Гервяты (в.) 1/533 (к.), 534; 3/437; 9/608 (к.)

Беларуская Савецкая Энцыклапедыя (1969—76, паказальнікі; правапіс да 2008 г., часткова)

ГЕРВЯ́ТЫ,

вёска ў Астравецкім р-не Гродзенскай вобл., на р. Лоша, на аўтадарозе Варняны—Жодзішкі. Цэнтр сельсавета і калгаса. За 24 км на ПнУ ад г.п. Астравец, 226 км ад Гродна, 20 км ад чыг. ст. Солы. 586 ж., 201 двор (1996).

Вядомы з 1-й пал. 16 ст. З 1563 мястэчка Віленскага пав. ВКЛ. З 1795 у Рас. імперыі, у Варнянскай вол. Віленскага пав. У 19 — пач. 20 ст. ўласнасць Дамейкаў. У 1880-я г. 147 ж., 21 двор, касцёл. З 1922 у Польшчы, у Віленскім пав. З 1939 у БССР, з 1940 цэнтр сельсавета Астравецкага р-на. У 1962—65 у Смаргонскім р-не. У 1970 — 377 жыхароў.

2 сярэднія школы (бел. і літоўская). Культурна-асв. цэнтр, Дом культуры, б-ка, бальніца, аптэка, камбінат быт. абслугоўвання, аддз. сувязі. Помнік архітэктуры — Троіцкі касцёл.

т. 5, с. 173

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДЗУ́КІ,

этнаграфічная група літоўцаў. Жывуць на ПдУ Літвы (у раёне г. Друскінінкай, Ігналіна, Тракай, Шальчынінкай, Швянчоніс і інш.), на ПнУ Польшчы і ў Зах. Беларусі (Воранава, Гервяты, Радунь). Займаюцца земляробствам, жывёлагадоўляй, пчалярствам. Традыцыйная вопратка — спадніцы ў клетку, тканыя паясы. Посцілкі і ручнікі побач з геам. арнаментам упрыгожваліся і раслінным узорам. Пашыраныя стравы: халодны боршч, аладкі з цёртай бульбы. Да сярэдзіны 20 ст. зберагалі самабытнасць вопраткі, харчавання, грамадскага жыцця. У 2-й пал. 19—1-й пал. 20 ст. частка Дз. асімілявана беларусамі і палякамі.

т. 6, с. 125

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БЛЕ́НДА (ням. Blende) у архітэктуры, ніша ў сцяне, якая імітуе аконны праём. Часам мае абрамленне ў выглядзе ліштваў, архівольтаў, завяршаецца франтонамі, сандрыкамі і інш. элементамі аздобы. Выкарыстоўваецца для стварэння рытмічнасці фасада будынка з рэгулярнай сеткай аконных праёмаў; у месцах, дзе вокны неабавязковыя, яны замяняліся блендамі. На Беларусі вядомыя ў архітэктуры готыкі і рэнесансу (касцёл у в. Гнезна Ваўкавыскага р-на), барока і класіцызму (палац у Нясвіжы, Мікалаеўская царква ў Магілёве і інш.), несапраўднай готыкі (касцёл у в. Гервяты Астравецкага р-на), у жылой забудове 19 — пач. 20 ст. (дом па вул. Старавіленскай і Траецкім прадмесці ў Мінску).

т. 3, с. 190

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГЕРВЯ́ЦКІ ТРО́ІЦКІ КАСЦЁЛ,

помнік архітэктуры неаготыкі. Пабудаваны ў 1903 у в. Гервяты (Астравецкі р-н Гродзенскай вобл.) з чырвонай цэглы (арх. А.Альшалоўскі). 3-нефавая 1-вежавая базіліка з трансептам у зах. ч., накрыта 2-схільным крыжовым дахам. З У да гал. нефа прыбудавана высокая 2-ярусная вежа-званіца, завершаная шпілем. Сярэдні павышаны неф з нізкімі стральчатымі вокнамі ўмацаваны контрфорсамі, паміж кожнай парай якіх размешчаны высокія спараныя стральчатыя вокны з дэкар. ружамі ў завяршэнні. Бакавыя фасады ўпрыгожаны аркатурна-зубчастым поясам, антаблемент мае фрыз са стылізаваным арнаментам у выглядзе 3-ступеньчатых зубцоў і карніз. Ідэнтычна вырашаныя алтарны фасад і тарцы трансепта маюць ярусную кампазіцыю. Гал. ўваход аформлены перспектыўным парталам, які завершаны вімпергам і ружай.

т. 5, с. 173

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)