., 1986.

В.​І.​Бернік.

т. 11, с. 466

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РАДЫЁАСТРАНО́МІЯ,

раздзел астраноміі, які вывучае нябесныя целы па іх радыёвыпрамяненні. Узнікненне Р. звязана з адкрыццём радыёвыпрамянення нашай Галактыкі на хвалі 14,7 м (1931, амер. радыёінж. К.​Янскі). Паводле аб’ектаў даследавання Р. падзяляюць на галактычную (вывучае аб’екты нашай Галактыкі) і пазагалактычную. Аб’ектамі даследавання з’яўляюцца Сонца (гл. Радыёвыпрамяненне Сонца), міжпланетнае асяроддзе, міжзорнае асяроддзе. Метадамі Р. адкрыты новыя віды крыніц касм. эл.-магн. выпрамянення: у нашай Галактыцы — рэшткі звышновых зорак (напр., Крабападобная туманнасць), пульсары, вобласці вадароду HII і інш., пазагалактычныя — радыёгалактыкі, квазары, а таксама рэліктавае выпрамяненне.

Касм. радыёвыпрамяненне даследуюць пры дапамозе радыётэлескопаў, высокая адчувальнасць і раздзяляльная здольнасць якіх перавышаюць магчымасці аптычных тэлескопаў. На аснове буйных радыётэлескопаў створана глабальная радыёінтэрферэнцыйная сетка (раздзяленне вышэй за 0,001"). Дыяпазон наземных радыёастр. назіранняў вызначаецца празрыстасцю зямной атмасферы (даўж. хваль ад 1 мм да 30 м); для радыётэлескопаў на ШСЗ гэты дыяпазон значна шырэйшы. Вымяральнай велічынёй у Р. з’яўляецца прырашчэнне колькасці выпрамянення пры навядзенні радыётэлескопа на аб’ект. Радыёвыпрамяненне касм. аб’ектаў вызначаецца механізмам выпрамянення, умовамі генерацыі і распаўсюджвання радыёхваль, энергіяй выпраменьвальных часціц і магн. поля. Неперарыўнае выпрамяненне касм. крыніц абумоўлена сінхратронным і цеплавым механізмам (гл. Сінхратроннае выпрамяненне, Цеплавое выпрамяненне), выпрамяненне ў вузкіх лініях — пераходамі паміж узроўнямі энергіі атамаў і малекул. Устаноўлена, што працяглыя кампаненты крыніц радыёвыпрамянення, звязанага з радыёгалактыкамі, — гэта намагнічаныя воблакі разрэджанага газу, напоўненыя касмічнымі прамянямі. Р. мае практычнае дастасаванне ў навігацыі, пасіўнай лакацыі, антэннай тэхніцы і інш. Гл. таксама Радыёлакацыйная астраномія.

Літ.:

Галактическая и внегалактическая радиоастрономия: Пер. с англ. М., 1976;

Матвеенко Л.И. Радиоастрономия. М., 1977 (Астрономия. Т. 13);

Апушкинский Г.П. Методы радиоастрономии. Л., 1979.

А.​А.​Шымбалёў.

т. 13, с. 230

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДЫФЕРЭНЦЫЯ́ЛЬНАЯ ГЕАМЕ́ТРЫЯ,

раздзел геаметрыі, у якім геам. вобразы (крывыя і паверхні) вывучаюцца метадамі матэм. аналізу, у першую чаргу — дыферэнцыяльнага злічэння. Аб’екты Д.г. — крывыя і паверхні эўклідавай прасторы, іх сем’і (неперарыўныя сукупнасці крывых і паверхняў). У Д.г. даследуюцца ўласцівасці, характэрныя бясконца малой частцы геам. вобразаў (дыферэнцыяльныя ўласцівасці). У адрозненне ад элементарнай і аналітычнай геаметрыі, якія вывучаюць асобныя крывыя і паверхні ці спец. класы крывых і паверхняў, Д.г. разглядае крывыя і паверхні наогул.

