ГЕРМСІ́Р,

Дэштэстан, паласа прыбярэжных пустынных раўнін уздоўж берагоў Аманскага заліва і Армузскага праліва, у Іране і Пакістане. Агульная даўж. больш за 1000 км, шыр. да 80 км. У рэльефе — нахіленая раўніна з пясчанымі ўзвышшамі, якая пераходзіць у прыморскую нізіну, месцамі забалочаную. Клімат трапічны. Сярэдняя т-ра студз. (г. Джаск) 19,4 °C, ліп. 32,5 °C, ападкаў каля 120 мм за год. Пераважаюць глебы пустынь, месцамі — саланчакі. Пустынная хмызнякова-эфемерная расліннасць, месцамі каля берагоў — мангравыя зараснікі. Пашавая жывёлагадоўля.

т. 5, с. 193

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БАХУКЕЛА́Т,

заказнік на ПдУ Ірана, каля граніцы з Пакістанам, на прыбярэжнай раўніне Гермсір. Засн. Ў 1971. Пл. 395 тыс. га. Месцы росту веернай і фінікавай пальмаў, зараснікі тамарыску, акацый, мангравая і галафітная расліннасць. Ахова балотнага кракадзіла, шэрага варана, зялёнай марской чарапахі; трапляюцца джэйран, мангуст. Месца жыхарства і гнездавання шматлікіх (каля 200) відаў птушак.

т. 2, с. 359

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)