ГЕО́РГЕ ((George) Стэфан) (12.7.1868, г. Бюдэсгайм, Германія — 4.12.1933),

нямецкі паэт. Адзін з вядучых прадстаўнікоў ням. сімвалізму. У 1892—1919 выдаваў заснаваны ім элітарны час. «Blátter für die Kunst» («Лісткі мастацтва»), вакол якога гуртаваліся паэты і вучоныя (т.зв. george-Kreis). Аўтар зб-каў вершаў «Гімны» (1890), «Паломніцтвы» (1891), «Кнігі пастухоўскіх і хвалебных вершаў, паданняў і песень» (1895), «Дыван жыцця і песні пра сон і смерць з пралогам» (1905), «Сёмае кола» (1907), «Зорка саюзу» (1914), «Вайна» (1917), «Тры напевы» (1921) і інш. У сваёй творчасці арыентаваўся на самапаглыбленасць мастака і самадастатковасць мастацтва, незалежнага ад рэчаіснасці. Некаторыя матывы ў позняй творчасці Георге (зб. «Новае царства», 1928) былі выкарыстаны ням. нацысцкімі ідэолагамі. Але паэт, адмаўляючы фашызм, эмігрыраваў і памёр у выгнанні.

Тв.:

Рус. пер. — [Стихотворения] // Западноевропейская поэзия XX в. М., 1977.

Г.​В.​Сініла.

т. 5, с. 163

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

Георге С. 3/442; 9/517

Беларуская Савецкая Энцыклапедыя (1969—76, паказальнікі; правапіс да 2008 г., часткова)

ГЕАРГІ́Ў-ДЭЖ ((Gheorghiu-Dej) Георге) (8.11.1901, г. Бырлад, Румынія — 19.3.1965),

палітычны і дзярж. дзеяч Румыніі. З 1930 чл. Камуніст. партыі Румыніі (КПР). Як адзін з арганізатараў забастоўкі чыгуначнікаў і нафтавікоў (1933) у г. Грывіца (цяпер у складзе Бухарэста) асуджаны на 12 гадоў катаргі. У ліст. 1944 уцёк з канцлагера і стаў адным з арганізатараў і кіраўнікоў узбр. паўстання (23.8.1944) супраць ваен. дыктатуры І.​Антанеску. З кастр. 1945 ген. сакратар ЦК КПР. У 1944—48 узначальваў шэраг міністэрстваў. Пасля аб’яднання КПР і С.-д. партыі ў адзіную Рум. рабочую партыю (РРП) ген. сакратар яе ЦК (1948—54, у 1955—65 1-ы сакратар ЦК РРП). З 1948 1-ы нам. старшыні, у 1952—55 старшыня СМ Рум. Нар. Рэспублікі (РНР). З 1961 адначасова старшыня Дзярж. савета РНР. Двойчы Герой Сац. Працы РНР (1951, 1961).

Тв.:

Рус. пер. — Статьи и речи. Т. 1—2. М., 1956.

Г.Геаргіў-Дэж.

т. 5, с. 122

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДЭКАДЭ́НЦТВА, дэкаданс (франц. décadence ад позналац. decadentia заняпад),