Класічная Д.г. вывучае дыферэнцыяльныя ўласцівасці геам. вобразаў звычайнай трохмернай прасторы, якія не залежаць ад становішча ў прасторы. Асобныя паняцці Д.г. сустракаюцца ў 2-й пал. 17 ст. ў працах англ. вучонага І.​Ньютана, ням. матэматыка Г.​Лейбніца і інш. Асновы тэорыі паверхняў закладзены ў канцы 18 ст. працамі ням. вучонага Л.​Эйлера і франц. вучонага Г.​Монжа. Значны ўклад у развіццё Д.г. зрабілі К.​Гаўс, рус. матэматыкі К.​М.​Петэрсон (пабудаваў асновы класічнай тэорыі паверхняў) і М І.​Лабачэўскі, ням. матэматык Б.​Рыман. Асн. кірункі сучаснай Д.г.: геаметрыя аднародных прастораў, у якіх дзейнічае некат. сукупнасць (група) пераўтварэнняў (у класічнай Д.г. — група рухаў) і вывучаюцца ўласцівасці геам. вобразаў, што не мяняюцца пры пэўных пераўтварэннях; геаметрыя абагульненых прастораў, якія будуюцца на аснове дыферэнцаванай разнастайнасці, што ўключае як прыватны выпадак паняцці крывой і паверхні класічнай Д.г. Асобнае месца займае «геаметрыя ў цэлым», якая даследуе геам. вобразы, што не могуць быць вырашаны сродкамі дыферэнцыяльнага злічэння.

На Беларусі сістэматычныя даследаванні па сучаснай Д.г. пачалі праводзіцца з канца 1960-х г. Пабудавана глабальная тэорыя нармалізаваных і спалучаных звязнасцей у галоўных расслаеннях, праведзена даследаванне сіметрычных прастораў і шэрагу іх абагульненняў (В.І.Вядзернікаў, А.С.Фядэнка).

Літ.:

Погорелов А.В. Дифференциальная геометрия. 5 изд. М., 1969;

Дифференциальная геометрия. Мн., 1982;

Феденко А.С. Пространства с симметриями. Мн., 1977;

История отечественной математики. Т. 3. Киев, 1968.

В.​І.​Вядзернікаў, А.​А.​Гусак.

т. 6, с. 300

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГЛАБА́ЛЬНЫЯ ПРАБЛЕ́МЫ сучаснасці,

праблемы, якія закранаюць інтарэсы чалавецтва ў цэлым і для свайго вырашэння патрабуюць агульных намаганняў без уліку падзелу чалавечага грамадства па розных прыкметах. Умоўна вылучаюць тэарэтычныя і практычныя, вострыя і адкладзеныя, агульныя і прыватныя. Тэарэтычныя глабальныя праблемы ахопліваюць пераважна праблемы грамадскіх і прыродазнаўчых навук: філасофіі, біялогіі, пазнання Зямлі і Космасу, прыроды чалавека, грамадазнаўства і інш. (гл. Навука, Чалавек, Экалогія сацыяльная, Касмалогія і да т.п.). Іх вырашэнне не можа мець завершанага характару, колькі б не доўжыўся перыяд існавання чалавецтва. Практычныя глабальныя праблемы вынікаюць з сённяшняга стану грамадства і абумоўлены яго недасканаласцю (розныя ступені і ўзроўні развіцця асобных яго частак, парушэнне раўнавагі ў адносінах з прыродай і інш.), але пры пэўных умовах яны могуць быць вырашаны ў перспектыве. Асн. з такіх праблем здольны істотна паўплываць на ўмовы існавання чалавецтва, а ў асобных выпадках нават ствараць пагрозу для яго захавання: праблемы вайны і міру, голаду і харчавання, ядзернай бяспекі, антрапагеннага ўздзеяння на прыроду, забруджвання навакольнага асяроддзя, дэмаграфіі, энергет. забеспячэння, вычарпальнасці многіх відаў прыродных рэсурсаў і інш. Глабальнае значэнне пры пэўных умовах сусв. грамадскасць можа надаваць рэгіянальным праблемам, асабліва калі яны ствараюць патэнцыяльную пагрозу для ўсяго насельніцтва ці яго частак у іншых рэгіёнах (напр., праблемы пашырэння небяспечных хвароб, гандлю наркотыкамі, зброяй, забруджвання сусв. акіяна, трансгранічнага пераносу забруджвальнікаў). Наяўнасць агульных для міжнар. супольнасці праблем спараджае дзейнасць міжнар. арганізацый (ААН, ЮНЕСКА, ЮНЕП, Міжнар. Саюз аховы прыроды, МАГАТЭ і інш.), грамадскіх рухаў і формаў супрацоўніцтва («зялёныя», «Грынпіс», грамадскія фонды ў абарону міру, прыроды, гуманітарныя арганізацыі і інш.), узнікненне новых навук або іх раздзелаў (напр., Глабальная экалогія).

Літ.:

Гудожник Г.С., Елисеева В.С. Глобальные проблемы в истории человечества. М., 1989;

Глобальные проблемы и общечеловеческие ценности: Пер. с англ. и фр. М., 1990;

Global competitiveness. New York, 1988.

т. 5, с. 280

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)