ГЕР’Е́ Уладзімір Іванавіч

(29.5.1837, Масква — 30.6.1919),

расійскі гісторык, паліт. дзеяч. Чл.-кар. Пецярбургскай АН (1902). Д-р гіст. н., праф. (1868). Скончыў Маскоўскі ун-т (1858), дзе і працаваў (1868—1904). Вучань Ц.М.Граноўскага. Адзін са стваральнікаў Вышэйшых жаночых курсаў у Маскве. Старшыня Маскоўскай гар. думы (1892—1904), чл. партыі акцябрыстаў (1906—17), чл. Дзярж. савета (з 1907). Адзін з першых рус. гісторыкаў даследаваў гісторыю новага часу, эпоху Франц. рэвалюцыі 1789—99. Аўтар прац: «Барацьба за польскі трон у 1733 г.» (1862), «Адносіны Лейбніца да Расіі і Пятра Вялікага» (1871), «Ідэя народаўладдзя і Французская рэвалюцыя 1789 г.» (1904), «Аб канстытуцыі і парламентарызме ў Расіі» (1906), «Французская рэвалюцыя 1789—1795 гг. у асвятленні І.Тэна» (1911), «Заходняе манаства і папства» (т. 1—2, 1913—15), «Філасофія гісторыі ад Аўгусціна да Гегеля» (1915).

Літ.:

Шаханов А.Н. Воспоминания В.И. Герье // История и историки. М., 1990.

т. 5, с. 174

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

Гер’е У. І. 3/214

Беларуская Савецкая Энцыклапедыя (1969—76, паказальнікі; правапіс да 2008 г., часткова)

Вышэйшыя жаночыя курсы прафесара У. І. Гер’е (Масква) 3/214

Беларуская Савецкая Энцыклапедыя (1969—76, паказальнікі; правапіс да 2008 г., часткова)

ВЫШЭ́ЙШЫЯ ЖАНО́ЧЫЯ КУ́РСЫ,

прыватныя вышэйшыя жаночыя навуч. ўстановы універсітэцкага тыпу ў Расіі ў 1860-я г. — 1917. Узніклі пад уплывам грамадскага руху 1860-х г. за жаночую адукацыю (паводле універсітэцкага статута 1863 жанчын ва ун-ты не прымалі).

Першыя вышэйшыя жаночыя курсы адкрыты ў 1869 (Аларчынскія ў Пецярбургу, Лубянскія ў Маскве). У 1872 засн. Вышэйшыя жаночыя мед. курсы пры Медыка-хірург. акадэміі ў Пецярбургу і вышэйшыя жаночыя курсы праф. Маскоўскага ун-та У.І.Гер’е (у Маскве), у 1876 — у Казані, у 1878 — у Пецярбургу (Бястужаўскія курсы), у 1879 — у Кіеве. Паводле ўказа ад 12.5.1886 большасць вышэйшых жаночых курсаў забаронена. Пад уплывам рэв. руху канца 19 — пач. 20 ст. сталі аднаўляцца. У 1904 у Пецярбургу адкрыты Сцебутаўскія вышэйшыя жаночыя с.-г. курсы (засн. рус. вучоным І.А.Сцебутам). Існавалі на дабрачынныя сродкі. Выпускніцы мелі права выкладаць у жаночых сярэдніх навуч. установах і малодшых класах мужчынскіх сярэдніх школ. Найб. значэнне ў развіцці жаночай адукацыі ў Расіі мелі вышэйшыя жаночыя курсы Гер’е і Бястужаўскія курсы. Пасля 1917 вышэйшыя жаночыя курсы часткова зачынены, некаторыя рэарганізаваны і ўвайшлі ў склад адзінай вышэйшай школы.

т. 4, с. 335

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)