Геракл 1/373, 569; 3/431; 4/563; 5/549; 7/266; 8/547; 11/153

Беларуская Савецкая Энцыклапедыя (1969—76, паказальнікі; правапіс да 2008 г., часткова)

ГЕРА́КЛ,

у старажытнагрэчаскай міфалогіі адзін з найвыдатнейшых герояў, сын Зеўса і Алкмены, жонкі фіванскага цара. Меў незвычайную сілу. Сярод шматлікіх міфаў пра Геракла найб. вядомы цыкл паданняў пра 12 подзвігаў Геракла: забіў немейскага льва, шматгаловую лернейскую гідру, утаймаваў пачварную керынейскую лань, знішчыў сцімфалійскіх птушак, перамог эрыманфскага вепрука, вычысціў аўгіевы стайні, адолеў крыцкага быка, перамог цара Дыямеда, які кідаў іншаземцаў на з’ядзенне сваім коням, перамог амазонак і здабыў пояс іх царыцы Іпаліты, выкраў кароў трохгаловага велікана Герыёна, здабыў залатыя яблыкі з саду Гесперыд, утаймаваў і прывёў да мікенскага цара Эўрысфея вартавога Аіда — Цэрбера. Паводле інш. міфаў, вызваліў таксама прыкаванага да скалы Праметэя, перамог у адзінаборстве Антэя, абапал Гібралтарскага праліва паставіў 2 скалы, т.зв. Геркулесавы слупы і інш. Быў атручаны, пасля смерці Зеўс зрабіў яго бессмяротным і забраў на Алімп. Міфы пра Геракла шырока адлюстраваны ў выяўл. мастацтве (размалёўкі храмаў у Алімпіі, Афінах, Дэльфах, Фівах, творы А.Дзюрэра, Я.Тынтарэта, П.П.Рубенса, Дж.Цьепала), л-ры (Сафокл, Эўрыпід), музыцы (І.С.Бах, Г.Ф.Гендэль). У рым. міфалогіі Гераклу адпавядае Геркулес.

Л.М.Драбовіч.

т. 5, с. 166

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

Геркулес, гл. Геракл

Беларуская Савецкая Энцыклапедыя (1969—76, паказальнікі; правапіс да 2008 г., часткова)

ГЕРКУЛЕ́С,

гл. Геракл.

т. 5, с. 174

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПАЛАЁЛА (Pollaiolo, Pollaiuolo; сапр. Бенчы; Benci) Антоніо дэль (17.1.1433, г. Фларэнцыя, Італія — 4.2.1498), італьянскі жывапісец, скульптар, ювелір і гравёр. Прадстаўнік фларэнтыйскай школы Ранняга Адраджэння. Зазнаў уплывы Данатэла і Андрэа дэль Кастаньё. Творчасць вызначалася спалучэннем экспрэсіўнай манеры з рацыяналістычным пафасам пазнання заканамернасцей рэальнага свету, глыбокім веданнем анатоміі, механікі рухаў чалавека, перспектывы, цікавасцю да выяўлення пейзажу, вытанчанасцю лініі і яснай пластычнасцю формы. Аўтар карцін «Успенне Марыі Егіпецкай», «Анёл і Товій», «Давід», «Апалон і Дафна», «Геракл і гідра», «Геракл і Антэй» (абедзве каля 1465), профільных партрэтаў жанчын (1460-я г.); пано «Пакутніцтва св. Себасцьяна» (1475); фрэскі «Танец аголеных» на Віле дэла Галіна ў Арчэры (Таскана, каля 1466—71), алтара з 3 святымі і фрэскі з 2 анёламі над ім (1466—67) у капэле кардынала Партугальскага ў царкве Сан-Міньята аль Монтэ ў Фларэнцыі; скульптур «Бюст воіна», «Геракл і Антэй» (каля 1475—80); надмагілляў папы Сікста IV (1484—92) у Гротах Ватыкана, папы Інакенція VIII (1498) у саборы св. Пятра ў Рыме; медзярыта «Бітва аголеных» (1470); рэлікварыяў, залатых крыжоў і пераплётаў кніг, сярэбранага алтара Фларэнцыі (1477) і інш. Часта супрацоўнічаў з братам — П’ера дэль П. (1443—96).

