ГЕРШО́ВІЧ Юрый Вульфавіч

(н. 10.1.1935, г. Харкаў, Украіна),

бел. скрыпач. Засл. арт. Беларусі (1980). Скончыў Харкаўскую кансерваторыю (1959). У 1959—95 саліст Дзярж. акад. сімф. аркестра Беларусі (з 1972 канцэртмайстар), адначасова ў 1965—72 выкладаў у Сярэдняй спец. муз. школе пры Бел. кансерваторыі. Выступаў з канцэртамі як саліст і ансамбліст (у 1965—90 першая скрыпка Квартэта Саюза кампазітараў БССР). З 1995 жыве ў Германіі.

І.І.Зубрыч.

т. 5, с. 203

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

Гершовіч І. М. 8/257

Беларуская Савецкая Энцыклапедыя (1969—76, паказальнікі; правапіс да 2008 г., часткова)

ГЕ́РШВІН (Gershwin) Джордж

(26.9.1899, Нью-Йорк — 11.7.1937),

амерыканскі кампазітар, піяніст. Паходзіў з сям’і (Гершовіч), якая эмігрыравала з Расіі. Сістэматычнай муз. адукацыі не атрымаў. Вучыўся ў Р.Гольдмарка (гармонія) і інш. Стварыў уласны муз. стыль, у якім арганічна спалучаюцца рысы імправізацыйнага джаза, элементы афра-амер. фальклору, амер. эстраднай і розных формаў еўрап. музыкі, у т. л. фп. стылю Ф.Ліста, М.Рахманінава («Рапсодыя ў блюзавых тонах», 1924), франц. імпрэсіянізму, верызму, баладнай оперы. Творчасць Гершвіна ахоплівае розныя муз. жанры. Яе вяршыня — папулярная ва ўсім свеце опера «Поргі і Бес» (1935), першая нац. опера, адзначаная глыбокім пранікненнем у негрыцянскі духоўны свет і муз. фальклор. Для яе характэрны шырокае выкарыстанне дыялогу, спалучэнне трагічнага і жанрава-камедыйнага пачатку. У мелодыцы оперы выяўляюцца ладава-гарманічныя і рытмічныя своеасаблівасці спірычуэлс, лірычных блюзаў, рэгтаймаў. Сярод інш. твораў: аперэты і мюзіклы «Ла, ла, Люсіль» (1919), «Лэдзі, будзьце добрыя» (1924), «О кей! » (1925), «Разалі» і «Смешны твар» (1927), «Хай грыміць аркестр» (1923), «Вар’ятка» (1930, паст. 1954), «Пра цябе я спяваю» (1932), «Хай яны ядуць кекс» (1933, усе паст. ў Нью-Йорку); для аркестра — сімф. сюіта «Амерыканец у Парыжы» (1928), «Кубінская уверцюра» (1932); для фп. з арк. — «2-я рапсодыя» (1931), канцэрт (1925); 3 прэлюдыі для фп. (1926), песні, музыка да кінафільмаў.

Літ.:

Волынский Э. Джордж Гершвин (1898—1937). 2 изд. Л., 1988;

Rushmore R. The life of G.Gershwin, man and legend. New York, 1966;

Schwartz C. Gershwin: his life and music. Indianapolis, 1973.

т. 5, с. 202

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)