А́МПУЛА (лац. ampulla),

1) герметычна запаяная шкляная пасудзіна невял. памераў, у якой захоўваецца ў стэрыльным выглядзе пэўная доза лякарстваў, крыві, хім. рэчыва і інш. 2) У анатоміі — пухірападобнае расшырэнне розных органаў, якія маюць форму трубкі, напр. слёзнага канала, прамой кішкі і інш.

т. 1, с. 323

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДЫФУЗІ́ЙНЫ АПАРА́Т, дыфузар, экстрактар,

апарат для здабывання растваральных рэчываў з цвёрдай здробненай сыравіны метадам дыфузіі. Бываюць бесперапыннага (вертыкальныя, нахіленыя і гарызантальныя; ратацыйныя, стужачныя і шнэкавыя) і перыядычнага (складаюцца з герметычна закрытых пасудзін) дзеяння. У больш дасканалых Д.а. бесперапыннага дзеяння растваральнік (вада) абагачаецца карыснымі рэчывамі, якія вылучаюцца пры сустрэчным руху (супрацьцёку) растваральніку і здробненай сыравіны. Пашыраны пераважна ў цукр. вытв-сці, дзе выкарыстоўваюцца для атрымання цукр. соку з бурачнай стружкі, а таксама ў кансервавай, вітаміннай і інш. вытв-сцях.

т. 6, с. 303

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВА́КУУМ-ФАРМАВА́ННЕ,

спосаб атрымання вырабаў з ліставых тэрмапластаў з дапамогай вакууму. Ліст герметычна замацоўваюць па контуры формы, награюць да т-ры размякчэння і ствараюць вакуумнай помпай разрэджванне (50—85 кПа) паміж лістом і паверхняй формы. Выраб афармляецца ў выніку выцяжкі ліста і фіксуецца пры ахаладжэнні ў форме. Вакуум-фармаваннем вырабляюць дэталі аўтамабіляў, халадзільнікаў, карпусы прылад, сан.-тэхн. арматуру, дэкар. панэлі, шкло для гадзіннікаў, тару, шкляць самалёты. Свабодным (без формы) Вакуум-фармаваннем атрымліваюць аптычна празрыстыя вырабы (каўпакі самалётных кабін і інш.).

т. 3, с. 466

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЗАМАРО́ЖВАННЕ ГРУНТО́Ў,

штучнае ахаладжэнне слабых і воданасычаных грунтоў да адмоўных т-р з мэтай іх умацавання і дасягнення воданепранікальнасці; адзін з відаў замацавання грунтоў. Выкарыстоўваецца пры буд-ве шахтаў, тунэляў, станцый метрапалітэна, падземных сховішчаў, фундаментаў, мастоў, перамычак і інш.

Для З.г. па перыметры аб’екта (напр., выемкі) прабіваюць свідравіны на адлегласці 1—3 м адна ад адной, апускаюць у іх замарожвальныя трубы (калонкі) з герметычна завараным ніжнім канцом. Унутр калонкі па трубе падаюць ахалоджаны да -20 °C і ніжэй у халадзільных машынах (устаноўках, на станцыях) раствор солей, або расол (звычайна хлорыстага кальцыю), па другой трубе адводзяць яго з мэтай цыркуляцыі. У выніку ахаладжэння вакол калонак утвараюцца слупы мёрзлага грунту, якія злучаюцца ў суцэльную сцяну.

М.​М.​Кунцэвіч.

т. 6, с. 520

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАНСЕ́РВЫ (франц. conserves ад лац. conservo захоўваю),

харчовыя прадукты расліннага або жывёльнага паходжання, якія прайшлі адпаведную апрацоўку і змешчаны ў герметычную тару для працяглага захоўвання.

Бываюць мясныя (натуральныя, кулінарна апрацаваныя, у выглядзе паштэтаў, фаршаў, каўбас, субпрадуктаў), мяса-раслінныя (мяса з гарохам, фасоляй і інш.), рыбныя (у т. л. прэсервы), малочныя, агароднінныя (закусачныя, для першых і другіх страў і інш.) і фруктовыя; агульнага прызначэння, спецыяльныя, для дзіцячага і дыетычнага харчавання. У працэсе вырабу К. з прадуктаў выдаляюць неядомыя часткі, дадаюць тлушч, цукар, прыправы, вітаміны, апрацоўваюць цяплом або хім. рэчывамі (гл. Кансерваванне). К. расфасоўваюць і герметычна закрываюць (закрутачнай машынай) у бляшаную, алюмініевую, шкляную або палімерную тару. Захоўваюць у сухім месцы пры т-ры 0—20 °C. Шмат відаў К. вырабляюць прадпрыемствы Беларусі (гл. Кансервавая прамысловасць).