агульная назва нерэалістычных кірункаў у мастацтве і літаратуры 2-й пал. 19 ст.пач. 20 ст. (імпрэсіянізму, сімвалізму, эстэтызму і інш). Склалася пад уплывам адчування крызісу рэчаіснасці і свядомасці, няздольнасці чалавечага розуму асэнсаваць супярэчлівую рэальнасць, што прывяло да татальнага крызісу рацыяналізму і ўзмацнення ірацыянальных, містычных, інтуітывісцкіх элементаў у адлюстраванні свету і чалавека. Для яго характэрны настрой песімізму, адчуванне душэўнай і інтэлектуальнай стомленасці, заняпад духу, непрыняцце жыцця і адначасова абвостраная прага да жыццёвых радасцей — геданізм. Найб. моцна на фарміраванне Д. паўплывала метафізічная філасофія А.Шапенгаўэра і «філасофія жыцця» Ф.Ніцшэ. Прадстаўнікі Д. культывавалі падыход да мастацтва як да адзінага спосабу пазнання ісціны, пранікнення ў трансцэндэнтнае, адстойвалі самадастатковасць мастацтва, яго незалежнасць ад жыцця, культ генія і прыгажосці, непадуладных законам «цвярозага розуму» і абывацельскай маралі. Упершыню матывы Д. выявіліся ў творчасці франц. паэтаў Ш.​Бадлера, Т.​Гацье і інш., паэтаў парнаскай школы. Д. адлюстравала крызіс еўрап. грамадства, але яго нельга вызначыць як «заняпад мастацтва». Імкнучыся пераадолець духоўны крызіс, знайсці выйсце з лабірынта лёсу, абараніць чалавечае ў чалавеку, Д. выклікала да жыцця жывапіс франц. імпрэсіяністаў і англ. прэрафаэлітаў, паэзію П.​Верлена, А.​Рэмбо, С.​Малармэ, С.​Георге, Г. фон Гофмансталя, маладога Р.​М.​Рыльке, «тэатр маўчання» М.​Метэрлінка, прозу О.​Уайльда і інш. У Расіі Д. знайшло адлюстраванне ў творчасці сімвалістаў М.​Мінскага, Д.​Меражкоўскага, З.​Гіпіус, К.​Бальмонта, Ф.​Салагуба і інш. сімвалістаў. Д. зрабіла істотны ўплыў на многіх майстроў рэалізму (А.​Франс, Т.​Ман, Л.​Андрэеў), узбагаціла сродкі маст. выразнасці, многія з якіх сталі набыткам мадэрнісцкіх кірункаў у мастацтве (гл. Мадэрнізм).

Праблема Д. актыўна абмяркоўвалася ў бел. прэсе ў канцы 19 — пач. 20 ст. (газ. «Минский листок», «Северо-Западный край», «Наша ніва»), Дыскусіі адбываліся на фоне росту папулярнасці выяўленчых, тэатральных, літаратурных твораў майстроў зах.-еўрап. і рус. Д., якія ўваходзілі ў кантэкст культ. жыцця Беларусі таго часу. Эстэтыка Д., у т. л. сімвалізму і імпрэсіянізму, паўплывала на творчасць мастакоў Віцебскай школы (К.​Малевіч, М.​Шагал, Л.​Лісіцкі, Р.​Фальк, В.​Ермалаева і інш.). Элементы сімвалізму ёсць у шэрагу прац мастака Я.​Драздовіча (напр., карціны «Трызна мінуўшчыны», «Дух зямлі», «Брама будучыні», «Пагоня Ярылы»), Прыкметы Д. ў бел. л-ры парадаксальным чынам суадносяцца з адраджэнцкай тэматыкай твораў пісьменнікаў, што групаваліся вакол газеты «Наша ніва». У шэрагу твораў М.​Багдановіча гучыць характэрны для Д. матыў трагічнай наканаванасці чалавечага існавання, збліжаюцца моманты нараджэння і смерці чалавека (цыкл вершаў «Каханне і смерць»). Багдановіч стаў першым перакладчыкам паэзіі Верлена на бел. мову (пераклаў 22 вершы). На творчасць Я.​Купалы істотны ўплыў зрабілі дэкадэнты — Л.​Андрэеў, А.​Белы, Ф.​Салагуб, С.​Пшыбышэўскі, С Выспянскі і інш. Драматычная паэма Я.​Купалы «Адвечная песня» мае відавочныя рэмінісцэнцыі з п’есай Андрэева «Жыццё чалавека». Суб’ектывізм, паэтычны «шыфр», цьмяная сімволіка назіраюцца ў драм. паэме «Сон на кургане» і некаторых лір. вершах Я.​Купалы. Містычны, ірацыянальны пачатак пры трактоўцы універсальных праблем жыцця, уласцівы эстэтыцы Д., можна назіраць у празаічных творах М.​Гарэцкага («Патаёмнае», «Што яно?», «Страхаццё»), «імпрэсіях» З.​Бядулі, алегарычных апавяданнях Ядвігіна Ш., у філас. лірыцы А.​Гаруна. Разам з тым Д. ў бел. л-ры пач. 20 ст. выступае не як адасобленая з’ява, а ў цесным узаемадзеянні з праявамі новага рамантызму, рэалізму.

П.​В.​Васючэнка (Д. на Беларусі), Г.​В.​Сініла.

т. 6, с. 330

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)