ГЕ́РЦА ВІБРА́ТАР,

дыполь Герца, самая простая антэна; першая з вібратарных антэн (гл. Вібратар). Прапанаваны Г.Р.Герцам (1888) для эксперыментальных доказаў існавання эл.-магн. хваль. Герц выкарыстоўваў медныя стрыжні з шарыкамі або палоскамі на канцах і іскравым прамежкам пасярэдзіне. Найменшы з выкарыстаных вібратараў меў даўжыню 26 см, у ім узбуджаліся ваганні з частатой 500 МГц, што адпавядае даўжыні хвалі 60 см.

т. 5, с. 200

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

Франка-Герца дослед

т. 16, с. 454

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГЕРЦ,

адзінка частаты ў СІ. Пазначаецца Гц. 1 Гц — частата перыядычнага працэсу, пры якой за 1 с адбываецца адзін цыкл змены адпаведнай фіз. велічыні. Названа імем Г.Р.Герца. Выкарыстоўваюцца кратныя адзінкі ад герца — кілагерц (1 кГц=10​3 Гц) і мегагерц (1 МГц=10​6 Гц) і інш.

т. 5, с. 200

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГЕРЦ

(Hertz) Густаў Людвіг (22.7.1887, г. Гамбург, Германія — 30.10.1975),

нямецкі фізік. Чл. Германскай АН у Берліне (ГДР), замежны чл. АН СССР (з 1958). Пляменнік Г.Р.Герца. Вучыўся ў Мюнхенскім і Берлінскім ун-тах. У 1913—45 у НДІ і ун-тах Германіі і Фінляндыі. З 1945 працаваў у СССР, у 1954—62 дырэктар Фіз. ін-та ў г. Лейпцыг. Навук. працы па атамнай спектраскапіі і фізіцы плазмы. Сумесна з Дж.Франкам эксперыментальна даказаў існаванне ў атамах дыскрэтных узроўняў энергіі (дослед Франка і Герца), што пацвердзіла тэорыю Бора. Распрацаваў дыфузійны метад раздзялення ізатопаў. Нобелеўская прэмія 1925. Дзярж. прэмія СССР 1951.

т. 5, с. 200

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГЕРЦ

(Hertz) Фрыдрых Ота (26.3.1878—?),

аўстрыйскі сацыёлаг, гісторык, эканаміст. Скончыў Венскі ун-т. У 1920—30-я г. саветнік міністра пры Аўстрыйскай федэральнай канцылярыі, у 1930—33 праф. эканомікі і сацыялогіі ун-та ў г. Гале. У 1938 эмігрыраваў у Англію. Услед за Э.Давідам і Э.Бернштэйнам выступіў з рэвізіяй марксісцкага агр. вучэння; тэарэтычна абгрунтоўваў устойлівасць дробнай вытв-сці ў земляробстве, адстойваў «закон спаду ўрадлівасці глебы». Яго палажэнні выкарыстоўвалі рус. эканамісты С.М.Булгакаў, В.М.Чарноў і інш. ў палеміцы з марксістамі па пытаннях развіцця капіталізму ў сельскай гаспадарцы Расіі. Погляды Герца крытыкаваў У.І.Ленін у працы «Аграрнае пытанне і «крытыкі Маркса» (1901, 1907).

Тв.:

Рус. пер. — Аграрный вопрос. СПб., 1899;

Тое ж. М., 1900.

т. 5, с. 200

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГЕРЦ

(Hertz) Генрых Рудольф (22.2.1857, г. Гамбург, Германія — 1.1.1894),

нямецкі фізік, адзін з заснавальнікаў электрадынамікі. Скончыў Берлінскі ун-т (1880) і быў асістэнтам у Г.Гельмгольца. З 1885 праф. Вышэйшай тэхн. школы ў Карлсруэ, з 1889 Бонскага і Берлінскага ун-таў. Навук. працы па механіцы і электрадынаміцы. Прапанаваў поўную тэорыю ўдару пругкіх шароў (1882), даў строга навук. азначэнне паняцця цвёрдасці цел. Сканструяваў эл.-магн. генератар (вібратар Герца) і рэзанатар, з дапамогай якіх эксперыментальна даказаў існаванне эл.-магн. хваль (1886—89). Эксперыментальна пацвердзіў тоеснасць уласцівасцей эл.-магн. і светлавых хваль, адкрыў знешні фотаэфект (1887). Яго імем названа адзінка частаты — герц.

Літ.:

Григорьян А.Т., Вяльцев А.Н. Генрих Герц. М., 1968;

Голин Г.М., Филонович С.Р. Классики физической науки (с древнейших времен до начала XX в.). М., 1989. С. 524—537.

т. 5, с. 200

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВЫПРАМЯНЕ́ННЕ І ПРЫЁМ РАДЫЁХВА́ЛЬ,

працэс пераўтварэння энергіі крыніцы ваганняў электрычнага току (або зараду) у энергію бягучых электрамагнітных хваль і далейшага пераўтварэння энергіі гэтых хваль у энергію пераменнага электрычнага току. Ажыццяўляецца з дапамогай перадавальных і прыёмных антэн.

Для эфектыўнага выпрамянення (або прыёму) радыёхваль неабходны незамкнуты (адкрыты) эл. ланцуг, у якога адлегласць паміж участкамі з проціфазнымі ваганнямі току (зараду) параўнальная з палавінай даўжыні эл.-магн. хвалі (для патрэб тэле- і радыёвяшчання выкарыстоўваюцца эл.-магн. хвалі з даўжынёй да 2 км і частатой больш за 150 кГц) або такіх участкаў няма. У самым простым выпадку ланцуг складаецца з 2 аднолькавых адрэзкаў прамалінейнага проваду (сіметрычны вібратар; гл. таксама Герца вібратар), злучаных двухправоднай лініяй сувязі з крыніцай ваганняў. У кожны момант часу зарады адрэзкаў роўныя па модулі і процілеглыя па знаку (эл. дыполь), што вызначае канфігурацыю створанага эл. поля. Токі ў адрэзках супадаюць па напрамку, і таму сілавыя лініі створанага магн. поля — акружнасці. Прыём радыёхваль — працэс, адваротны працэсу выпрамянення. Гл. таксама Дыпольнае выпрамяненне.

А. П.Ткачэнка.

т. 4, с. 319

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)