т. 7, с. 591

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛЮМІНЕСЦЭ́НТНАЯ ЛЯ́МПА.

газаразрадная крыніца святла нізкага ціску, светлавы паток якой выклікаецца свячэннем люмінафораў пад уздзеяннем ультрафіялетавага выпрамянення эл. разраду.

Найб. пашыраны ртутныя Л.л., якія маюць дазіраваныя колькасці ртуці (выпараецца пры запальванні разраду) і інертнага газу (напр., аргону; спрыяе ўзбуджэнню атамаў ртуці). Робяцца ў выглядзе шкляной колбы, у тарцах якой герметычна ўманціраваны электроды. Пры падключэнні пераменнага току паміж электродамі ўзнікае эл. разрад, які ўзбуджае свячэнне атамаў ртуці. Л.л. адрозніваюцца высокай светлавой аддачай (да 85 мл/Вт), вял. тэрмінам службы (да 10​4 гадз). Магутнасць 4—200 Вт. Выкарыстоўваюцца для асвятлення грамадскіх і жылых памяшканняў, прамысл. прадпрыемстваў і інш. Разнавіднасць Л.л. — лямпа дзённага святла.

Схема і прынцып дзеяння люмінесцэнтнай лямпы: 1 — ультрафіялетавае выпрамяненне; 2 — атамы ртуці; 3 — электроны электрычнага разраду; 4 — электрод; 5 — слой люмінафора на паверхні колбы.

т. 9, с. 407

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГАЗАРАЗРА́ДНЫЯ КРЫНІ́ЦЫ СВЯТЛА́,

газаразрадныя прылады, у якіх электрычная энергія пераўтвараецца ў аптычнае выпрамяненне пры праходжанні току праз рэчыва ў газападобным стане. Маюць шкляную, кварцавую або метал. (з празрыстым акном) абалонку з герметычна ўпаянымі электродамі, запоўненую газам (звычайна інертным) або парай металаў (напр., ртуці) пад ціскам. Бываюць газаразрадныя крыніцы святла з адкрытымі электродамі, якія працуюць у паветры або струмені газу (напр., вугальная дуга).

У газаразрадных крыніцах святла адбываецца тлеючы або дугавы разрад (гл. Электрычныя разрады ў газах, Іанізацыя). Імпульсныя лямпы з ксенонавым запаўненнем (трубчастыя, прамыя, спіральныя і U-падобныя) выкарыстоўваюцца для напампоўкі лазераў, імпульснага асвятлення пры фатаграфаванні, у страбаскапіі, аптычнай лакацыі і інш. Дугавыя ксенонавыя лямпы трубчастай або сферычнай формы маюць высокую светлавую аддачу і спектр выпрамянення, блізкі да спектра сонечнага святла ў бачнай вобласці. Выкарыстоўваюцца для асвятлення вял. плошчаў, стадыёнаў і інш., а таксама ў святлокапіравальных і фоталітаграфічных апаратах, праекцыйнай апаратуры. Дугавыя натрыевыя лямпы ў спалучэнні з ртутнымі выкарыстоўваюцца для асвятлення дарог, тунэляў, аэрадромаў і інш. У якасці эталонных крыніц святла ў атамна-абсарбцыйных і атамна-флюарэсцэнтных спектрафатометрах, інтэрферометрах, рэфрактометрах і інш. прыладах выкарыстоўваюць спектральныя лямпы.

Ф.​А.​Ткачэнка.

Газаразрадныя крыніцы святла: а — імпульсная ксенонавая лямпа ІНП 13/250; б — дугавая ртутная лямпа ДРШ 500 (1 — электроды, 2 — абалонка, 3 — токападводы, 4 — дапаможны электрод); в — дэйтэрыевая спектральная лямпа ДДС-30 (1 — шкляны балон, 2 — кварцавае акенца); г — натрыевая лямпа высокага ціску (1 — разрадная трубка, 2 — барыевы газапаглынальнік); д — лінейная лямпа імгненнага перазапальвання для каляровага тэлебачання (1 — разрадная трубка, 2 — траверсы, 3 — электроды).

т. 4, с. 429

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)