ГЕНАГЕАГРА́ФІЯ,

кірунак даследаванняў у галіне біял. навукі, сумежнай паміж генетыкай і біягеаграфіяй. Сфармулявана сав. вучоным А.​С.​Сераброўскім у 1928—29. Вывучае генетычную гетэрагеннасць прыродных папуляцый і на гэтай аснове генетычную структуру папуляцыі, раскрыццё механізмаў фарміравання, падтрымання і змянення гэтай структуры, што стала пачаткам вывучэння генетыкі папуляцый у прасторы, а таксама выяўленне геагр. пашырэння і, па магчымасці, частот алеляў, адказных за асн. прыкметы і ўласцівасці пэўнага віду арганізмаў. Генагеаграфія высвятляе прычыны пашырэння алеляў. Мае практычнае і прыкладное значэнне пры вызначэнні генафондаў свойскіх жывёл і культ. раслін як адной з асноў пароднага і сартавога раянавання і селекцыі, а таксама ў генетыцы чалавека, асабліва ў мед. генетыцы.

т. 5, с. 149

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БЕЛАРУ́СКІХ ТАТА́РАЎ МО́ВА,

першасная цюркская мова татараў, што пасяліліся на тэр. ВКЛ у 14—16 ст. Зыходзячы з таго, што большасць бел. татараў мела крымскае паходжанне і толькі нязначная частка — залатаардынскае (волжскае) ці турэцкае, можна лічыць іх мовай кыпчацкія і агузскія дыялекты крымска-татарскай мовы (на той час яшчэ не уніфікаваныя і не зафіксаваныя ў пісьменстве). Гетэрагеннасць (неаднароднасць па складзе) беларускіх татараў мовы, рассяленне татараў па ўсім ВКЛ, няцюркскае сямейнае асяроддзе (шлюбы татараў-мужчын з беларускамі) абумовілі выцясненне з канца 16 ст. беларускіх татараў мовы бел. і польск. мовамі.

Беларускіх татараў мова мела 8 галосных (а, ы, о, у, и, ё, ю; знакі падаюцца паводле дзеючай крымска-татарскай графікі). У сістэме зычных: глыбоказаднеязычны «гъ», «къ» побач з больш пярэднімі «г», «к»; звонкая афрыката «дж», заднеязычнае «нъ». Сінгарманізм складу і слова. Назоўнікі мелі катэгорыі ліку, склону, прыналежнасці і прэдыкатыўнасці. Прыметнікі паказвалі на ступень інтэнсіўнасці. Дзеяслоў меў катэгорыі часу і асобы, ладу, стану; аддзеяслоўны назоўнік на «-макъ» выступаў у функцыі інфінітыва. У лексіцы шмат араб. і іранскіх запазычанняў.

А.​Я.​Супрун.

т. 2, с. 463

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ФОТАБІЯЛОГІЯ

Даследаванні па фотабіялогіі на Беларусі пачаліся ў 1920-я г. ў БДУ і БСГА (працы М.​М.​Гайдукова і Ц.​М.​Годнева). Уклад у развіццё фотабіялогіі зрабілі І.​Дз.​Валатоўскі, А.​С.​Вечар, М.​М.​Ганчарык, Г.​П.​Гурыновіч, В.​М.​Іванчанка, У.​Л.​Калер, С.​В.​Конеў, К.​М.​Салаўёў, М.​Ц.​Чайка, А.​А.​Шлык і інш. А.​А.​Шлык з супрацоўнікамі (Н.​Г.​Аверына, В.​І.​Раскін, А.​Б.​Рудой, Л.​І.​Фрадкін, Э.​В.​Хадасевіч) даследавалі заканамернасці аднаўлення хларафілу ў зялёным лісці і яго метабалічную гетэрагеннасць, прапанавалі канцэпцыю цэнтраў біясінтэзу хларафілу. Вывучаны механізмы інактывацыі бялкоў у растворы і ў складзе біял. мембран, апісана з’ява фотахімічнай алатопіі (І.​Дз.​Валатоўскі, С.​В.​Конеў). Усталявана ўзаемасувязь паміж структурай і функцыяй хларапластаў (В.​М.​Іванчанка). У мадэльных умовах вывучаны фотафізічныя параметры хларафілавых пігментаў і іх папярэднікаў (Г.​П.​Гурыновіч, Э.​І.​Зянькевіч, А.​П.​Лосеў). За цыкл прац па люмінесцэнцыі бялкоў і яе выкарыстанні ў навук. даследаваннях і практыцы І.​Дз.​Валатоўскі, С.​В.​Конеў, У.​М.​Мажуль, Л.​Р.​Пікулік, К.​І.​Слабажаніна, Я.​А.​Чарніцкі адзначаны Дзярж. прэміяй Беларусі 1992. Асн. навук. цэнтры, у якіх праводзяцца фотабіялагічныя даследаванні, — Ін-ты фотабіялогіі, атамнай і малекулярнай фізікі, агульнай фізікі, эксперым. батанікі Нац. АН Беларусі, БДУ. Даследуюцца малекулярныя механізмы зрокавай фотарэцэпцыі, роля іонаў кальцыю і прадуктаў метабалізму фотаіназітыдаў у функцыянаванні зрокавых клетак, фітахрому ў працэсах фотарэгуляцыі ў раслінах (І.​Дз.​Валатоўскі з супрацоўнікамі), павышэнне прадукцыйнасці фотасінтэтычнага працэсу і механізмаў біягенезу фотасінтэтычнага апарата (Н.​Г.​Аверына, М.​У.​Шалыга), механізмаў уздзеяння нізкаінтэнсіўнага лазернага выпрамянення пры лячэнні хвароб чалавека (В.​А.​Мастоўнікаў з супрацоўнікамі), фотадынамічнай тэрапіі (Г.​П.​Гурыновіч, В.​М.​Джагараў, С.​М.​Чаранкевіч) і інш.

Літ.:

Шлык А.А. Метаболизм хлорофилла в зеленом растении. Мн., 1965;

Иванченко В.М. Фотосинтез и структурное состояние хлоропластов. Мн., 1974;

Конев С.В., Волотовский И.Д. Фотобиология. 2 изд. Мн., 1979;

Волотовский И.Д., Ховратович В.И., Баранова Л.А. Транспорт ионов в фоторецепторной клетке. Мн., 1990;

Волотовский И.Д. Фитохром — регуляторный фоторецептор растений. М., 1992;

Годневские чтения Вып. 1—10. Мн., 1994—2004.

І.​Дз.​Валатоўскі.

т. 18, кн. 2, с. 567

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)