А.Палаёла. Геракл і гідра. Каля 1465.

т. 11, с. 535

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЗЕ́ЎКСІС (Zeuxis),

старажытнагрэчаскі жывапісец канца 5 — пач. 4 ст. да н.э. Імкнучыся да ілюзорнасці выяўлення, адным з першых выкарыстаў у карцінах (вядомы па ант. літ. крыніцах і рым. копіях) святлаценявую мадэліроўку («Алена», «Немаўля Геракл душыць змей», «Сям’я кентаўраў»).

т. 7, с. 63

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛІСІ́П (Lysippos),

старажытнагрэчаскі скульптар 4 ст. да н.э.; буйнейшы прадстаўнік позняй класікі. Нарадзіўся ў Сікіёне. Быў прыдворным мастаком Аляксандра Македонскага. Працаваў пераважна ў бронзе. У сваёй творчасці, што папярэднічала эліністычнаму мастацтву, адышоў ад ідэальных канонаў Паліклета, імкнуўся да большай жыццёвай непасрэднасці выявы, перадачы драм. складанасці і зменлівасці з’яў, шматпланавых рухаў. Сярод твораў: «Апаксіямен», «Гермес адпачывае», статуі Зеўса ў Тарэнце, Геліяса на калясніцы на в. Родас, шматлікія выявы Геракла і яго подзвігаў («Геракл Фарнезскі», «Геракл са львом» і інш.), манум. скульптурныя групы (конныя дружыннікі Аляксандра Македонскага, якія паляглі ў бітве пры р. Гранік, і інш.). Адзін з пер шых у ант. мастацтве звярнуўся да партрэтнага жанру (партрэт Аляксандра Македонскага).

Лісіп. Апаксіямен. 4 ст. да н.э.

т. 9, с. 282

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

А́ЎГІЕВЫ СТА́ЙНІ,

у старажытнагрэчаскай міфалогіі вялікія і вельмі забруджаныя стайні цара Эліды Аўгія. Геракл ачысціў Аўгіевы стайні за адзін дзень, пусціўшы ў іх ваду рэк Алфея і Пенея, і гэтым здзейсніў адзін з 12 сваіх подзвігаў. У пераносным сэнсе Аўгіевы стайні — вельмі бруднае месца ці запушчаная работа.

т. 2, с. 82

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГЕСПЕРЫ́ДЫ,

у стараж.-грэчаскай міфалогіі 4 дачкі німфы Гесперы і Атланта, надзеленыя звонкімі галасамі. Жылі ўздоўж ракі Акіян, разам з драконам Ладонам ахоўвалі ў садзе багоў залатыя яблыкі, якія Гея падарыла Геры на яе вяселле з Зеўсам. Геракл забіў дракона і выкраў яблыкі (11-ы подзвіг). На гэты сюжэт карціны Рафаэля, Г. фон Марэ і інш.

т. 5, с. 206

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛАПІ́ФЫ,

у старажытнагрэчаскай міфалогіі дзікае, ваяўнічае, роднаснае кентаўрам племя нашчадкаў Лапіфа — сына Апалона, што жыло ў гарах Фесаліі. Л. перамаглі кентаўраў, удзельнічалі ў многіх інш. міфалагічных падзеях, у т.л. ў паходзе арганаўтаў; іх цар Пірыфой быў назаўжды прыкаваны да скалы ў Аідзе за спробу (разам з Тэсеем) выкрасці адтуль багіню Персефону, былі пераможаны Эгіміем — сынам Дора (міфічнага родапачынальніка дарыйцаў), якому дапамог Геракл.

т. 9, с. 133

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)